АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Суддзя Вольга Гусакова адмовіла ў пазове дзельнікам «справы патрыётаў»

Суддзя Вольга Гусакова адмовіла ў пазове дзельнікам «справы патрыётаў»
04.04.2018
Сёння было абвешчанае рашэнне суда Маскоўскага раёну ў Менску па справе аб прычыненні маральнай шкоды фігурантам «справы патрыётаў».

Удзельнікам «справы патрыётаў» не кампенсуюць маральную шкоду за 4 месяцы ў СІЗА.

Сяргей Стрыбульскі, Віктар Мароз, Віктар Данілаў і Андрэй Дундукоў падалі ў суд калектыўны пазоў з патрабаваннем кампенсаваць маральную шкоду, якую яны атрымалі ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Яны ацанілі шкоду ў 100 тысячаў рублёў на кожнага.

Падчас разгляду справы прынеслі ў суд дакументы, якія, на іх думку, пацвярджаюць, што ўтрыманне пад вартай нанесла ім сур’ёзныя маральныя пакуты і паўплывала на стан здароўя не толькі іх самых, але і іх родных. Суддзя далучыла да матэрыялаў справы дакументы Віктара Данілава і Андрэя Дундукова, якія сведчаць пра іх валантэрства ў «Чырвоным крыжы».

Артыкулы ў праўладных СМІ, якія абражалі годнасць фігурантаў «справы патрыётаў», сюжэты і «выкрывальніцкія» фільмы-раследванні, якія рабіла Белтэлерадыёкампанія, суддзя адмовілася далучаць да справы, бо на яе думку, усе гэтыя матэрыялы не маюць дачынення да справы. Па яе словах, у справе разглядаецца шкода, якую прычынілі праваахоўныя органы, а не СМІ. Суддзя адзначыла, што хлопцы маюць права звярнуцца ў суд з асобным пазовам аб абароне гонару і годнасці.

Сёння ж суд пастанавіў не выплочваць кампенсацыю за маральную шкоду, бо лічыць, што ўсё было законна.

«Прынятае рашэнне не адпавядае здароваму сэнсу і Канстытуцыі. Вельмі непрыемна, калі цябе абвінавачваюць у тых злачынствах, якія ты не рабіў. Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне, але я не ўпэўнены, што суд зменіць сваё меркаванне», – кажа адзін з пазоўнікаў Віктар Данілаў.
Таксама ў судзе было адзначана, што па беларускім заканадаўстве, калі хочаш атрымаць кампенсацыю за маральную шкоду, спачатку трэба звяртацца ў органы крымінальнага пераследу, у дадзеным выпадку КДБ, каб яны пацвердзілі права на маральную кампенсацыю. Тут жа пазоўнікі адразу звярнуліся з пазовам у суд.

«Калі вы звяртаецеся па кампенсацыю маральнай шкоды ў сувязі з распаўсюдам інфармацыі, якая ганіць гонар і годнасць, вы ж не звяртаецеся спачатку да адказчыка і не запытваецеся: «А можна я на вас у суд падам?», – кажа Валянцін Стэфановіч, праваабаронца ПЦ «Вясна».

Праблема існуе і ў трактоўцы паняцця «незаконнае ўтрыманне пад вартай». Праваабаронца лічыць, што калі чалавек сядзеў у СІЗА пад вартай, а пасля крымінальная справа была спыненая па рэабілітуючых абставінах за адсутнасцю склада злачынства, то гэта значыць, што дзеянні органаў крымінальнага пераследу былі незаконнымі.

«Атрымліваецца дзіўная практыка. Калі вышэйстаячы суд адмяніў прысуд па рэабілітуючых абставінах, то кампенсацыю выплачваюць. А калі справа да суда не дайшла і была спыненая на этапе папярэдняга следства за адсутнасцю складу злачынства, то суд не задавальняе такія пазовы. А прынцыповай розніцы ў гэтых сітуацыях я не бачу», – зазначае Стэфановіч.
Нагадаем, што 21 – 22 сакавіка спецслужбы затрымалі 17 асобаў, якім прад’явілі абвінавачванне паводле артыкулу «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах». У выніку «справу аб масавых закалотах» раздзьмулі да 33 фігурантаў. Арышты пачаліся пасля заявы Лукашэнкі, якая прагучала 21 сакавіка на магілёўскім прадпрыемстве «Кронаспан», што затрыманыя баевікі са зброяй, якія правакавалі масавыя беспарадкі. А «лагерам баевікоў» аказаўся афіцыйна зарэгістраваным лагерам «Патрыёт» пад Асіповічамі. Пазней усіх адпусцілі, а справу закрылі. Большасць фігурантаў «справы патрыётаў» адседзела ў СІЗА каля 4 месяцаў.

 belsat.eu паводле spring96.org



Дата стварэння навіны 04.04.2018

Возврат к списку