АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Некалькі думак наконт лозунгаў і спраў

Некалькі думак наконт лозунгаў і спраў
02.04.2018
У мяне як удзельніка Аргкамітэта святкавання стагоддзя нашай Незалежнасці, створанага ў сакавіку 2016 года, ёсць на гэтую тэму свае меркаванні.

Канцэрт на Дзень Волі 2018. Фота: Радыё Свабода
Мікола Статкевіч, выйшаўшы з колькігадзіннага зняволення, апублікаваў свае меркаванні пад гучным загалоўкам: “Канцэртамі свабоду не заваюеш”, піша  Народная воля

Мікола Статкевіч і некалькі яго паплечнікаў далучыліся да працы Аргкамітэта вельмі позна – у студзені гэтага года. Праз якую пару тыдняў яны рашуча перасталі хадзіць на пасяджэнні Аргкамітэта. Адбылося гэта толькі таму, што большасьць гэтага Аргкамітэту дэмакратычна, большасцю галасоў вырашыла, што свету (і той жа Маскве) важней паказаць тысячы людзей і паболей моладзі  пад бел-чырвона-белымі сцягамі, чым разгон і арышты падстаўленых некалькіх дзясяткаў людзей.

Канцэртамі, вядома, свабоду не заваюеш. Але і абсалютна не падрыхтаванымі (каторы ўжо раз!) акцыямі–таксама.
Падкрэсліваю: Аргкамітэт ад самага пачатку быў за тое, каб вялікае Свята суправаджалася шэсцем па цэнтры Мінска і да апошніх дзён вёў з уладамі перамовы пра гэта. Рашэнне не дазволіць шэсце ва ўладаў саспела толькі недзе да 20 сакавіка. У гэты дзень кіраўнік дзяржавы раптам пачаў тлумачыць беларускім студэнтам, што ахвяры бацькоў БНР былі дарэмнымі і паўтарыў даўно заезджаны і абвергнуты навукоўцамі тэзіс пра тое, нібыта БНР была абвешчана ў згодзе з германскім кайзерам. (У сваіх публікацыях у рубрыцы “Гісторыя БНР: 100 год таму…” я таксама паказаў недарэчнасць гэтага тэзіса).

Звяртаю ўвагу таксама, што Аргкамітэт яшчэ ў прысутнасці таго ж Міколы Статкевіча вызначыў (аднагалосна!) адказных па самых розных кірунках працы. У тым ліку і тых, хто павінен узяць на сябе няпростую задачу – дамовіцца, каб 100 годдзе БНР адзначалася легальна і не дзе-небудзь на ўскраіне Мінска.

Свята 25 Сакавіка ад самага пачатку яго адраджэння ў нашй краіне ў 1990 годзе было задумана як кансалідацыйнае свята – не для апазіцыі, а для ўсіх беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў, веравызнання, штодзённай мовы, узросту, полу. Асабліва важна тое, каб ідэі нашай Незалежнасці трансляваліся і перадаваліся непаўналетнім, падлеткам, дзецям. На пасяджэнне ў гонар 75-годдзя БНР ў Беларускую філармонію і на масавае шэсце мы, тагачасныя дэпутаты ад БНФ і Дэмакратычнага клуба, запрашалі кожнага свайго калегу, усіх членаў урада Кебіча, кіраўніцтва Мінска– незалежна ад іх поглядаў і стаўлення да нас асабіста.

Элемент пратэсту пачаў прысутнічаць у свяце для ўсіх беларусаў з 1995 года– калі ўлада першы раз паспрабавала ўжыць супраць мірных дэманстрантаў міліцыю і спецсродкі. Але гэта былі пратэсты не супраць нізкіх заробкаў, пенсій (для такіх пратэстаў ёсьць іншыя дні), несправядлівых выбараў, а пратэсты супраць таго, што ўлада ніяк не дае нармальна, без правакацый, адсвяткаваць у цэнтры горада гістарычны подзвіг герояў БНР.

Палякі-праціўнікі прамаскоўскага камуністычнага рэжыму свайго часу паверылі, што свабоду можна адваяваць, калі ў пачатку 80-х прыйшлі ў велізарнай колькасьці на малітвы папы Яна Паўла ІІ (дзе не было ніводнага закліку да актыўнага пратэсту!) падчас яго першага візіту на Радзіму. Прыйшоўшы на гэтыя малітвы, яны раптам убачылі, як іх шмат!

Сёлета ў адказных за арганізацыю свята 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі было некалькі варыянтаў дэталёва распрацаваных плянаў. У арганізатараў пратэстнага шэсьця, як выявілася, не было ані «плана А», ані «плана Б».

Той, хто мае нават элементарную вайсковую адукацыю, мусіць ведаць такія азы: калі ты рыхтуеш наступальную аперацыю, ты павінен мець як мінімум у 2 разы больш жывой сілы, чым яе мае праціўнік. Ты павінен таксама мець значна больш розных іншых сродкаў, каб таго праціўніка перамагчы. Калі ты такой сілы ня маеш, ты мусіш арганізаваць эфектыўную абарону і захаваць жыцці і здароўе як мага большай колькас ці сваіх байцоў. Не кажу пра тое, што любая аперацыя павінна мець запасное камандаванне…

Цяпер жа маскоўскія стратэгі, убачыўшы кадры затрыманняў на плошчы Якуба Коласа, безумоўна, чарговы раз парадаваліся, што ў іх сярод камандзіраў беларускіх сілавых структурах столькі аднадумцаў (у выпадку чаго іх можна ўзяць на службу да сябе). Але я ўпэўнены, што не вельмі яны парадаваліся і нават сур’ёзна раздражніліся, калі ўбачылі, колькі беларусаў (збольшага маладых) гатовыя стаць пад нашы гістарычныя сцягі і адзначаць свята, якое не любіць Масква і яе тутэйшыя служкі.
Я шчыра салідарны з ахвярамі незаконных затрыманняў і брутальных дзеянняў з боку інфільтраваных «рускім мірам» сілавых структураў і, як любы нармальны чалавек, перажываю за іх. Але я супрацьманіпулявання людзьмі, падстаўляння іх пад выглядам хаатычнай і не арганізаванай «барацьбы». Да гэтага часу не разумею, чым завінаваціліся перад Міколам Статкевічам, напрыклад, тыя дзяўчаты з праваабарончага цэнтру “Вясна”, якім у дзень найвялікшага свята нашай нацыі прыйшлося перажыць здзекі (а па сутнасці, катаванні) у адным з міліцэйскіх пастарункаў горада Мінска…


Лявон Баршчэўскі



Дата стварэння навіны 02.04.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку