АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусь дапамагла Украіне адрадзіць авіяцыю

Беларусь дапамагла Украіне адрадзіць авіяцыю
01.04.2018
Эксперт Сяргей Ішчанка сцвярджае, што адраджэнне і аднаўленне ўкраінскай авіяцыі, якое адбываецца за апошнія гады, здарылася ў першую чаргу пры дапамозе афіцыйнага Мінска.

У расійскім выданні «Свободная пресса» выйшаў матэрыял «Бацька Лукашэнка падымае ўкраінскую баявую авіяцыю», у якім вайсковы эксперт Сяргей Ішчанка сцвярджае, што адраджэнне і аднаўленне ўкраінскай авіяцыі, якое адбываецца за апошнія гады, здарылася ў першую чаргу пры дапамозе афіцыйнага Мінска.

Расійскі аўтар піша, што Украіна пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці імкліва аднавіла моц сваіх вайскова-паветраных сіл.
Ішчанка прыводзіць статыстыку, згодна з якой па пачатак 2014 года ва Украіне заставалася ўсяго 19 баяздольных цяжкіх знішчальнікаў Су-27 (яшчэ 36 былі на кансервацыі). А вось на май 2017 года баяздольных самалётаў гэтай мадэлі было ўжо 36, і гэта пры тым, што вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Расіяй і Украінай было спынена, а сама Украіна не вырабляе неабходных для рамонту дэталей. Паведамляецца, што ў апошні раз дэталі для самалётаў Су-27 прыходзілі з Расіі ва Украіну ў 2008 годзе, таму аўтар робіць выснову, што без беларускай дапамогі тут не абышлося.

«Ніхто асабліва і не хавае, што менавіта быццам бы саюзны Расіі Мінск даўно ператварыўся ў галоўны перавалачны пункт для пастаўкі украінскім вайскоўцам усяго неабходнага ім з Расіі. Неабходнага, у першую чаргу, для працягу ўзброенай барацьбы за Данбас»,

— піша аўтар.

Таксама Ішчанка ўзгадвае словы Лукашэнкі да Парашэнкі яшчэ ў 2014 годзе:

— Пятро Аляксеевіч, трэба будзе ад Беларусі нешта — скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што прэзідэнт Украіны ні прасіў, публічна кажу, мы заўсёды ўсё рабілі. І так будзе надалей.

Аўтар сцвярджае, што адным з пунктаў судакранання Кіева і Мінска стаў «Аршанскі авіярамонтны завод», які на 57% належыць украінскай кампаніі «Мотор-Січ». Там вырабляецца верталёт Мі-8МСБ, дзе з украінскага толькі рухавік — усе іншыя дэталі вырабляюцца ў Беларусі з дапамогай расійскіх кампаній.
«Зразумела ж: калі беларусы мадэрнізуюць і рамантуюць казахстанскія ці інданэзійскія знішчальнікі, то без супрацоўніцтва з расійскімі прадпрыемствамі ім проста не абысціся. Пастаўкі ад нас саюзніку неабходных запчастак і абсталявання — што ж у гэтым такога? І сумесная праца, вядома, ідзе. А што з вырабленага ў Расіі і куды насамрэч ставяць прадпрымальныя браты-беларусы — хто ж з РФ такое праверыць на тэрыторыі суверэннай краіны?» — піша эксперт.
па інф. Наша ніва


Дата стварэння навіны 01.04.2018

Возврат к списку