АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Свет апускаецца у хаос Трэцяй Сусветнай: што тады будзе з Беларуссю

Свет апускаецца у хаос Трэцяй Сусветнай: што тады будзе з Беларуссю
12.04.2018
Чалавецтва стаіць на парозе Трэцяй Сусветнай вайны.

Яшчэ ніводнага разу ў гісторыі людзі не былі так блізка да ўжывання зброі масавага паражэння.

Паўночная Карэя ў чарговы раз удала запускае ракету. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін распавядае пра новую зброю, здольную ператварыць свет у радыеактыўны попел, паведамляе Еўрарадыё. А на сайце канала "Расія 24" з'яўляецца артыкул пра тое, што браць з сабой у бамбасховішча. Супадзенне? Не думаем! Не сёння, дык заўтра матылёк махне крыламі, і свет апусціцца ў хаос Трэцяй Сусветнай.

Што беларускія інтэлектуалы і расійскі філосаф думаюць пра перспектывы Трэцяй Сусветнай вайны? Ці здарыцца яна? Што да яе прывядзе? Які лёс будзе чакаць Беларусь?

Пісьменнік Віктар Марціновіч: "Свет паспяхова скочваецца да Трэцяй сусветнай вайны".

"У мяне выклікае неспакой тая канцэнтрацыя нянавісці, што лунае ў паветры. Я проста не разумею гэтай глабальнай лютасці і нянавісці.

Свет паспяхова скочваецца да Трэцяй Сусветнай вайны. Наяўнасць на пасадзе прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і на пасадзе прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна — гэта як раз выдатная сітуацыя, якая вядзе да вайны. Не важна, дзе "бамбане": у Сірыі, КНДР ці дзе-небудзь яшчэ. Пры тым назапашванні ўзбраенняў, што цяпер адбываецца з двух бакоў, рана ці позна гэта адбудзецца.

"Хачу падзяліцца уражаннем, як заўзяты падарожнік: у свеце не засталося месца, дзе я б сябе адчуваў у бяспецы".

Я толькі вярнуўся са Стамбула. Горад, які заўсёды быў разняволена-свецкім, культурнай сталіцай, цяпер перакрыты патрулямі, праз кожныя 500 метраў стаяць паліцэйскія фургоны з вадамётамі. І гэта зусім новая сітуацыя для Стамбула, якую я не памятаю.

Калі пачнецца "сеча", да якой ўсё ідзе, дык рэгіёны, кантыненты, суша будуць падзеленыя на кавалкі. Якая ўжо тут Беларусь? У выніку кожнай сусветнай вайны адбываўся перадзел свету. І гэта тое, чаго я больш за ўсё баюся. Я баюся, што ў гэтым новым свеце прасторы для Беларусі не застанецца. Але гэта, на жаль, будзе найменшай праблемай, якая будзе мяне і вас турбаваць у той момант".

Палітолаг Яўген Прэйгерман: Ядзерная зброя стрымлівае свет ад Трэцяй Сусветнай вайны

"У мяне няма адчування, што мы знаходзімся на парозе Трэцяй Сусветнай вайны. Але ж ёсць адчуванне, што крышачку свет з катушак з'язджае. Гэта тыповая з'ява для канфліктаў, якія толькі пачынаюцца. Апошнія дваццаць гадоў мы мелі стабільную сістэму міжнародных адносін, а цяпер мы бачым, што тыя правілы і сістэмныя рэчы, якія давалі нам адчуванне стабільнасці і прадказальнасці, больш не працуюць.

Фактар ядзернай зброі — гэта гарантаванае забойства ўсяго чалавецтва. Менавіта гэта стрымлівала свет падчас "халоднай вайны" ад таго, каб пераўтварыць яе ў "гарачую".

Чалавек мае звычку адвыкаць ад пэўных рэчаў. Раней памяць пра сусветныя войны давала нам нагоду казаць: "Больш ніколі", і гістарычныя працэсы фундаментальна змяняліся праз гэта. Але праходзіць час, і некаторыя рэчы пачынаюць забывацца.

Хацелася б спадзявацца, што эвалюцыя чалавецтва адбіваецца і на нейкіх нашых гуманістычных уяўленнях. І, прынамсі, фарміруецца адчуванне кропак ці рысак, праз якія праходзіць нельга".

Філосаф Максім Гаруноў: Рускія не выключаюць вайну, яны яе ўлічваюць. Расійская культура гатовая да вайны

"Мы ўсе жывём у ілюзіі, што “гэта больш не паўторыцца”. У дакладзе Стывена Пінкера, у кнігах Дугласа Норта і іншых аўтараў-сацыёлагаў гаворыцца, што ўзровень гвалту ў свеце зніжаецца. І мы верым у гэта. Мы верым у тое, што глабальная вайна — гэта нешта з мінулага. Гэта прыгожая, добрая і прыемная ілюзія, у якую нам цікава верыць. Але чалавек — агрэсіўная істота. Я думаю, што вайна можа здарыцца.

Мне здаецца, што расійская культура — абсалютна ваенная. Вельмі паказальныя у гэтым сэнсе мітынгі ў Валакаламску. Выступы на гэтых мітынгах звычайных людзей, трыбунаў, што з народу. Тыя метафары, якімі яны карысталіся, цалкам абапіраліся на ваеннае кіно. У іх у галаве іншых метафар няма. Гэтыя людзі знаходзіліся ў крытычнай, стрэсавай сітуацыі, гэта можа быць першы ці другі мітынг за ўсё іх жыццё. Яны хвалююцца. А калі чалавек хвалюецца, то ён гаворыць на мове "базавай адукацыі", бачання свету. І вось у гэтай сітуацыі большасць з іх выкарыстоўвалі метафару вайны. Яны прыйшлі на мітынг, і яго яны расцэньвалі ў якасці вайны.

Метафара вайны — частка сучаснага рускага светапогляду. Па-за Санкт-Пецярбургам і Масквой да гэтага часу працуюць савецкія і імперскія інерцыі, датычныя вайны. Ва ўсёй Расіі, акрамя гэтых двух гарадоў, гатовыя да вайны. Гэта выяўляецца на ўзроўні планавання жыцця. Людзі не выключаюць вайну, яны яе ўлічваюць, яны да яе гатовыя. Вайна была б па сэрцы рускім людзям. Расійская культура гатовая да вайны.

У беларусаў, наколькі я іх разумею, ўспрыманне вайны іншае. У першую чаргу, яна для іх — карная акцыя. Спачатку савецкая, потым нацысцкая, потым зноў савецкая. Беларускае ўяўленне пра вайну, яно не столькі пра лінію фронту і бітвы, колькі пра тое, як збегчы ад карнікаў, як схавацца ад іх, каб цябе не зачапіла, магчымая нейкая ненавязлівая калабарацыя, абы захаваць сям'ю. У адрозненне ад Расіі, дзе людзі гавораць пра вайну, як пра перамогу, для Беларусі вайна — гэта гора. Гэта як чума, жорсткая і страшная. І што рабіць, калі прыходзіць "чорная смерць"? Трэба ратавацца".

Пісьменнік Аляксей Шэін: Мы не Новая Зеландыя і не Швейцарыя, мы на разломе дзвюх цывілізацый

"Мне бачацца дзве галоўныя лініі, па якіх можа разламацца мір. Гэта лінія палітычнага супрацьстаяння і новыя тэхналогіі. І што тычацца палітыкі, мне здаецца, што ёсць тры выразныя кропкі: пытанне Блізкага Усходу, вакол Ізраіля і краін вакол яго; сітуацыя вакол Паўночнай Карэі; сітуацыя вакол Расіі і яе бліжэйшых суседзяў, жаданне Расіі вярнуць часткі былога Савецкага саюза ці Расійскай імперыі. Наконт тэхналогій — пытанне штучнага інтэлекту вельмі неадназначнае. Мы не ведаем, да чаго можа прывесці развіццё гэтай тэхналогіі. Я згодны з тымі футуролагамі і даследчыкамі, якія кажуць, што гэтая тэхналогія можа быць небяспечнай.

Наконт лёсу Беларусі прыходзяць толькі трывожныя думкі. Наша геаграфічнае і палітычнае становішча не раз прыводзіла да таго, што мы апыналіся ў эпіцэнтры ваенных падзей, як гэта было ў ХХ стагоддзі. На жаль, мы не Новая Зеландыя і не Швейцарыя. Так адбылося, што мы на разломе дзвюх цывілізацый. Ведаеце, калі дзве тэктанічныя пліты сыходзяцца, дык там найбольшыя небяспека для землятрусаў і ахвяр. Вось мы на такім стыку, толькі пліты цывілізацыйныя".

Філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч: Трэцяй Сусветнай не будзе

"Няхай гэта хоць хто-небудзь вам скажа —Трэцяй Сусветнай вайны не будзе. Але палохаць ёй будуць яшчэ шмат гадоў. Гэта вельмі любімы занятак палітолагаў, журналістаў. Бо трэба чымсьці казытаць нервы слухачам і чытачам. Гэта будзе працягвацца вельмі доўга, пакуль не перастане быць актуальным.

Чаму перастане быць актуальным? Таму што свет зменіцца, чалавек перастане быць тым кім ён цяпер з'яўляецца. Вядома, гэта вельмі доўгі працэс. У ранейшыя эпохі чалавек быў метафізічным — ён быў звернуты да бога, пад патранажам бога. А цяпер метафізічнага чалавека змяняе тэхналагічны. Яго фармуюць тэхналогіі, даюць яму формы і спосабы быцця і жыцця. Гэта ўсё будзе імкліва павялічвацца. У гэтым выпадку хіба што будзе "сусветная вайна робатаў". Але, не думаю, што робатам не будзе што рабіць, акрамя як ладзіць сусветную вайну".

Здымак ілюстрацыйны


Дата стварэння навіны 12.04.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку