АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Чаму беларусы кепскія браты расійцам

Чаму беларусы кепскія браты расійцам
11.04.2018
Хто такія гэтыя народы, якія «жылі разам»? Як гэта выглядае?

«Беларусь раз за разам здраджвае Расеі», — пішуць абураныя аналітыкі з Масквы.

«Беларусь ня дзейнічае, як саюзьнік», — пішуць палітолягі Крамля.

«Што гэта за братэрства, калі брат ніколі не падставіць плячо», — заўважаюць адказныя асобы.

Так. І сто разоў так, пагаджаюся зь імі я. Кожнае ваша абвінавачаньне — чыстае, як сьляза міратачывай іконы Божай Маці зь Севастопаля.
Беларусы і сапраўды паводзяць сябе не па-братэрску

А таму так сталася, што хоць «велик і могуч ваш русский язык», але ня надта. Справа ў тым, што слова не стварае рэч. Ня важна, што было першым: курыца ці яйка. Важна тое, што прадмет «яйка» быў раней за слова.

Калі ты прыдумляеш словазлучэньне кшталту «братэрскія народы», якое павінна не апісаць зьяву, а стварыць яе — ты становісься на заганны шлях напаўненьня паняцьця ня фактамі, а новымі словамі — яшчэ больш няпэўнымі, яшчэ больш размытымі па сэнсе.

«Мы жылі разам». «У нас адна гісторыя». «У нас адна мэнтальнасьць». «Нас не пасварыць». «Браты прыходзяць на дапамогу». «Русский мир». «Духоўныя скрэпы» — гэта тыя хімэры, якія запакаваны ў адзін вялікі гарбуз з індывідуальнымі марамі, спадзевамі, любовямі і нянавісьцямі свайго стваральніка. У гарбуз «братэрства народаў», які для таго і ёсьць, каб ня ведаць, што ў ім.

Словы, якія называюць зьяву, маштабуюцца і ўдасканальваюцца, каб сутнасьць зьявы была адназначна асэнсаванай.

Словы, якія ствараюць зьяву, максымальна рыгідныя і адначасова мэтафарычныя — каб успрымаць праз эмацыйны водгук.

Карацей кажучы, праблема ў тым, што гарбуз са сьлёзкамі рана ці позна будзе прыкочаны пад дзьверы «брату» са словамі «Цяпер ён твой».

Хто такія гэтыя народы, якія «жылі разам»? Як гэта выглядае?

Дапусьцім, 2 мільёны жывуць у Мінску і 15 мільёнаў у Маскве. За 700 км.

Як гэта — разам?

Піва вечарам п’юць? Соль пазычаюць?

Што такое «разам жывуць»?
Што такое «сумесная гісторыя»? Кшталту сынхронная дэфэкацыя раніцой кожным, у каго +3 паводле Грынвіча?

Калі я частку дзяцінства разам з суседзямі па вёсцы зьбіраў буракі на калгасным полі — у нас сумесная гісторыя? Ці яшчэ не?

Палітычныя заявы, сьвіна-малочныя войны, прызнаньні акупацыі Крыму і стаўленьне да вайны ў Грузіі — гэта ладна. Штучкі пратакольныя.

Але ў 2014 годзе я вельмі пільна сачыў за тым, як беларусы рэагавалі на расейцаў, калі тыя ў вялікай колькасьці прыехалі ў Менск.

Разумееце, бясконцае качаньне па полі гарбузоў з «народным братэрствам» і любоў на адлегласьці, якая праяўляецца паўтарэньнем адных і тых жа ідыёмаў — гэта адно. А асабістае сутыкненьне — гэта іншае.

Беларусы, якія паўтаралі сьледам за тэлекам, што «жывуць разам» з расейцамі і «маюць агульную гісторыю», якія ўвесь час на нізкім старце няпропуску натаўскіх танкаў на Маскву, папраўдзе нічога пра расейцаў ня ведалі. Ніколі іх ня бачылі і ў Расеі ніколі не былі.

І вось:

«Яны ня так езьдзяць. Яны ня так паркуюцца. Яны кідаюць сьмецьце. Яны гучна размаўляюць. Яны «быкуюць» у чэргах. Яны нас не паважаюць. Яны сьмяюцца зь беларускай мовы, зь якой мы яшчэ ўчора самі сьмяяліся, а цяпер нам нешта стала неяк, халера, крыўдна.

Чаму яны сябе паводзяць, як дома? І калі яны нарэшце зваляць дадому?Вось. Вось што я бачыў падчас ЧС па хакеі ў 2014-м.

Тады я першы раз у жыцьці пачуў пра «русакоў», якія «абарзелі» — прычым ад людзей, якія мне да таго расказвалі пра шчасьце інтэграцыі ў адну краіну.
Ад тых. Самых. Людзей. Тых, якія ўчора «ядналіся з братэрскім народам», а сёньня гатовыя былі задушыць кожнага, хто ня так паркуецца «тут у нас».

Дык вось, дарагія крамлёўскія аналітыкі. Калі вы прыдумляеце народнае братэрства, трэба не забываць пра сфэру ягонага прымяненьня.

Сфэра такая: сьвятушка, скрэпная перадачанька, мэмарандумчык, віншаваньнечка, гравіровачка на мэдалюшцы.

І ўсё.

У астатнім так: беларусы гатовыя да братэрства. Проста на сваім баку мяжы. І калі ў іх нічога не прасіць. І ні да чога не змушаць. І калі, па магчымасьці, да іх ня езьдзіць.
Стась Карпаў, радыё Свабода, на здымку: фантан Дружба народаў



Дата стварэння навіны 11.04.2018

Возврат к списку