АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Якую ролю грае Беларусь у дачыненнях паміж Расіяй і Захадам?

Якую ролю грае Беларусь у дачыненнях паміж Расіяй і Захадам?
04.04.2018
Меркаванне палкоўніка рэзерву амерыканскага войска Рэй Вуйціка.

Палкоўнік рэзерву амерыканскага войска Рэй Вуйцік, дырэктар варшаўскага прадстаўніцтва Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі і былы вайсковы аташэ ЗША ў Польшчы, у першай частцы інтэрв’ю Сяргею Пелясе – пра тое, як Расія можа пачаць інфавайну супраць Беларусі, незалежнасць нашай краіны і новую вайсковую дактрыну Менска.

Як вы думаеце, якую ролю грае Беларусь у дачыненнях паміж Расіяй і Захадам? Што вызначае гэтыя дачыненні?
Добра было б, каб роля Беларусі была канструктыўная, каб Беларусь дапамагла зліквідаваць разыходжанні паміж Расеяй і Захадам. Геаграфічна Беларусь займае вельмі важнае месца ў Еўропе. Яна неразрыўна звязаная з Расеяй палітычнымі праектамі ў галіне энергетыкі і бяспекі, прынамсі цяпер. Гэтая залежнасць Беларусі ад Расеі моцна ўскладняе ёй шлях на Захад, але беларусы так моцна жадаюць для сябе іншай будучыні, маюць так шмат энергіі, што гэта можа вельмі дапамагчы развіццю стасункаў паміж Еўропай, НАТО і Расеяй.

На вашую думку, Беларусь – гэта цалкам незалежны актор, ці Лукашэнка мусіць глядзець вакол сябе і аглядацца на Пуціна, на тое, што ён гаворыць?

Вядома, Беларусь не ёсць незалежным палітычным гульцом. У сферы палітыкі, бяспекі і, што яшчэ больш важна, у сферы энергетыкі ў краіне заўважна моцная прысутнасць Расеі, гэта ўсё ўскладняе. Нават калі б Лукашэнка сапраўды хацеў стацца незалежным гульцом – ён не можа. Такім чынам мы вяртаемся да пытання, наколькі роля Беларусі канструктыўная. У палітычных рашэннях у сферы бяспекі Беларусь часта выступае адзіным фронтам з Расеяй. Ёсць некаторыя прынцыпова новыя моманты, якія з’явіліся апошнімі гадамі, але ў цэлым Беларусь несумненна залежыць ад Расеі ды не можа быць незалежнаю цяпер.
Прыблізна два гады таму Беларусь прыняла новую вайсковую дактрыну. Цікава, што там з’явіўся новы важны запіс, звязаны з НАТО. Дазвольце я працытую: «падтрымліваючы добрасуседскія і ўзаемавыгадныя сувязі з Еўрапейскім Звязам, партнёрскія дачыненні з Арганізацыяй Паўночнаатлантычнай дамовы, Рэспубліка Беларусь імкнецца выбудоўваць раўнапраўны дыялог, павышаць адкрытасць і развіваць узаемаразуменне ў межах умацавання рэгіянальнай бяспекі». Ці вы заўважылі рэальныя эфекты ў палітыцы ў сувязі з гэтым новым параграфам? Бо ў папярэдняй дактрыне з 2001-га года не было нічога пра гэта.

Ідэя ўлучыць гэта ў дактрыну цудоўная. Безумоўна, гэта толькі словы ў гэты момант, але са словаў нараджаюцца ідэі, а з ідэяў – дзеянні. Я не заўважыў у гэтым нічога прынцыпова новага ў палітычным сэнсе, але для Захада і НАТО было паказальна, што Беларусь зрабіла заяву, што яна б хацела больш развіваць дачыненні з НАТО. Вядома, у сферы бяспекі такая супраца была б складанаю канкрэтна цяпер, зноў такі, праз шчыльныя кантакты беларускіх вайскоўцаў з Расеяй. Але заява насамрэч дае НАТО штосьці, з чым можна працаваць. Беларусь – удзельнік праграмы «Партнёрства дзеля міру», што дае ёй магчымасць браць удзел у некаторых захадах НАТО, а ў перспектыве – назіраць і прымаць удзел у вучэннях. Я мяркую, што гэтая заява – вельмі станоўчы сігнал для будучай супрацы НАТО і Беларусі.

Апошнімі тыднямі было шмат дыскусіяў пра магчымае адпраўленне міратворцаў на Данбас ва Украіне. Часта беларускія эксперты і беларускі бок казалі, што мы гатовыя адправіць беларускіх жаўнераў у якасці міратворцаў на Данбас. Як вы думаеце, ці для Вашынгтону прымальна пабачыць у якасці часткі гэтай міжнароднай місіі ў тым ліку невялікія беларускія аддзелы на Данбасе?

Выдатнае пытанне. Амбасадар Ўокер (рэд. Курт Ўокер, адмысловы прадстаўнік ЗША па Украіне) вельмі цікавіцца гэтаю тэмаю – міратворчаю місіяй Аб’яднаных Нацыяў. Важна трапіць за дэмаркацыйную лінію, паглядзець, як сепаратысты забяспечваюць свабоду перасоўвання і абарону назіральнікам АБСЕ, чаго ў гэты момант няма ў акупаваным Расеяй Данбасе. ААН і Захад, у першую чаргу еўрапейскія дзяржавы, прымаюць удзел у абмеркаванні пагаднення Менск-2, нам трэба вызначыць склад прапанаванай Беларуссю ўдзелу. Я думаю, што гэта неабавязкова кепская прапанова, усё залежыць ад таго, колькі іх будзе і каму яны будуць беспасярэдне падпарадкоўвацца ў межах місіі. Але добра было б зарганізаваць нейкую супольную дзейнасць з беларускімі вайскоўцамі. НАТО, ААН і еўрапейскія дзяржавы займаюцца пытаннем арганізацыі міратворчай місіі на Данбас. Але трэба вельмі добра падумаць перад тым, як пастанаўляць.

Іншая ініцыятыва Мінску называецца Хельсінкі-2. Гэта звязана з пераасэнсаваннем праблемаў бяспекі ў нашым рэгіёне. Маўляў, АБСЕ, то бок Хельсінкі-1 не зусім добра працуе. Як вы думаеце, ці ў Вашынгтоне і шырэй на Захадзе думаюць, што ёсць патрэба пераасэнсоўваць правілы гульні АБСЕ ў нашым рэгіёне, ці яно працуе добра, і няма патрэбы гэтага мяняць?

Гэта асаблівае не працуе, бо назіральнікам АБСЕ на Данбасе замінаюць. Расейскія сілы блакуюць дзейнасць місіі АБСЕ. Мне здаецца, прыйшоў час больш дэталёва заняцца мандатам АБСЕ ў такіх маніторынгавых місіях. Паглядзець, як мы вызначаем бяспеку працаўнікоў АБСЕ перад тым, як яны пачынаюць місію. Я не магу цяпер казаць ад імя ўраду ЗША, але як прадстаўнік аналітычнага цэнтру, які даследуе праблемы рэгіёну, я б падкрэсліў: варта паглядзець, якія заданні мы ставім перад місіяй АБСЕ, як вызначаем місію, як рыхтуем назіральнікаў АБСЕ, як абараняем, пры дапамозе каго, каб іх дзейнасць была паспяховая.
У мяне ёсць адчуванне, што дзякуючы Менску-2, гэтаму дыялогу ў пытаннях Данбасу, рэжым Лукашэнкі, Беларусь перастала быць «апошняю дыктатурай у Еўропе». Таксама з іншага боку, дзякуючы расейскай агрэсіі гэта не апошняя дыктатура. Гэтая ініцыятыва, Хельсінкі-2, выглядае, нібы яны спрабуюць атрымаць пункты як тыя, хто стварае стабільнасць, распаўсюджвае мір. Ці вы думаеце, Беларусь сапраўды распаўсюджвае мір, як месца, дзе розныя бакі могуць размаўляць пра мір і стабільнасць, ці гэта нейкая гульня ды стварэнне ілюзіі?

Трэба глядзець, які інтарэс мае Беларусь у развязанні данбаскага пытання, наколькі яна занепакоеная станам уласнай бяспекі.

Магчыма, Беларусь бачыць сябе як наступную цэль расейскай агрэсіі?

Так, менавіта. Трэба зразумець яе матывы – чаму Беларусь хоча паспрыяць развіццю гэтага дыялогу, чаму Беларусь рабіла адмоўныя каментары на адрас Расеі ў справе акупацыі Украіны. Для Беларусі гэта даволі нетыповая рэч – выступіць з меркаваннем, адрозным ад меркавання Расеі. Я мяркую, што тут ёсць пэўныя прагматычныя прычыны: Беларусь можа падазраваць, што яе ўласны суверэнітэт будзе наступны.

Калі Расея дасягне сваіх мэтаў ва Украіне, і Расеі штосьці не спадабаецца з таго, што робіць Беларусь – напрыклад, большая арыентацыя на Захад – у сферы эканомікі або невялікага адкрыцця на кантакты з НАТО, яна можа пачаць інфармацыйную вайну, выкарыстаць медыі, каб стварыць ды распаўсюдзіць гісторыю, што расейскамоўных на Беларусі пераследуюць ці неяк несправядліва ставяцца да іх – так, як гэта было ў выпадку Украіны, і абгрунтаваць неабходнасць умяшання.

Такім чынам Беларусі гэты крок патрэбны для дасягнення пэўнага балансу. Улады Беларусі спрабуюць заваяваць давер Захаду і паспрыяць станоўчым зменам у галіне бяспекі. Калі казаць пра эканоміку, то Расея шмат што дае і раней давала, але ўсё адно Беларусь шукае больш кантактаў з Захадам у практычных ды эканамічных мэтах.

Амерыканскія жаўнеры дапамагаюць абараняць Еўропу з часу Другой сусветнай вайны. Аднак некалькі гадоў таму Злучаныя Штаты пастанавілі перасунуць свае войскі на Усход. У Польшчу і балтыйскія дзяржавы, бліжэй да беларускай ды расейскай межаў. У чым была прычына гэтай перадыслакацыі? Магчыма, гэта звычайнае пытанне, але ведаеце, для беларусаў гэта не так проста: чаму амерыканцы набліжаюцца да Беларусі?

ЗША, іншыя краіны НАТО, ЕЗ, свабодная Еўропа былі шакаваныя тым, што адбылося ў Крыме і потым на Данбасе. ЗША прытрымлівалася такой пазіцыі: мы не ведаем, што будзе далей, мы не ведаем, ці Уладзімір Пуцін зробіць штосьці нечаканае пасля нелегальнай акупацыі Крыму і часткі ўсходняй Украіны. Ці расейскі прэзідэнт разглядае магчымасць чагосьці такога на тэрыторыі НАТО? Таму ў адказ на гэта ЗША пастанавілі размясціць свае войскі ў Польшчы, а потым разгарнуць іх у краінах Балтыі, рэгіёне Чорнага мора, каб правесці вучэнні. Гэта быў просты адказ на трывогу экзістэнцыйнага характару.
Мы не ведаем, што Пуцін мае ў планах, што датычыць НАТО. Але ў 2014-ым годзе Дзяржсакратар Злучаных Штатаў сказаў: «Расея не атрымае ані цалі тэрыторыі краінаў НАТО». Таму мы перакінулі свае войскі наперад і павялічылі іх прысутнасць, нашыя блізкія хаўруснікі з краінаў НАТО далучыліся да гэтага нашага адказу ў Балтыцы ды на ўсходнім флангу. Мы вельмі радыя і ганарымся тым, што іншыя краіны НАТО былі з намі тут – ЕЗ, вядома, таксама, да пэўнай ступені. Але мы паказваем асцярожны спадзеў, што прэзідэнт Пуцін бачыць нашую рашучасць – таму мы і назвалі аперацыю «Атлантычная рашучасць». Нашая рашучасць – гэта дэманстрацыя нашай вайсковай прысутнасці.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою, belsat.eu


Дата стварэння навіны 04.04.2018

Возврат к списку