АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Карупцыянеры раскрадаюць 15–20% ВУП Беларусі

Карупцыянеры раскрадаюць 15–20% ВУП Беларусі
07.04.2018
Пра эфектыўнасць кіравання пры наяўнасці такой карупцыі ўвогуле казаць не даводзіцца. Чаму Лукашэнка не можа перамагчы карупцыю?

Афіцыйны беларускі лідар пастаянна звяртаецца да тэмы карупцыі. Падчас нядаўняга вялікага семінара-нарады па развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны Аляксандр Лукашэнка чарговым разам папярэдзіў кіраўнікоў пра непазбежную адказнасці за карупцыю.

 “Запомніце — ад старшыні райвыканкама і да прэм’ер-міністра, — гэта кадравы рэестр прэзідэнта. І ўсё, што з ім зваязана, мне дакладаюць імгненна па пытаннях карупцыі, крадзяжоў ды іншых пытанняў. І даравання вы не чакайце!” — прыгразіў аратар.

Паводле Лукашэнкі, у некаторых рэгіёнах “людзі ўжо стогнуць”. “Справаў няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазні і заканчваючы уласным, і для дзяцей, і для сябе жытлом, указанні раздае”, — абураўся кіраўнік дзяржавы. Ён параіў прысутным, што лепш быць жабраком, але на волі, чымся заможным, але за кратамі.

Чаму ж шматгадовая барацьба з карупцыяй у Беларусі не мае поспеху? На гэтую тэму НЧ пагутарыў са старшынёй юрыдычнае камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта, былым суддзёй і адвакатам Гары Паганяйлам.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у тым ліку, і на хвалі абяцанняў перамагчы карупцыю. Чаму дагэтуль тая тэма застаецца на парадку дня?

— Ён выбудаваў такую сістэму ўлады, якая па сутнасці спараджае карупцыю. Пры адсутнасці дэмакратыі, незалежных СМІ, кантролю за дзеяннямі ўладаў з боку народа ні пра якую барацьбу з карупцыяй казаць нельга. З іншага боку, сістэма ўлады, выбудаваная пад аднаго начальніка, якая прасякае ўсе кіроўныя структуры ад нізу да верху і падпарадкоўваецца старэйшаму, спрыяла арганізацыі кругавой парукі, піша Новы час.
Караюць за карупцыйныя здзелкі, злачынствы толькі тых, на каго ўкажа гэты спадар. Усе службы працуюць толькі на яго, яны абсалютна не самастойныя, яны не могуць праявіць уласную ініцыятыву і давесці справу да канца. А ён сам дэманструе, што такіх мярзотнікаў, аказваецца, можна прабачаць, вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Падобныя нарматыўныя прапановы ён нават прапіхнуў праз парламент, і яны сёння прысутнічаюць у нашых крымінальна-працэсуальных законах. Таму карупцыянеры ведаюць, што нават калі іх зловяць, то яны могуць разлічваць на тое, што гаспадар іх памілуе.

У дадзеным выпадку сама сістэма размеркавання бюджэту, тое, чым распараджаецца дробны начальнік у сельскім савеце, і заканчваючы адміністрацыяй прэзідэнта, —усё гэта знаходзіцца пад імі бескантрольна.

Ледзь не кожны тыдзень, а то і часцей мы чуем пра затрыманні кіраўнікоў і чыноўнікаў рознага ўзроўню менавіта па карупцыйных справах. Яны што, нічога не баяцца?

— Пры такіх падыходах і такой барацьбе з карупцыяй кожны з іх разлічвае, што магчыма, яго пранясе, ён адчувае сябе на сваім месцы “часавіком”, на якога няма ніякага ўздзеяння апроч крыку гаспадара, ён удзельны князь і робіць усё, што хоча, на сваёй тэрыторыі. І такімі паўнамоцтвамі гаспадар, па сутнасці, узнагародзіў усіх начальнікаў. Для некаторых з іх непатрэбныя ні суды, ні што іншае — яны самі сабе гаспадары. Яны — маленькія бажкі, маленькія начальнікі і самі сабе суддзі. І ён дакладна такі ж самы, але па тэрыторыі на ўсю дзяржаву — і цар, і бог, і вайсковы начальнік. І суддзя для ўсіх.     

— Дык ці вядзецца сапраўдная барацьба з карупцыяй у Беларусі?

— Рэальнай барацьбы няма. Пракуратура фармальна каардынуе дзейнасць па барацьбе з карупцыяй, але насамрэч яна бяззубая, сапраўднае следства па гэтых справах вядуць МУС, КДБ і ДФР. Пры гэтым усе цудоўна разумеюць, што складана каардынаваць сілавыя структуры, дзе ёсць аператыўныя службы. Прычым гэта гульня, калі можна і самім атрымаць па зубах, нарваўшыся не на таго альбо не ўзгадніўшы пазіцыю па прыцягненні да крымінальнае адказнасці.

Таму яны глядзяць у рот, чакаюць адмашкі, калі гаворка ідзе пра буйных карупцыянераў, ды нават пачынаючы з раённага начальніка. Ён пастаўлены на пасаду на раён прэзідэнтам, і без ягонага ведама ні мясцовы пракурор, ні мясцовы начальнік следчага аддзелу, ні мясцовы кагэбіст не можа яго нават крануць. Трэба бегчы на даклад да гаспадара, і толькі калі той пагодзіцца, што мясцовы начальнік “зарваўся” і трэба яго прыцягваць да адказнасці, то тады яго прыцягваюць.     

Аналагічная сітуацыя на абласным узроўні, на ўзроўні савета міністраў, адміністрацыі прэзідэнта. Гэта ўсе ягоныя кадры — міністры, іх намеснікі, кагосьці ён наўпрост прызначае, кагосьці апасрэдавана, тым не менш, гэта людзі з ягонага кадравага рэзерва. Убачыўшы, як гэта робяць начальнікі, драбнейшыя мышы паводзяць сябе гэткім жа чынам.

— Чаго карупцыя каштуе нашай краіне?

— Незалежныя эксперты кажуць, што ў Беларусі раскрадаецца 15-20% ВУП. Гэта велізарныя матэрыяльныя сродкі! І раскрадаецца гэта не шараговымі грамадзянамі, а карупцыя звязана найперш з выкарыстаннем адказнага становішча, тых паўнамоцтваў, якімі надзелена адказная асоба, што мае магчымасць варочаць гэтымі сумамі і перанакіроўваць у сваю ўласную кішэню частку таго, чым гэтая асоба распараджаецца.

— Калі такі ўзровень карупцыі застанецца, якія наступствы гэта можа мець для Беларусі ў далейшым?

— Па-першае, само кіраванне будзе дэградаваць. Пра эфектыўнасць кіравання пры наяўнасці карупцыі ўвогуле казаць не даводзіцца. Ты можаш ганяць сваіх чыноўнікаў колькі заўгодна, але сама сістэма будзе спараджаць гэтыя выпадкі. І тут нічога не зробіш. Значыцца, трэба мяняць сістэму, а кіраўнік дзяржавы гэтага не хоча, бо цудоўна разумее, што за гэтым пойдуць і палітычныя перамены. У тым ліку, магчыма, і пазбаўленне яго ўлады.
Таму пры адсутнасці дэмакратычных пераменаў, без змяненняў у сістэме ўладных паўнамоцтваў, падсправаздачнасці, без стварэння сістэмы стрымлівання і супрацьвагаў нічога не будзе. Парламент не кантралюе ўрад, Саўмін не можа пракантраляваць сваіх больш дробных падначаленых ажно да мясцовага кіравання.

Незалежнай прэсы няма, як і незалежных грамадскіх аб’яднанняў, якія маглі б ад імя народа кантраляваць у тым ліку і сілавыя блокі па барацьбе з карупцыяй. Ніякай інфармацыі няма, яна жорстка дазуецца нават для дзяржаўных СМІ, таму ў гэтых балотных умовах карупцыя проста квітнее. Незалежныя суды таксама адсутнічаюць, а гэта значыць, што прымаць рашэнні нават па карупцыйных справах можна толькі пасля ўзгаднення з “вярхамі”. Нават суддзі не могуць вырашаць гэтую праблему ў адпаведнасці з прадпісаннем закона.    

 


Дата стварэння навіны 07.04.2018

Возврат к списку