АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Пошта, тэлеграф, інтернет... Запаветам Леніна верныя

Пошта, тэлеграф, інтернет... Запаветам Леніна верныя
10.04.2018
Кожную перадвыбарчую кампанію ўлады пачыналі з ціску на СМІ. А значыць — хутка выбары?

«Навошта вы верыце ў ахінею — у правядзенне датэрміновых выбараў, якую ўкладаюць у галовы некаторыя эксперты», — раз’юшылася Лідзія Ярмошына падчас сесіі парламента. Паводле яе, ніякай гаворкі пра датэрміновыя выбары не ідзе. Гаворка ідзе пра тэрміны правядзення выбарчых кампаній, сказала Ярмошына, падкрэсліўшы: гэта прынцыпова розныя паняцці.

Між іншым, гэтую «ахінею» ўклала ў галовы сама Лідзія Міхайлаўна, не раз кажучы пра тое, што парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе сумяшчаць складана. А таму адна з кампаній будзе перанесеная на 2019 год.

Художник И. Грабарь. "В.И. Ленин у прямого провода"

У прынцыпе, не важна, як гэта называць: датэрміновымі выбарамі ці «пасоўваннем тэрмінаў правядзення выбараў». Галоўнае, што нейкая з гэтых кампаній сапраўды пройдзе раней. А раўнівае стаўленне да азначэнняў з боку кіраўніцы ЦВК толькі падкрэслівае балючасць пытання.


А гэта азначае, што ўлады ўжо зараз заклапаціліся выбарчай кампаніяй. І нейкія яе рысы пачынаюць вымалёўвацца.
Па-першае, кампанія пройдзе як звычайна. Выконваць рэкамендацыі АБСЕ хаця б па касметычным рамонце нашай выбарчай сістэмы ўлада не будзе. Спадарыня Ярмошына знайшла для гэтага чарговую «адмазку». Маўляў, Аляксандр Рыгоравіч думае над правядзеннем у краіне рэферэндуму па змене Канстытуцыі. І да тых часоў, пакуль гэты рэферэндум не пройдзе, ні пра якія змены ў выбарчае заканадаўства размовы быць не можа. Нават пра тыя, якія падрыхтавала сама Ярмошына ў рамках працы адмысловай міжведамаснай рабочай групы.

Нагадаем, што пра магчымыя змены ў Канстытуцыю Аляксандр Лукашэнка думае ўжо гадоў пяць. З таго часу, як ён ліквідаваў у краіне гаспадарчыя суды. А між тым, у Канстытуцыі застаўся прапісаным Вышэйшы Гаспадарчы суд, што, зразумела, ужо не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.
Хаця б ужо таму Канстытуцыю трэба змяняць, і гэта можа адбыцца толькі на рэферэндуме. Але галоўнае, што думае Лукашэнка ўжо доўга. І будзе думаць яшчэ. Колькі — невядома. Па логіцы Ярмошынай, увесь гэты час выбарчае заканадаўства павінна стаяць на месцы і не варушыцца.

Па-другое, зноў, «як звычайна» перад выбарамі, будуць заціскаць гайкі. Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала праект зменаў у закон аб сродках масавай інфармацыі. І там ёсць багата навацый.

Напрыклад, інтэрнэт-сайты могуць добраахвотна рэгістравацца як СМІ. Але на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
Новымі папраўкамі ўводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія змяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў каментарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасць якой можа прывесці да блакавання сайта. Разглядаецца магчымасць блакавання асобных сацыяльных сетак цалкам у выпадку адсутнасці тэхнічнай магчымасці абмежаваць доступ да іх элементаў ці нежадання ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на патрабаванне дзяржавы. Абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца ў пазасудовым парадку, а для зарэгістраваных інтэрнэт-выданняў такое блакаванне можа прывесці да пазасудовага скасавання рэгістрацыі.

Больш за тое, блакіроўка можа адбыцца не толькі ў пазасудовым парадку, але і без папярэджання Мінінфарму — у выпадку, калі «інтэрнэт-рэсурс ажыццяўляе дзейнасць, забароненую заканадаўствам Беларусі». Улічваючы, што ў кожнага чыноўніка сваё паняцце «забароненай заканадаўствам дзейнасці» (мы гэта неаднаразова выдатна бачылі), запланаваныя змены ў закон дадуць вельмі шырокае поле для адвольнай «зачысткі» інтэрнэт-прасторы.

Не кажучы ўжо пра тое, што выканаць новыя патрабаванні Мінінфарму немагчыма ані тэхнічна, ані фізічна.
Як мы можам «ідэнтыфікаваць» каментатара, калі каментар ідзе, скажам, праз профіль у Facebook? А Facebook, у сувязі з нядаўнім скандалам па перадачы персанальных дадзеных карыстальнікаў, увогуле закрые перадачу такіх дадзеных? Як можна вылічыць ІР-адрас каментатара, калі ледзь не кожны браўзер ужо мае ўбудаваны VPN для ананімнага сёрфінгу ў сеціве?

А блакаванне сацсетак — не скажу, што мы наперадзе ўсёй планеты, але блізкія да гэтага. Нашым заканадаўцам варта было б пацікавіцца досведам блакавання Яндэкса, Mail.ru, «Однокласников» і «Вконтакте» той жа Украіны. Гэта было, хутчэй, сімвалічным крокам, бо абысці блакіроўку — задача трох клікаў. Ніякай адказнасці за такі абыход не прадугледжвалася (як, дарэчы, не прадугледжваюць яе і новыя беларускія правілы). А Яндэкс — той увогуле блакаваць без сэнсу, бо ён пастаянна і хаатычна змяняе ІР-адрэсы.

Карацей, «кітайская сцяна» да нас прыйшла запозна, а таму ажыццявіць яе немажліва. Але імкненне ўзмацніць кантроль за інфармацыйнай прасторай — гэта сімптом. Кожную перадвыбарчую кампанію ўлады пачыналі з ціску на СМІ. А значыць — хутка выбары? Хацелася б даведацца, якія.
Сяргей Пульша, Новы час


Дата стварэння навіны 10.04.2018

Возврат к списку