АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

З адкрыцця Курапат паўстаў масавы народны рух за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны

З адкрыцця Курапат паўстаў масавы народны рух за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны
11.04.2018
У сувязі з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі наконт мемарыялізацыі Курапатаў грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» прыняла адпаведную заяву.

У ёй, між іншым, адзначаецца, што сёння з вуснаў кіраўніка Беларусі прагучалі словы пра тое, што Курапаты аператыўна павінны быць прыведзены ў парадак, дзеля чаго галава дзяржавы запатрабаваў паставіць самы просты помнік — капліцу ці яшчэ нешта.

Падпісанты заявы лічаць, што паспешлівасць і адміністраванне ніяк не пасуюць справе ўшанавання памяці ахвяраў масавых рэпрэсій савецкага таталітарызму ў Курапатах.

Гэтае месца нагадвае, што, у адрозненне ад дэмакратыі з яе цярпімасцю, павагай да правоў і свабоды чалавека, дыктатура трымаецца на нецярпімасці, бяспраўі чалавека, на гвалце — у тым ліку палітычным, эканамічным і фізічным.
Паколькі ў Курапатах былі расстраляныя прадстаўнікі розных краінаў і этнасаў, урочышча з’яўляецца помнікам трагедыі агульнаеўрапейскага маштабу. Курапаты атаясамляюцца не толькі з самай жудаснай трагедыяй беларусаў, калі нацыя страціла сваю эліту — нацыянальную інтэлігенцыю, але і з ідэалогіяй сённяшніх уладаў, якія лічаць Іосіфа Сталіна «выбітным менеджарам» і ўзвышаюць яго ролю ў гісторыі СССР і БССР.

Урэшце, Курапаты ёсць сімвалам апошняй хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння, бо менавіта з адкрыцця таямніцы ўрочышча ў маі 1988 года паўстаў масавы народны рух за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.

Усіх наведнікаў Курапатаў — беларусаў і замежных гасцей — аб’ядноўвае жаданне больш ведаць пра Курапаты, данесці гэтыя веды да іншых і нешта зрабіць, каб ні з адным народам свету не адбылася трагедыя накшталт сталінскіх рэпрэсій, ад якіх беларусы да гэтага часу не могуць апрытомнець.

Не раз беларуская моладзь ставіла намёты ва ўрочышчы, каб бараніць яго ад нядобрасумленных дзялкоў, якія з дапамогай хцівага чыноўніцтва імкнуцца забудаваць недакранальную для будаўніцтва тэрыторыю ахоўнай зоны Народнага мемарыялу.

Амаль трыццаць гадоў ушанаванне, упарадкаванне і ахова Курапатаў адбываліся сіламі прадстаўнікоў і структураў беларускага грамадства. Прычым, як правіла, не толькі без дапамогі дзяржаўных органаў, але часцяком нават насуперак іх намаганням прынізіць значэнне і статус памятнага месца.

Дзякуючы грамадскім актывістам у Курапатах ужо паўстаў Народны мемарыял. І гэта дае грамадству падставы патрабаваць ад дзяржавы не толькі выконваць яе канстытуцыйны абавязак ахоўваць помнік, але і прызнаваць прыярытэт грамадскай думкі ва ўсіх пытаннях, звязаных з дзейнасцю на тэрыторыі ўрочышча і вакол яго. На нашае меркаванне, сапраўдны дзяржаўны падыход у адносінах да Курапатаў павінен грунтавацца на гэтых прынцыпах.

Сёння Курапаты патрабуюць вырашэння жыццёва важных праблемаў, што вызначаюць будучыню Народнага мемарыяла. Найперш гаворка павінна весціся пра пашырэнне ахоўнай зоны Курапатаў, якую дзяржаўныя органы паступова звужаюць і якая нават ужо страціла сваю першапачатковую цэласнасць. Неабходна распрацаваць і зацвердзіць новы праект зонаў аховы Курапатаў, што засведчыць дзяржаўнае стаўленне да Курапатаў, як да святыні, а таксама знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі краіны. А забеспячэнне няўхільнага выканання новага праекту зонаў аховы Нацыянальнага некропалю гарантуе непарушнасць помніка і ягонага гістарычнага атачэння, адновіць давер людзей да дзяржавы ў справе захавання гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Па-другое, неабходна вырашаць вострыя экалагічныя праблемы, што паўсталі перад Народным мемарыялам, аточаным напружанымі аўтамагістралямі — МКАДам і шашою Заслаўе–Калодзішчы.

Па-трэцяе, трэба забяспечыць правядзенне міжнароднага адкрытага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі гэтага знакавага для беларусаў і грамадзянаў Еўропы месца. Менавіта па выніках такога конкурсу на лепшы праект ушанавання ў Курапатах памяці ахвяраў сталінізму Народны мемарыял атрымае годнае мастацкае абрамленне з улікам беларускіх нацыянальных традыцый і сучасных сусветных падыходаў да помнікаў такога ўзроўню.
Мемарыялізацыя не можа адбывацца як абстрактны акт «ушанавання ўсіх ахвяраў ХХ стагоддзя». Дзяржава мае інфармацыю пра тое, хто і кім бязвінна забіты ў Курапатах і іншых падобных мясцінах. Дзяржава абавязаная адкрыць імёны курапацкіх ахвяраў і толькі пасля гэтага мае маральнае права прапаноўваць захады для іх ушанавання.

На думку падпісантаў заявы, супраца грамадства і ўладаў па Курапатах мажлівая, калі: 

1) дзяржава адмовіцца ад палітычных рэпрэсіяў,
2) калі будуць адкрытыя ўсе звязаныя з рэпрэсіямі архівы, у тым ліку спецслужбаў;
3) калі ахоўная зона Курапатаў будзе вернутая, дзе гэта фізічна магчыма, да праекту 2003 года і захаваная назаўсёды, каб больш не дапусціць маніпуляцый ёю ў неадпаведных мэтах.

Курапаты не належаць уладзе Рэспублікі Беларусі ці нейкім дзяржаўным альбо грамадскім структурам. Гэтае святое месца ўсяго беларускага народа. Любы конкурс на праекты помнікаў ці на змену выгляду Курапатаў можа быць або грамадскім (пры магчымым спрыянні дзяржавы), або, калі дзяржава пажадае яго падтрымаць інстытуцыянальна, грамадска-дзяржаўным. Гэта азначае, што фармуляванне ўмоваў творчага спаборніцтва і фармаванне журы павінна праходзіць з удзелам прадстаўнікоў грамадства і грамадскіх структур, найперш тых, хто мае досвед ва ўшанаванні і абароне Курапатаў і нашчадкаў ахвяраў рэпрэсій, а ўсе этапы конкурсу павінны быць адкрытыя для грамадскага абмеркавання.

Аўтары заявы нагадваюць, што падставовыя прынцыпы мемарыялізацыі Курапатаў былі сфармуляваныя беларускай грамадскасцю яшчэ 25 сакавіка 2002 года і пацверджаныя 14 мая 2016 года. Іх абмяркоўвалі і падтрымалі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, Саюз беларускіх пісьменнікаў, суполка «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, прафсаюз РЭП, «Цэнтр Супольнасць» і вялікі шэраг іншых арганізацый, ініцыятыў і дзеячаў. Правілы конкурсу і патрабаванні да ўдзельнікаў не павінны супярэчыць гэтым прынцыпам.

Грамадскія актывісты лічаць, што выкананне гэтых умоў стала б істотным крокам для грамадзянскага паразумення ў нашай краіне, адкрыла б магчымасць для многіх беларускіх творцаў прыняць удзел у далейшай мемарыялізацыі Курапатаў і гарантавала б дапамогу шырокіх колаў беларускай грамадскасці.

Сярод падпісантаў заявы — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, мастакі Генадзь Драздоў і Аляксей Марачкін, барды Аляксей Галіч і Зміцер Захарэвіч, музыказнаўца Алена Кісялёва, грамадская дзяячка Валянціна Свяцкая і аўтар гэтага артыкулу.



Дата стварэння навіны 11.04.2018

Возврат к списку