АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Чаму на беларускіх дарогах разметка трымаецца паўгода, а на еўрапейскіх — гадамі?

Чаму на беларускіх дарогах разметка трымаецца паўгода, а на еўрапейскіх — гадамі?
12.04.2018
Навошта выкарыстоўваць звычайную фарбу, каб потым аднаўляць яе штогод?

У Беларусі ёсць дарогі, на якіх тоўсты пласт разметкі захоўваецца гадамі. У Еўропе такія дарогі амаль паўсюль. Чаму ж нашыя камунальныя службы не пераймаюць такі досвед? Навошта выкарыстоўваць звычайную фарбу, каб потым аднаўляць яе штогод?

У Беларусі цяпер выкарыстоўваюцца два віды матэрыялаў для нанясення дарожнай разметкі: эмаль (фарба) і тэрмапластык.

Да абодвух матэрыялаў дадаюць спецыяльныя шкляныя шарыкі, якія забяспечваюць адлюстраванне святла і, адпаведна, лепшую бачнасць. Шклашарыкі дадаюць у склад тэрмапластыку, што забяспечвае не толькі адлюстраванне святла, але і дадатковую трываласць матэрыялу.

Разметка з тэрмапластыку добра выдзяляецца над паверхняй дарогі.

Калі ж для разметкі выкарыстоўваецца эмаль, шклашарыкі наносяцца другім пластом на яе паверхню, адкуль хутка пачынаюць знікаць пад уздзеяннем колаў аўтамабіляў, і разметка тускнее, а потым і сама фарба сціраецца.
Ужо праз паўгода эмаль пачынае псавацца. Тэрмапластык жа служыць тры гады, пасля чаго на яго рэгулярна наносяць эмаль, бо колер становіцца «брудным».

Навошта тады ўвогуле выкарыстоўваць звычайную эмаль?
У брэсцкім прадстаўніцтве групы кампаній «СТіМ», дзе вырабляюць розныя віды фарбаў для дарог, «Нашай Ніве» распавялі, што розніца ў цане на два матэрыялы вялікая. Па-першае, тэрмапластык патрабуе большай колькасці шклашарыкаў. А па-другое, гэты матэрыял, у адрозненне ад эмалі, наносіцца тоўстым пластам, што моцна ўплывае на яго агульны расход. Паводле калькулятара, размешчанага на сайце «СТіМ», для нанясення разметкі на дарогу даўжынёй 10 км з чатырма палосамі трэба выдаткаваць або 3 тоны фарбы, або 27 тон тэрмапластыку. 

Але, як расказаў «Нашай Ніве» в.а. галоўнага інжынера КУП «СМЭП Мінгарвыканкама» (менавіта гэтая арганізацыя займаецца нанясеннем разметкі на мінскія дарогі), кошт — не той крытэрый, па якім выбіраецца матэрыял для «фарбавання» дарогі.

«Тэрмапластык мы выкарыстоўваем для новых або капітальна адрамантаваных дарог, бо старыя не забяспечваюць неабходнага счаплення з матэрыялам. Усюды, дзе ёсць магчымасць нанесці тэрмапластык, мы наносім менавіта яго», — сказаў Сяргей Пятлін. 

Сусветныя трэнды ў дарожнай разметцы
Матэрыял жа будучыні для разметкі дарог — палімерныя стужкі. Менавіта іхняя ўласцівасць праз адлюстраванне святла фараў свяціцца ноччу, пры любым надвор’і, уражвае нашых кіроўцаў на еўрапейскіх магістралях.
Разметка з палімерных стужак добра бачная поначы.
Дзякуючы арміраванню, палімерныя стужкі таксама вельмі трывалыя (тэрмін службы — ад 2 да 5 гадоў у залежнасці ад інтэнсіўнасці руху), але і кошт іх значна вышэйшы. У Беларусі дарог з такой разметкай пакуль не існуе. 

Фота Сяргея Гудзіліна, Наша ніва.



Дата стварэння навіны 12.04.2018

Возврат к списку