АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Пераўтварэнне Беларусі ў IT-краіну не знізіць запатрабаванасць у міфах

Пераўтварэнне Беларусі ў IT-краіну не знізіць запатрабаванасць у міфах
05.04.2018
Беларусь не з’яўляецца часткай Еўразіі, што, аднак, не перашкаджае еўразійству глыбока ўкараніцца ў беларускай прасторы.

Кароткі курс сучаснай міфатворчасці
Пераўтварэнне Беларусі ў IT-краіну не знізіць запатрабаванасць у міфах.

Днямі я, згодна з прынцыпам «лепш позна, чым ніколі», вырашыў далучыцца да facebook. Зарэгістраваўся. Паблукаў па старонках знаёмых мне людзей. Паспрабаваў паўдзельнічаць у дыскусіях. Дый як утрымацца, калі натыкаешся, да прыкладу, на наступнае выказванне вядомага беларускага палітолага: «У адпаведнасці са сваёй гістарычнай прыродай, вопытам і спадчынай, Беларусь не толькі не з’яўляецца часткай «Еўразіі» як геапалітычнай прасторы (спадчына імперыі манголаў), але была і застаецца пачаткам, што ёй супрацьстаіць. <...> Лукашэнка, па сваім характары, еўразіец — інтэгральны элемент еўразійскага свету, з дапамогай якога еўразійства глыбока ўкаранілася ў беларускай прасторы. Яго ўплеценасць у еўразійства ніколі не дазволіць яму выказваць і абараняць інтарэсы Беларусі — па той простай прычыне, што ён іх не ўсведамляе і не разумее».

Вось такая загагуліна паліталагічнай думкі. Беларусь не з’яўляецца часткай Еўразіі, што, аднак, не перашкаджае еўразійству глыбока ўкараніцца ў беларускай прасторы.

На гэтым спіс парадоксаў не заканчваецца. Адзіны палітык (АП), што пяты тэрмін утрымлівае ўладу, аказваецца, не здольны выказваць і абараняць інтарэсы Беларусі. Больш за тое — нават не ў стане іх усвядоміць і зразумець. Ну чысты марсіянін!
Крыху сацыялогіі
За апошнія дні падчас размоваў на разнастайных тусоўках мне неаднаразова даводзілася цытаваць вызначэнне дзяржавы, якое я запазычыў з кнігі «Новая імперская гісторыя Паўночнай Еўразіі»: «Дзяржава — не матэрыяльны і бачны будынак, а сістэма адносін і асаблівы спосаб сацыяльнага мыслення».

Магчыма, пры поглядзе на беларускую дзяржаву з далёкага космасу, яна і будзе выглядаць маналітам. Але ўжо з нізкай касмічнай арбіты і без адмысловай оптыкі пачнуць праступаць дэталі ў выглядзе інтарэсаў розных узроставых, прафесійных, гендарных і іншых груп. І гэтыя інтарэсы часта не толькі не супадаюць, але, здараецца, і ўзаемавыключаюць адзін аднаго.

Дзе ж у гэтай разнастайнасці інтарэс самой Беларусі? А ён не існуе — і не можа існаваць! — у выглядзе выразна артыкуляванага ды аднойчы і назаўсёды дадзенага.

Аўтар прыведзенага ў пачатку артыкула выказвання пра ёўразійства з такой катэгарычнай высновай наўрад ці пагадзіўся б. Мяркую, ён сябе адчувае еўрапейцам, але з гэтага факту не вынікае, што ўсё нееўрапейскае, усё еўразійскае не наклала свой адбітак на «спосаб сацыяльнага мыслення», дзякуючы якому стала магчымым існаванне беларускай дзяржаўнасці.

А цяпер — крыху сацыялогіі ад НІСЭПД. У сакавіку 2009 года на пытанне «Ці адчуваеце вы сябе еўрапейцам, ці адчуваеце вы сваю прыналежнасць да культуры і гісторыі еўрапейскага грамадства?» сцвярджальна адказалі 37%, адмоўна — 53% і не здолелі вызначыцца з адказам — 10%.

Калі ўсіх нееўрапейцаў разам з тымі, хто не здолеў адказаць, лічыць еўразійцамі (што ў першым набліжэнні будзе не так ужо і далёка ад ісціны), то мы атрымаем цалкам стандартныя суадносіны для расколатага грамадства. Ці здагадваецца АП пра інтарэсы беларускай большасці, ці гатовы ён іх абараняць? Дык ён жа толькі гэтым і заняты на працягу ўжо амаль 24 гадоў!
Іншая справа, што АП не заўважае меншасць, ядро якой складаюць маладыя, адукаваныя жыхары вялікіх гарадоў. Гэта значыць, не заўважае тых, хто ў наш дынамічны час уносіць асноўны ўклад у развіццё. Адсюль і вынік, агучаны АП на нарадзе 2 сакавіка. Нагадаю чытачам, што пры росце сусветнага ВУП за сем апошніх гадоў на 25%, рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6%.

«Гэта святое»
Міфалагічныя ўяўленні не маюць патрэбы ў тэарэтычных абгрунтаваннях, што дазваляе ім на працягу дзесяцігоддзяў існаваць паралельна. Але ў медаля «За адданасць міфам» ёсць і адваротны бок, бо міф, паводле гісторыка Уладзіміра Булдакова, «вырастае на глебе агульнага страху перад варожым асяроддзем».

Для АП у якасці такога выступае мадэрнізаваная меншасць, а для многіх незалежных беларускіх аналітыкаў — еўразійская большасць. Выхад з дыскамфортнага стану ў абодвух выпадках знаходзіцца праз стварэнне міфа пра адзіны беларускі народ. Гэта адзінства дасягаецца шляхам адмаўлення варожаму асяродку ў праве на існаванне.

Здавалася б, пры наяўнасці сучасных сродкаў масавых камунікацый, якія дазваляюць з дапамогай некалькіх клікаў адшукаць любую інфармацыю, у грамадскай свядомасці месца для веры і міфаў не застаецца. Але не ўсё так проста. «Міф, — тлумачыць дырэктар Лявада-цэнтра, сацыёлаг Леў Гудкоў, — па сутнасці сваёй ірацыянальны. Менавіта таму сродкаў барацьбы з ім практычна няма. Інтэрнэт — гэта ўсяго толькі інструмент перадачы. Яму ўсё роўна, што трансляваць, — міф ці інфармацыю, якая развейвае гэты міф».

Міф працуе на спрашчэнне. Інакш ён не можа быць татальным. Адсюль схільнасць спецыялістаў па міфатворчасці да стварэння эпічных палотнаў з дапамогай двух колераў — чорнага і белага. Ёсць свае (еўрапейцы) і ёсць ворагі (еўразійцы). Ёсць «наша Перамога» і ёсць тыя, хто хоча яе ў нас забраць. Сярэдзіны не дадзена, таму нявызначаных — супраць іх волі — тут жа запісваюць у лагер ворагаў.

Спіс афіцыйных міфаў, што рэгулярна тыражуюцца прапагандай, шырокі. Каб далёка не хадзіць за прыкладамі, звярнуся да інтэрв’ю АП, якое ён даў грузінскаму тэлебачанню 23 сакавіка. Інтэрв’ю пачалося з разваг пра моцную прэзідэнцкую ўладу, якая выратавала краіну ад спусташэння. Далей ішоў плаўны пераход на тэму прышчэпкі нашаму народу імунітэту да ўзрушэнняў і рэвалюцый («Наш народ на гэта ніколі не пойдзе»), пасля чаго АП папрасіў тэлежурналістаў не хвалявацца за стабільнасць у Беларусі: «Гэта святое для нас. Гэта наш брэнд. І мы яго не збіраемся кудысьці выкідаць».
Калі пагадзіцца з Бібліяй, то гісторыя чалавецтва пачалася з выгнання Адама і Евы з раю. З тых часоў масавае імкненне вярнуцца пад райскія шаты выклікана не колькі праклёнам, які абавязвае чалавека праз пот здабываць хлеб свой надзённы, колькі жаданнем зноў апынуцца ў беспраблемным свеце, у якім не трэба пастаянна рабіць асабісты выбар. Менавіта такі свет і абяцаюць стварыць палітычныя міфатворцы, і АП у іх шэрагу — не выключэнне.

Грэх спрашчэння
Яшчэ адна асаблівасць фэйсбучных палітызаваных дыскусій — імкненне ацэньваць грамадства ў цэлым паводле індывідуальных крытэраў. У якасці прыкладу прыводжу амаль гамлетаўскае пытанне ўжо цытаванага ў пачатку артыкула палітолага: «Дык разумны наш народ ці дурны?»

Мне ўжо неаднаразова даводзілася адзначаць, што народы не бываюць ні разумнымі, ні дурнымі, ні добрымі, ні злымі. Усе яны рухаюцца ў адным кірунку, але з рознай хуткасцю, ад аграрнай эканомікі да індустрыяльнай і постіндустрыяльнай, і ацэньваць носьбіта аграрнай культуры па мерках культуры постіндустрыяльнай — занятак надзвычай бессэнсоўны.

Праілюструю дадзеную азбукавую ісціну на прыкладзе, запазычаным у культуролага Андрэя Пеліпенкі: «Давайце ўявім сітуацыю, калі ў якой-небудзь заходняй краіне ўрад прыняў непапулярны закон. Што робіць грамадства? Самаарганізуецца ў суполкі і легітымным шляхам з дапамогай палітычнай і грамадскай актыўнасці дамагаецца адмены закону або яго перагляду. Што ў аналагічным выпадку адбываецца ў нас, дзе колькасць ідыёцкіх і невыканальных законаў на парадкі вышэйшая? Кожны ціха і ў адзіночку абыходзіць закон, як можа».

Ці правільна патлумачыць такія паводзіны нашага чалавека глупствам? Я б не спяшаўся з падобнай высновай. Пазбаўлены ўнутранай крыніцы парадку, тыповы прадстаўнік нашай большасці не будзе бунтаваць супраць улады, бо няма для яго нічога страшнейшага за безуладдзе. Таму ўладзе ён даруе ўсё. Дакладней, любое асуджэнне яе неправавых дзеянняў псіхалагічна блакуецца.
Падсудная ўлада не можа быць сакральнай, адсюль тая энергія, з якой сістэма ратавала ад пакарання сваіх! Колькі ў памяці ні шукай, а ўзгадаць прыклад публічнай адказнасці ўлады перад грамадствам не атрымліваецца. Іншая справа — адказнасць падначаленых перад начальнікамі! Перад начальнікам — калі ласка. Адказнасць жа ўлады перад законам раўнасільная дэманстрацыі слабасці і непаўнавартасці.

Безумоўна, калі аўтар «Азбукі паліталогіі» аддзяляе ўладу ад народа (грамадства), ён сам упадае ў грэх спрашчэння. 70-тысячны калектыў участковых выбарчых камісій — гэта ўлада ці народ? Мяркуючы па прафесійным складзе — народ. А калі ацэньваць з пункту гле­джання ўкладу ў падтрыманне стабільнасці «беларускай ма­дэлі» — адзін з найважнейшых дзяржаўных інстытутаў.
* * *
Для вырошчвання агуркоў на дачы цалкам можа хапіць навыкаў, атрыманых «ад жыцця». Зрэшты, АП так робіць і пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што беларусы ездзяць за пакупкамі ў Еўропу, а не еўрапейцы ў Беларусь.
Сяргей Нікалюк, Новы час



Дата стварэння навіны 05.04.2018

Возврат к списку