АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Зміцер Дашкевіч пра беларускую мову: Усе ўсё разумеюць! І падтрымліваюць

Зміцер Дашкевіч пра беларускую мову: Усе ўсё разумеюць! І падтрымліваюць
14.04.2018
Піша Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку.

— Добрай раніцы! — павіталася са мной супрацоўніца суседняе фірмы, ідучы да свайго кабінета.

— Добрай раніцы! — адказваю я ўсім праз адчыненыя дзьверы нашага офіса.

— О, якія харошыя, на роднай гамоняць, — зьдзівілася прыбіральшчыца, заўжды ветлівая кабета год шасьцідзесяці, — а тое кажуць, ня ведае мовы ніхто!

— Ведаюць, але лянуюцца… ці саромеюцца. Як вы лічыце?

— Дзяржава ва ўсім вінаватая! — безапеляцыйна заявіла яна, здымаючы анучу са швабры. І я пэўны, каб у гэтую хвілю падымаўся па лесьвіцы які чыноўнік — ляснула б яна яму гэтай анучуй за родную мову, такім сур’ёзным зрабілася раптам у яе аблічча.

— А што мяркуеце, загаманілі б беларусы па-беларуску, каб дзяржава загадала?

— Канешне! А як жа мы ў школу хадзілі — ўсё было па-беларуску, і ўсе вучыліся і ўсе ўсё разумелі! А руская мова была, як цяпер ангельская.

— Да вы што! — ажно кінуў я ўсю працу ды выйшаў з кабінета.

— Так, усе ўсё разумелі!

І вось што ня першы год заўважаю я, змагары, — ўсе ўсё разумеюць і пры магчымасьці падтрымліваць! Якая б не была зрусіфікаваная рэчаіснасьць вакол нас, як бы ў садках, школах і ўніверах беларуская дзяржава не дабівала беларускую ж мову, калі ты насупор усяму гамоніш на роднай — Беларусь вакол цябе становіцца Беларусьсю. «Добрай раніцы!» — вітаецца з табой супрацоўнік суседняй фірмы, «Дзякуй за мову!» — усьміхаецца табе ахоўнік метрапалітэна, «Калі ласка!» — прыносіць табе афіцыянтка комплексны абед.

Рускамоўны патрыёт Беларусі і роднай мовы, нават замяніўшы ўсяго тры словы ў сваім маўленьні ты пераменіш рэальнасьць вакол сябе! 100% пасьля твайго «Добрай раніцы!» зашыфраваны патрыёт расправіць плечы і адкажа табе «Прывітаньне!», непазьбежна афіцыянтка на тваё «Калі ласка!» усьміхнецца і папросіць повара падкласьці табе ў суп мяса, абавязкова нехта побач скажа: «О, якія вы харошыя!»
Братцы харошыя, дзеці Зямлі-маткі маёй, тры словы вазьміце на ўзбраеньне сабе, на абарону Беларусі, каб ні чужая, ні нават «нашая» дзяржава не запанавала над намі. Тры словы — і ты адчуеш гэтую неверагодную духовую моц, якая мяняе цябе і рэальнасьць навокал.



Дата стварэння навіны 14.04.2018

Возврат к списку