АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Имею честь терпеть за Беларусь…»

«Имею честь терпеть за Беларусь…»
13.04.2018
Так адказвала Ларыса на пытанні савецкага лагернага начальства.

Яе лёс быў ланцугом раздарожжаў і выбараў. Складана ўявіць, як ва ўмовах невыносна цяжкага для беларусаў ХХ стагоддзя чалавек змог пражыць такое годнае жыццё, нідзе не схібіўшы, не здрадзіўшы сабе. Хоць фартуна раз за разам падкідала Ларысе Геніюш магчымасці жыць прасцей, камфортней… Ларыса не слухала. Урывак з вялікага  матэрыялу Сяргея Мікулевіча, поўны тэкст тут.


Крыўда на мужа, які не дазволіў ім у сярэдзіне 1940-х вырвацца з Чэхаславаччыны на Захад, так і сочыцца між радкоў яе ўспамінаў. «Мой сацыяліст», скрушна называла яго Геніюш. Янка думаў, што пасля вайны саветы перамяніліся і ім нічога не пагражае.

 У 1945-м у Празе іх спрабавалі выкрасці проста з кватэры, каб вывезці ў СССР. Прыехалі грузавой машынай, разаслалі тэнты пад вокнамі (калі раптам надумаюць выскокваць), грукалі ў дзверы. Але ламаць не адважыліся: на абарону сабраліся суседзі. Пасля таго тры гады Геніюшы жылі спакойна. Яны пераехалі ў Вімперк, на захад краіны, дзе Янка знайшоў працу. Там іх па распараджэнні савецкіх спецслужбаў і арыштавала чэшская паліцыя.

 

У чым былі вінаватыя Геніюшы? У тым, што іх подпісы нібыта стаялі пад вітальным лістом Адольфу Гітлеру ад імя беларусаў Чэхаславаччыны. Ларыса ўспамінала той выпадак: сход і падпісанне ліста арганізоўваў доктар Ермачэнка, але подпісаў ніхто не ставіў, яны былі выведзеныя кімсьці пад капірку пазней. Той ліст дзівосным чынам трапіў у рукі НКВД.

 Ларыса Геніюш з сынам Юркам. 1940 год.

Турэмная эпапея, апісаная Геніюш, — гэта «Архіпелаг ГУЛаг» Салжаніцына ў скандэнсаваным выглядзе. Праз Прагу, Львоў, Мінск яна трапіла за Палярнае кола, у Комі АССР. Інта, Абезь… У лагерах, за калючым дротам, сярод тундры адзінай радасцю была камунікацыя. «Маці, глюкозы!» — прасілі маладзейшыя беларусы-зняволеныя. І Геніюш пісала ім вершы на маленечкіх паперках, якія рознымі спосабамі разыходзіліся па лагерах. Проста перапісвацца дазвалялася толькі на любоўныя тэмы, таму ўсе лісты даводзілася маскіраваць пад амурную перапіску. «Гаспадаркай» называлі Беларусь, «сынамі» — землякоў…

 У яе забіралі сшыткі і алоўкі, ганялі на агульныя работы — біць кіркой мерзлую зямлю — саджалі ў штрафны ізалятар, яна ўсё вытрывала.

 Не пісала просьбаў пра памілаванне і скаргаў нават калі гэта мела сэнс, пасля смерці Сталіна. Але і без просьбаў яе і мужа вызвалілі ў 1956-м.

 «…душу маю паранілі беларусы»

 У Чэхаславаччыну, грамадзянамі якой яны былі, ці ў Польшчу да сына Геніюшаў не выпусцілі. Яны вярнуліся ў Зэльву, у хату Янкавых бацькоў. Жлобаўцы да таго часу перасталі існаваць: будынкі вывезлі, гаспадарку расцягнулі. Толькі падмуркі ды старыя дрэвы нагадвалі пра колішні радасны дом. Два браты Ларысы загінулі на фронце, ваюючы з нацыстамі, адзін застаўся ў Вялікабрытаніі, маці памерла ў ссылцы ў Казахстане, малодшая сястра — у Польшчы.

 

Савецкага грамадзянства ні Янка, ні Ларыса не прынялі. У пашпартах стаяў адпаведны штамп.

 

Уладкаваліся на працу ў мясцовую бальніцу, ён — доктарам-венеролагам, Ларыса рабіла сястрой-гаспадыняй.

 Іх жыццё ў хрушчоўска-брэжнеўскім СССР было цяжкім маральна. Геніюшаў мэтаскіравана цкавалі, кожны іх крок фіксавалі даносчыкі. Ці не перабольшанне гэта падарванай лагерамі псіхікі? Ці не залішняя падазронасць? Новыя факты, якія адкрываюцца ў архівах, паказваюць, што не.

 «…душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк, які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось, як паліць… маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіёнаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых.

 Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату бяз нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесь аўтобус і не ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць…

 Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, ганьбяць бяз довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяння новыя паны яго паганяць…»

 

Праз акенца сляпое

Шэры дожджык глядзіцца у хату,

У якой дагарае,

Бы ў небе асеннім зара,

Непатрэбная старасць

Адстаўнога паўстанца-салдата,

Невядомага генія,

Беларускага песняра…

 

Гэта верш «Паўлюк Багрым», складзены любімым паэтам самой Геніюш, Уладзімірам Караткевічам, у канцы 1950-х.

 І ўсё ж замоўчваць творцу такога маштабу, як Ларыса Геніюш, сумленным людзям было цяжка. Дзякуючы Максіму Танку, тады старшыні Саюза пісьменнікаў БССР, ёй удалося выдаць кнігу дзіцячых вершаў. Пасля — яшчэ адну. Паэтку паціху запрашалі на сустрэчы ў школы, да яе пачалі прыязджаць пісьменнікі, мастакі, моладзь…

 Гады ішлі. Усё часцей пачала мроіцца ёй чорная жанчына — вястунка смерці ў іх сям’і. Прадчуваючы, яна аддала свае ўспаміны гісторыку Міхасю Чарняўскаму, які перахаваў іх да часу, калі стала магчымай публікацыя. Дзякуючы гэтаму, мы маем унікальны гістарычны дакумент — яе кнігу «Споведзь». Яна, успамінаў Чарняўскі, была аддрукаваная на машынцы начыста без ніякіх правак, нібыта адным выдыхам.

 

Дый раман пра саму Ларысу Геніюш быў бы не горшым за «Каласы пад сярпом тваім». Да таго ж, у ім, нягледзячы на ўсе бездані трагізму, ёсць варыянт светлага фіналу. Бо зусім нямнога часу мінула ад даўжэзнай пахавальнай працэсіі за яе труной у Зэльве да першых шэсцяў за незалежнасць у канцы 1980-х. Нібыта адтуль, з Зэльвы, беларусам зноў адкрыўся шлях да ўласнай краіны.


Дата стварэння навіны 13.04.2018

Возврат к списку