АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Хто з апазыцыянераў кіруе партыямі найдаўжэй

Хто з апазыцыянераў кіруе партыямі найдаўжэй
13.04.2018
Цяперашні кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька пераабіраўся на гэтую пасаду 9 разоў — цягам 18 гадоў.

Моладзевая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» прапанавала ўнесьці ў партыйны статут абмежаваньне, паводле якога «адна і тая ж асоба мае права займаць пасаду старшыні ня болей за тры прадугледжаныя гэтым статутам тэрміны», паведамляе радыё Свабода. 

Выбары ў АГП адбываюцца кожныя два гады. Гэта значыць, што паводле новай прапановы старшыня партыі ня можа кіраваць болей за шэсьць гадоў. 
Сваю ініцыятыву маладыя сябры АГП матывуюць тым, што «ва ўмовах нязьменнага праўленьня Лукашэнкі» дэмакратычныя партыі «павінны дэманстраваць на сваім прыкладзе дэмакратычны досьвед, транспарэнтнае кіраваньне і зьмяняльнасьць улады». Мэтай абмежаваньня колькасьці тэрмінаў называецца «недапушчэньне застойных зьяў».

Партыйная моладзь прызнае «бясспрэчныя заслугі дзейнага старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які знаходзіцца на сваёй пасадзе ўжо дзявяты тэрмін», і рэкамэндуе яго кандыдатуру на пасаду ганаровага старшыні партыі.

Лябедзька: «Сёньня ня маю намеру вылучацца на старшыню партыі, але...»
Анатоль Лябедзька ў размове са Свабодай адзначыў, што не разглядае гэтую заяву як забарону на нешта.

«Гэта дыскусія пра тое, што лепей, што больш карысна. Скажам, Мэркель абраная ўжо чацьвёрты раз і будзе кіраваць гадоў 16. Як, дарэчы, і Коль, і Тэтчар. Галоўнае, каб былі дэмакратычныя працэдуры, празрыстасьць, канкурэнтнасьць, улічваліся інтарэсы і большасьці, і меншасьці», — сказаў Лябедзька.

Цяперашні лідэр АГП адзначае, што нават калі зьезд падтрымае ініцыятыву моладзевага крыла і зьменіць статут партыі, у яго застаецца права балятавацца яшчэ тры разы.

«Але такіх доўгатэрміновых плянаў я ня маю. Сёньня ў мяне плянаў балятавацца наагул няма. Адначасова я не выключаю, што нешта можа зьмяніцца. Мы ж жывём у таталітарнай краіне», — сказаў палітык.

Ён таксама заявіў Свабодзе, што супраць яго «разгарнулі вялікую маштабную спэцапэрацыю, каб Анатоль Лябедзька, крый Божа, зноў не балятаваўся».
«З гэтым зьвязанае ўсё, што перасьледуе мяне з канца мінулага году: і фільмы, і заявы, і праплачаныя праграмы ў сацыяльных сетках. Мая фігура стала праблемай — не для „маладых дэмакратаў“, канечне, а для беларускай улады. Але ў любым выпадку я не пераплюну ні Пазьняка, ні Калякіна, ні Статкевіча. У нас усё адпавядала дэмакратыі. Так, я перабіраўся дзевяць разоў, але кожныя два гады».

1 сакавіка дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла, што на бліжэйшым партыйным зьезьдзе АГП будзе вылучацца на пасаду старшыні партыі.

Дабравольскі: Калі зьмяніць статут, Лябедзька зможа прэтэндаваць яшчэ на тры тэрміны
Аб’яднаная грамадзянская партыя афіцыйна была ўтвораная 1 лістапада 1995 году. На ўстаноўчым зьезьдзе дзьве партыі — Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі са старшынём Аляксандрам Дабравольскім і Грамадзянская партыя, якую ачольваў Васіль Шлындзікаў, — заявілі аб стварэньні адзінай партыі. Першым старшынём АГП абралі Станіслава Багданкевіча.

Цяпер спадар Дабравольскі кіруе экспэртнай радай АГП і ўваходзіць у склад партыйнай палітрады. У размове са Свабодай ён сказаў, што ініцыятыву моладзевага крыла АГП трэба падзяліць на дзьве часткі.

«Закон адваротнай сілы ня мае. І таму, калі ўнесьці зьмену, якую прапануе моладзь, у статут, то адлік пачынаецца з гэтага дня. Значыць, Лябедзька, як і любы іншы сябра партыі, можа прэтэндаваць на тры тэрміны кіраваньня», — сказаў Дабравольскі.

Ён дадаў, што абмежаваньні тычацца найперш кіраўніка дзяржавы.

«У грамадзкіх арганізацыях правілы ўсталёўваюць іх чальцы. Я ведаю структуры, дзе кіраваць адна і тая ж асоба можа ня болей за адзін год. І нічога, яны працуюць».

Аляксандар Дабравольскі лічыць, што палітычная партыя — гэта ўсё ж асаблівая грамадзкая арганізацыя. У бальшыні дэмакратычных партыяў сьвету абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў кіраваньня няма.

«Але асабіста я ня супраць абмежаваньня колькасьці тэрмінаў у АГП. Пытаньне ў тым, што ў Беларусі няма публічнай палітыкі, а ўсё палітычнае выцесьненае на пэрыфэрыю грамадзкіх дыскусій, цяжка адрозьніць пасьпяховага палітыка ад непасьпяховага. Бо няма крытэру, няма сапраўдных выбараў, невядома, хто каго падтрымлівае», — сказаў спадар Дабравольскі.

Партыйныя кіраўнікі — доўгажыхары: Калякін, Пазьняк, Шушкевіч і Лябедзька
15 палітычных партый у Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі. Прынамсі 7 зь іх называюць сябе апазыцыйнымі і не падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Свабода падлічыла, хто зь іх кіраўнікоў займае свае пасады найдаўжэй.
Сяргей Калякін - 24 гады
Сяргей Калякін узначальвае камуністаў-апазыцыянэраў з 1994 году. Сёньня гэта Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», якая да 2009 году называлася Партыяй камуністаў Беларускай.
Станіслаў Шушкевіч — 20 год
Першым кіраўніком партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» быў Міхась Ткачоў (1991–1992), другім — Алег Трусаў (1992–1995). У 1996 годзе БСДГ аб’ядналася з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды, утварыўшы Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада) на чале зь Міколам Статкевічам. У 1998 годзе БСДГ узнавіла існаваньне. З таго часу яе ачольвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 
Зянон Пазьняк — 19 год
Партыя «Беларускі Народны Фронт» была створана ў 1993 годзе. Яе першы кіраўнік — Зянон Пазьняк. У ліпені 1999 году на шостым зьезьдзе адбыўся раскол. Лідэрам БНФ абралі Вінцука Вячорку. Зянон Пазьняк (з 1996 году — у эміграцыі) з часткай былых сяброў партыі арганізаваў Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ, або КХП-БНФ, якую ўзначальвае дагэтуль.

Анатоль Лябедзька — 18 год
Станіслаў Багданкевіч кіраваў Аб'яднанай грамадзянскай партыяй ад яе ўтварэньня ў 1995 годзе і па 2000 год. З 2000 году на гэтую пасаду дзевяць разоў пераабіраўся Анатоль Лябедзька. 



Дата стварэння навіны 13.04.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку