АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Расійскі выдавец Пастарнак пра беларускую інтанацыю Алексіевіч

  Расійскі выдавец Пастарнак пра беларускую інтанацыю Алексіевіч
07.04.2018
Дырэктар расійскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак згадвае жыццё ў Мінску...

Дырэктар расійскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак у вялікім інтэрв'ю Свабодзе згадвае жыццё ў Мінску, разважае пра беларускі слоўнік Святланы Алексіевіч, успамінае, як падтрымліваў зьняволенага сябра Ўладзіміра Някляева, як выдаваў беларускіх пісьменьнікаў Віктара Марціновіча і Сашу Філіпенку, тлумачыць, чаму сучасная літаратура для падлеткаў можа быць прыбытковай, а таксама чаму нельга падпарадкоўвацца большасьці. Прапаноўваем фрагмент вялікай размовы.


«Ва ўнутраным камэртоне Алексіевіч закладзеная і беларуская інтанацыя, і нават беларускі слоўнік»


Больш за дзесяць гадоў вы выдаяце творы Сьвятланы Алексіевіч. Калісьці ў інтэрвію вы казалі пра тое, што былі абсалютна перакананы ў тым, што яна атрымае Нобэлеўскую прэмію, і сьвядома працавалі на гэта. Неўзабаве ў Беларусі будзе выдадзены збор твораў Сьвятланы Алексіевіч па-беларуску. Калі месяц таму была прэзэнтацыя гэтага праекту, амаль усе перакладчыкі, не згаворваючыся, прадстаўляючы кожны зь пяці твораў, гаварылі пра тое, што перакладзеная кожным зь іх кніга Алексіевіч найбольш беларуская па духу. Ці пагадзіліся б вы зь імі як чытач, і як чалавек, вялікая частка жыцьця якога прайшла ў Беларусі?

 

— Гэта вельмі цікавы эфэкт, прычым эфэкт, з майго пункту гледжаньня, чаканы. Так, мне самому таксама так здаецца. Яе кнігі — гэта маналёгі, а народная мова ў добрым беларускім перакладзе гучыць вельмі арганічна. Сьвятлана пра сябе кажа, што яна — чалавек-вуха. Гэта так. Але ж яна ня толькі вуха, яна яшчэ і адбірае, і кампануе тэкст вельмі старанна. Я лічу, што ў нейкім яе ўнутраным камэртоне ад нараджэньня, ад культурнага выхаваньня, ад жыцьця ў Беларусі закладзеная і беларуская інтанацыя, і нават беларускі слоўнік. І гэта выяўляецца, калі зроблены годны пераклад.

Але ёсьць і другі бок. У сувязі з Нобэлеўскай прэміяй, а раней Прэміяй міру ад нямецкіх кнігагандляроў нам прыйшлося шмат размаўляць з чытачамі Алексіевіч у розных краінах — Нямеччыне, Францыі, Швэцыі, Польшчы і іншых. Ва ўсіх размовах гэта быў абсалютна агульны момант: «Як яна ўгадала? Гэта ж усё пра нас!» Гэта адказ тым, хто працягвае нешта сьцьвярджаць пра ачарненьне, паклёп на народ. Я з усёй адказнасьцю сьцьвярджаю, што самыя розныя людзі ў самых розных краінах прымяраюць гэтыя кнігі на сябе, на свае нацыянальныя трагедыі, на сваю гісторыю. І чалавечае гора, рэакцыя на яго, расповед пра гэта аказваюцца цалкам унівэрсальнымі. І ў гэтым адкрыцьці сакрэт фэнамэнальнага посьпеху ў сьвеце кніг Сьвятланы Алексіевіч. Яе паўсюль прымаюць аднолькава. Гэта кнігі ўнівэрсальныя.

 

«Ва ўсім падпарадкоўвацца большасьці — абсалютны тупік у разьвіцьці»


У сьнежні 2010 году Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, дзе заклікала вызваліць паэта Ўладзімера Някляева, які быў за кратамі, які быў моцна зьбіты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І вы тады актыўна выступалі ў абарону паэта, выдалі ягоную кнігу вершаў. Маглі б вы назваць імёны самых важных для вас людзей, якія для вас атаясамліваюцца зь Беларусьсю.

 — Сьвятлана Алексіевіч, безумоўна. І побач зь ёй мне цяжка некага паставіць. Я, на жаль, вельмі мала ўзаемадзейнічаю цяпер з палітычнымі дзеячамі Беларусі. Валодзю Някляева я ня мог не падтрымаць. Ён зьдзейсьніў тады мужны крок, грамадзянскі ўчынак, як мы разумеем, безь вялікіх шанцаў на посьпех і зь вельмі вялікімі шанцамі на непрыемнасьць, якія ж адразу і зьявіліся. Мне неаднаразова прыходзілася спрачацца наконт яго вылучэньня на прэзыдэнта. Многа сымэтрычнага адбывалася і ў Расеі. Але я быў на яго баку, і аргумэнт у мяне адзін.

 Я гэты аргумэнт даўно сфармуляваў і заўсёды ўжываю: у грамадзяніна перад Радзімай ёсьць ня толькі канстытуцыйны абавязак плаціць падаткі, служыць у войску і гэтак далей, але ёсьць яшчэ і маральны абавязак — думаць пра лёс Радзімы і выказваць свае думкі. Калі табе затыкаюць рот, то твой маральны абавязак, грамадзянскі абавязак — супраціўляцца гэтаму. А калі затыкаюць рот некаму іншаму, то твой грамадзянскі абавязак — не дазваляць гэтага.

 

Калі нам кажуць пра выбар большасьці, пра падпарадкаваньне волі народа, то гэта хітраватыя словы, гэта падман. Ва ўсім падпарадкоўвацца большасьці — абсалютны тупік у разьвіцьці. Гэта ў вельмі архаічных грамадзтвах тыя, хто пацярпеў паразу, станавіліся рабамі пераможцаў. Мы ж, дзякуй Богу, гэты этап прайшлі.

 У нармальнай, слушна арганізаванай краіне, пераможцы перамагаюць не дзеля таго, каб навекі заткнуць раты астатнім, а яны перамагаюць толькі часова, на той час, пакуль на іх спадзяюцца, а калі вера сыходзіць, то сыходзяць і былыя пераможцы. Я думаю, што Валодзя паводзіў сябе як сапраўды грамадзянін, разумеючы свой грамадзянскі абавязак.

На здымку: Барыс Пастарнак у гасцях у Святланы Алексіевіч у яе доме ў Сілічах


Дата стварэння навіны 07.04.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку