АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Рэгістрацыя медый — гэта для ўладаў стары, выпрабаваны фільтр

Рэгістрацыя медый — гэта для ўладаў стары, выпрабаваны фільтр
03.04.2018
Кусачае, слаба кантраляванае Сеціва ўвесь час торгае беларускую ўладу

 І ў яе структурах, адказных за медыясферу, інфармацыйную бяспеку, ідэалогію, ужо не першы год маракуюць, як лепей прыціснуць вольніцу, крамолу ў Байнэце, піша nv-online
Цяперашні палітычны рэжым даўно, яшчэ ў сярэдзіне 90-х, узяў на цугундар друкаваныя выданні, радыё і тэлебачанне. А вось інтэрнэт дасюль адносна вольны. З ім цяжэй змагацца, бо гэта зусім іншая тэхналогія. Калі дзеля выдання газеты, напрыклад, трэба мець доступ да друкарні, паперу, памяшканне для рэдакцыі — карацей, цэлую гаспадарку, на якую лёгка наехаць, то напаўняць сайт можна ў літаральным сэнсе з ноўтам на калене.

Прычым кампактныя, дынамічныя недзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы паводле папулярнасці пакідаюць далёка ззаду монстраў дзяржаўнай прэсы. Бо перавага незалежных вэб-медый ды асобных блогераў — вострае, трапнае вольнае слова, якое не фільтруецца ды не ўзгадняецца ў інстанцыях. Гэтыя медыі працуюць хутчэй і не рэтушуюць праблемы, кажуць як ёсць.

Праект паправак у закон аб СМІ, які атрымала з Палаты прадстаўнікоў ды абнародавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, пацвярджае засцярогі незалежнай супольнасці, што ўзніклі яшчэ летась, калі пра падрыхтоўку новай рэдакцыі закона аб СМІ, якая мусіць закрануць найперш “выступленні ў сацсетках, інтэрнэце”, згадаў на тэлебачанні міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.

Пра што законапраект
Праект, што трапіў днямі ў БАЖ, відавочна мае на мэце закруціць гайкі. Адпаведныя магчымасці Міністэрства інфармацыі ўзмацняюцца.

У прыватнасці, уводзіцца рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ. Рэгістрацыя медый — гэта для ўладаў стары, выпрабаваны фільтр. Так, у выпадку сайтаў яна добраахвотная, але без яе вэб-журналісты трапяць у касту адрынутых. Іх не будуць акрэдытоўваць, пускаць на нейкія важныя мерапрыемствы. Любы чыноўнік можа сказаць “ад вінта” пры запыце на інфармацыю. Затое міліцыянты на масавых акцыях такіх рэпарцёраў без “корачкі” будуць браць з задавальненнем.

Зарэгістравацца будзе не раз плюнуць. Статус рэдакцыі здолее атрымаць толькі юрыдычная асоба, якой трэба мець памяшканне ў нежылым фондзе, на рэдактара можа прэтэндаваць толькі той, у каго не меней за пяць гадоў стажу на кіроўных пасадах у СМІ. Для многіх “вольных стралкоў”, якія ніколі не праціралі штаны ў крэслах афіцыйных медыйных начальнікаў, гэта апрыёры непераадольны бар’ер. Раней ён узнікаў перад незалежнымі друкаванымі выданнямі, зараз, як бачым, мае распаўсюдзіцца і на сеціўныя рэсурсы.

Звыш таго, Мінінфарм можа пазбавіць рэгістрацыі любое сеціўнае выданне, якое праштрафіцца. Вось вам і пуга для самацэнзуры. Яшчэ раней гэтае ведамства атрымала права заблакаваць любы неўпадабаны сайт (што і было ўжо зроблена, напрыклад, у дачыненні да “Беларускага партызана”, “Хартыі-97”), і на гэта не патрабуецца судовага рашэння, як у выпадку закрыцця газеты. Таксама яшчэ ў 2014 годзе у закон аб СМІ была ўнесеная слізкая фармулёўка пра інфармацыю, “распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Шкоднасць пры гэтым вызначае чыноўнік. І пад гэту фармулёўку пры жаданні можна падагнаць любую крытыку цяперашняй сістэмы. Бо наменклатура надта ж любіць атаясамліваць свае інтарэсы з дзяржаўнымі, нацыянальнымі.
І асаблівае раздражненне забранзавелага чынавенства выклікаюць, натуральна, вострыя на язык, бязлітасныя ў сваіх ацэнках каментатары пад нікамі на форумах, палітызаваныя карыстальнікі сацыяльных сетак, блогеры.

Я згодны: з мовай нянавісці, абразамі ў інтэрнэце трэба змагацца. Але беларускія ўлады, здаецца, вырашылі дзейнічаць паводле прынцыпу, што найлепшы сродак ад перхаці — гільятына. Уладальнік інтэрнэт-рэсурсу абкладаецца чырвонымі сцяжкамі, ён мусіць папярэдне ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, што хочуць пакідаць каменты, і несці пільную адказнасць за іх змест. І хто ведае, які допіс чыноўнікі палічаць здольным зрабіць шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам?

Усіх не забаніш
Калі такія змены ў закон аб СМІ будуць прынятыя, дык многія інтэрнэт-выданні, мяркую, палічаць за лепшае адмовіцца ад форумаў, чым сядзець на бочцы з порахам. А калі форумы і застануцца, то наведнікаў на іх паменее, бо мала каму з шараговых крытыкаў улады, звычайных грамадзян, не абароненых нават журналісцкім пасведчаннем (хоць і яно не заўжды ратуе), ахвота засвечвацца. Усе ж разумеюць, у якой краіне мы жывем і як проста наехаць на такога крытыка.

Карацей, форумы вымруць. На іх будуць панаваць хіба што афіцыёзныя персанажы. Але для беларускіх цэрбераў гэта будзе пірава перамога. Маса карыстальнікаў сыдзе на расійскія сайты. І гэта пры тым, што ўлады думаюць, як адгарадзіцца ад прапагандысцкага ўплыву “русского мира”!

Што ж да сацыяльных сетак, то гэта сёння занадта масавая з’ява, каб займацца суцэльным маніторынгам крамолы ды шырокамаштабным блакаваннем. Так што і там улады наўрад ці многа чаго дамогуцца, а калі перагнуць кій, то выклічуць масавае незадавальненне.

Спробы ж маргіналізаваць незалежную інтэрнэт-журналістыку ў самой Беларусі здольныя прывесці да таго, што яна стане злейшай ды перакачуе на сайты, зарэгістраваныя ў іншых даменных зонах. Усіх не забаніш.

Нарэшце, чарговы наступ з дручком на Сеціва падрывае планы ўладаў стварыць тут райскія ўмовы для інвестараў у сферу перадавых тэхналогій, пабудаваць IT-краіну. Беларускі рэжым толькі ўзмоцніць свой змрочны імідж ворага інтэрнэту.
Прагрэс хіба што ў тым, што праект паправак у закон аб СМІ гэтым разам, адрозна ад 2014 года, паказалі БАЖу. Але ў мяне вялікія сумневы, што непазбежныя пярэчанні журналістскай супольнасці возьмуць пад увагу ў высокіх кабінетах. Досвед паказвае, што там звычайна бярэ верх жаданне трымаць пад кантролем палітычную сітуацыю, прыціскаць крамолу.

Крыві інтэрнэт-журналістам ды блогерам можна, канечне, папсаваць. Але сучасныя тэхналогіі развіваюцца так імкліва, што цэрберы непазбежна аказваюцца ў дурнях, сядаюць у галёш

Аляксандр Класкоўскі



Дата стварэння навіны 03.04.2018

Возврат к списку