АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Фядута: "Мне ніколі не плацілі за тое, што я займаюся навукай"

Фядута: "Мне ніколі не плацілі за тое, што я займаюся навукай"
07.04.2018
Днямі ў Казіміраўскім палацы ў Варшаве беларускі літаратуразнавец, палітолаг Аляксандр Фядута атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі.

4 красавіка 2018 года. Аляксандр Фядута на ўручэнні ўзнагароды імя Льва Сапегі. Фота: Дзяніс Дзюба, Белсат
Прэмія была ўручана трынаццаты раз 4 красавіка ў дзень нараджэння выбітнага дзеяча ВКЛ Льва Сапегі. "Народная Воля" паразмаўляла з лаўрэатам пра ўражанні, чаканні і наступствы ад такой падзеі.

— Спадар Аляксандр, якія былі першыя ўражанні па ўручэнні прэміі?

Першае і галоўнае, што трэба адзначыць – вылучала мяне навуковая Рада філалагічнага факультэта Ягелонскага ўніверсітэта.

Ягелонскі ўніверсітэт – гэта пераемнік той Кракаўскай Акадэміі, дзе ў 16-ым стагоддзі атрымаў бакалаўрэат Францішак Скарына. Прыемна разумець, што тая самая вучэльня назвала цябе вартым таго, каб падтрымліваць гонар Францішка Скарыны. Гэта планка ўстаноўлена вельмі высока, і трэба на яе арыентавацца.

Я быў крануты тым, што пасля дакладу выкладчыкі, з якімі я не быў знаёмы, падыходзілі, каб задаць пытанні. Быў крануты размовай з Эльжбетай Смулковай, хоць мы з ёй даўно знаёмыя — яна была паслом, я быў сакратаром Саюза моладзі, так і пазнаёміліся, – але навуковых кантактаў ніякіх не было. І калі яна падышла, каб дзесяць хвілін задаваць пытанні па маім дакладзе — гэта значыць, што ёй было цікава. Для мяне гэта сапраўды неверагодны гонар.
— Дзякуючы ўзнагародзе вы будзеце выступаць з лекцыямі ў польскіх універсітэтах…

— З жонкай пасмяяліся: я ўпершыню пайду ў вандроўныя шкаляры. Навучальны год буду вандраваць паміж рознымі польскімі ўніверсітэтамі. Зараз калі падыходзяць і паведамляюць: «Так, я ўжо ведаю, на якіх факультэтах і на якіх спецыяльнасцях вам трэба прачытаць сваю лекцыю», я думаю: «Мама дарагая, я не змагу чытаць лекцыю на польскай мове». Адна справа, калі чытаеш дваццаціхвілінную прамову, перакладзеную загадзя, а іншая справа, калі трэба імправізаваць і адказваць на пытанні. На што мне кажуць: «Спакойна! Тыя каму трэба, рускую мову разумеюць». Спадзяюся, што ў хуткім часе зразумеюць і беларускую.

Выкладанне плануецца ў пяці ўніверсітэтах — Варшаўскі, Кракаўскі Ягелонскі, Познаньскі імя Адама Міцкевіча, Вроцлаўскі і Беластоцкі. Там забяспечваецца жыллё, каб я мог там заставацца і камунікаваць з калегамі, наведваць архівы, музеі і гэтак далей.

— Пра што будуць лекцыі?

— Гісторыя, літаратура, 19-е стагоддзе — тое, чым я займаюся.

Галоўнае для мяне — адказнасць за тое, што я ў пэўным сэнсе як лектар прадстаўляю  акадэмічную школу Беларусі. У Беларусі могуць не ведаць навукоўца Аляксандра Фядуту, але Аляксандр Фядута як навуковец будзе чытаць колькі лекцый у гэтых паважаных акадэмічных установах. Хочацца разглядаць сябе як сябра агульнай навуковай супольнасці Беларусі.

Мне ўжо зразумела, што па выніках будзе кніга. Я пішу яе ўжо зараз: на напісанне кнігі вылучыла грант Літоўскае пасольства. У выніку, асноўны зачын зроблены дзякуючы літоўцам. Першая кніга плануецца ў снежні ў Мінску на рускай мове. А ўжо па выніках наступнага года будзе рукапіс, што будзе перакладацца на польскую.
Для кнігі мне якраз патрэбныя польскія архівы. На ўручэнні кожны лаўрэат чытае лекцыю на тэму сваіх навуковых пошукаў, і мне было вельмі прыемна, што сябры навучальнай Рады падыходзілі і казалі пра тое, што ім спадабаўся мой даклад, што ён змястоўны, і кніга сапраўды чаканая, бо даклад закранае важныя праблемы — пошук нацыянальнай, этнічнай ідэнтычнасці.

— Што вы чакаеце знайсці ў архівах?

— Справа ў тым, што я зараз працую над біяграфіяй Францішка Малеўскага – гэта сын рэктара Віленскага ўніверсітэта, сябар, а пасля і сваяк Адама Міцкевіча.  Архівы захоўвюцца найперш у Ягелонскім універсітэце, частка ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. У славутай бібліятэцы Вроцлава захоўваюцца паперы, звязаныя з ім, частка іх лістоў. А ў Варшаўскім архіўным музеі літаратуры і мастацтва ляжыць сямейны архіў Малеўскіх. Там вельмі шмат усяго.

І я вельмі ўдзячны за тое, што ў свой час я змог звярнуцца да гэтай тэмы дзякуючы Літоўскай амбасадзе ў Беларусі. Францішак Малеўскі, як дырэктар Літоўскай метрыкі — захавальнік гістарычнай памяці трох народаў — беларусаў, літоўцаў і палякаў. Тэма цікавая, вельмі актуальная. А паколькі 2018 год – гэта 220-годдзе Адама Міцкевіча, год двухсотгоддзя таварыства філаматаў, да якіх належаў і Міцкевіч, і Малеўскі – для мяне гэта вельмі сімвалічна.

Я месяц працаваў у Маскоўскіх архівах. І калі атрымоўваеш на рукі справу і бачыш, што ты першы чалавек за 150 год, які трымае гэтыя паперы, то думаеш сабе – аёечкі!

Год, калі я буду займацца навукай – гэта мара: мне ніколі не плацілі за тое, што я займаюся навукай. Я так ненавідзеў палітыку! Я і зараз яе не люблю. А навука падабаецца, і спадзяюся, што ўсё будзе добра.

— Пытанне хутчэй датычнае выдавецкай дзейнасці: якіх кніг, якой літаратуры вам на сёння не хапае?

— Ведаеце, мне не хапае даведнікаў па гісторыі Беларусі, мемуарных выданняў па гісторыі Беларусі. Менавіта таму я распачаў серыю “Беларуская мемуарная бібліятэка” Высветлілася, што я, Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, вядомая даследчыца і архівіст, мы адначасова прыйшлі да гэтага. І зараз мы робім гэту серыю разам. Мне не хапае звестак пра асобаў, якія былі звязаны з Беларуссю. Мемуарная біяграфістыка ў Беларусі толькі пачынаецца. Таму, напрыклад, мы зрабілі беларускі біяграфічны альманах “Асоба і час”. Не хапае навуковых выданняў тых аўтараў, якія па аб’ектыўных або палітычных падставах апынуліся па-за ўвагай нашай навуковай літаратуразнаўчай навукі.

Дзякуй Міхасю Скоблу, Сяргею Шапрану за тое, што яны робяць. Вось зараз далучылася Ганна Севярынец. Мы гэта выдаем – і гэта патрэбна, гэта тое, што цікавіць, як высвятляецца, не толькі мяне. Калі Скобла падрыхтаваў двухтомнік Геніюш, то разумееш, што ніхто ніколі больш грунтоўна гэта не выдасць. Выдалі двухтомнік Уладзіміра Дубоўкі. Падрыхтавалі і выдалі, дзякуючы ў тым ліку Святлане Алексіевіч, якая дазволіла карыстацца яе імем. Гэта не поўны Дубоўка, але на сёння – самы поўны збор, і людзі, якія будуць вывучаць творчасць Дубоўкі, будуць карыстацца гэтым двухтомнікам яшчэ год 50, аж пакуль не выйдзе чатырохтомнік. А на гэты двухтомнік чытачы самі збіралі грошы — падпісваліся на яго.

Што тычыцца мемуараў, то я ўжо бачу навуковыя працы, якія абапіраюцца на гэтыя мемуарныя серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Ты чытаеш гэта і думаеш – ваў!

Аляксандр Фядута (пяты злева) з журы ўзнагароды імя Льва Сапегі. Фота: Дзяніс Дзюба, Белсат
Пра прэмію
Узнагарода Аляксандру Фядуце ўручана за навуковыя дасягненні, у тым ліку за абароненую ў 1997 годзе кандыдацкую дысертацыю «Праблема чытача ў творчай свядомасці А.С.Пушкіна» (Ялецкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Ліпецкая вобласць Расіі) і атрыманне звання хабілітаванага доктара гуманітарных навук (Ягелонскі ўніверсітэт) у 2017 годзе. Фядута вядомы як даследчык гісторыі і літаратуры XIX стагоддзя, а таксама літаратурных і гістарычных адносін Польшчы, Беларусі і Расіі.

Прэмія была ўручана 4 красавіка, у дзень нараджэння Льва Сапегі, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, у зале сената Варшаўскага ўніверсітэта.

Прэмію імя Льва Сапегі заснавалі ў 2006 годзе названыя вышэй польскія ВНУ для беларусаў, якія робяць унёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці і будаўніцтва незалежнай Беларусі, што арыентаваная на Еўропу і выкарыстоўвае найлепшыя гістарычныя традыцыі Рэчы Паспалітай, а таксама ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Лаўрэатамі прэміі з’яўляюцца Валянцін Голубеў (гісторык і палітык), Язэп Янушкевіч (пісьменнік, перакладчык), Сяргей Токць (гісторык), Аляксандр Жлутко (гісторык), Уладзімір Ляхоўскі (гісторык), Андрэй Ляховіч (палітолаг, аналітык), Алесь Лагвінец (палітолаг), Пётр Рудкоўскі (філосаф, тэолаг), Іна Соркіна (гісторык), Аляксандр Смалянчук (гісторык), Алесь Бяляцкі (праваабаронца), Артур Клінаў (мастак, літаратар).



Дата стварэння навіны 07.04.2018

Возврат к списку