АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Турма і воля: у Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 37 тысяч чалавек, з якіх 94,2% — мужчыны

Турма і воля: у Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 37 тысяч чалавек, з якіх 94,2% — мужчыны
27.03.2018
Ледзь не ў кожнай 100-й беларускай сям’і нехта з чальцоў знаходзіцца ў дадзены момант за кратамі.

 Калі ж улічым, колькі чальцоў сямей прайшлі праз турэмнае зняволенне ў мінулым, лічба будзе нашмат большай, хаця і цяжкай для падліку.

Яшчэ Мішэль Фуко адзначыў, што турмы, як і іншыя закрытыя іерархічныя ўстановы, — гэта не толькі месцы для ізаляцыі асоб, непажаданых для грамадства, але і важныя інстытуты, праз якія дзяржава кантралюе нашы паводзіны. Але для таго, каб стаць суб’ектам гэтага кантролю, трапляць у турму зусім не абавязкова.

Апошнім часам турма робіцца адным з частых ньюсмейкераў. Нават без адмысловага даследавання, можна пабачыць, што ледзь не кожны дзень мы даведваемся, што нехта атрымаў турэмны тэрмін, чарговы палітвязень патрапіў пад дысцыплінарнае пакаранне, кагосьці выпусцілі, кагосьці арыштавалі, а на кагосьці завялі крымінальную справу. Месца, дзе людзей ізалююць ад грамадства, стала арганічнай часткай гэтага грамадства: падобнага кшталту навіны ўжо не ўспрымаюцца як нешта шакуючае і незвычайнае. На інфармацыйным і ўяўным узроўні пенітэнцыярная сістэма робіцца бліжэй, з далёкага і незразумелага чынніка яна ператвараецца ў прадмет штодзённай рэчаіснасці, і асабліва — палітыкі.

Але ж турма — спецыфічная і няпростая прастора, правілы жыцця ў якой адрозніваюцца ад такіх на волі. Шэраг маральных нормаў і каштоўнасцяў, прынятых там, могуць падацца нам пачварнымі і дэструктыўнымі, і часта сапраўды такімі з’яўляюцца. Каб распазнаць магчымыя наступствы ад сутыкнення «вольнага» жыцця і турэмнага ў інфармацыйнай, грамадскай і побытавай прасторы, трэба зразумець, у чым сутнасць уплыву турмы на наша грамадства, якія яго праявы, да чаго ён вядзе ці ўжо прывёў? Магчыма, адказы на гэтыя пытанні дадуць разуменне таго, што адбываецца зараз з Беларуссю і беларусамі.

Турма як палітычны інстытут
Турма — не толькі сацыяльны, але і палітычны інстытут. І разглядаць яе ў такім рэчышчы можна з трох пазіцый.

Першая — класічная. Турма — месца ізаляцыі дзяржавай людзей, якія нясуць прамую для яе, дзяржавы, небяспеку. Гэта (у залежнасці ад палітычнага рэжыму) паўстанцы, прыхільнікі гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы, палітычныя актывісты, праваабаронцы, а таксама фальшываманетчыкі, карупцыянеры, гандляры зброяй.
Другая пазіцыя была распрацаваная ўжо прыгаданым Мішэлем Фуко. Яе сутнасць у тым, што турма — гэта месца, дзе ўсталёўваецца поўны кантроль над асобай і ўсёй яе жыццядзейнасцю, дзе асоба пазбаўляецца суб’ектнасці і знаходзіцца ў поўным падпарадкаванні наглядчыкаў. Распрацаваныя ў ёй дысцыплінарныя практыкі часам вельмі прыдатныя для ажыццяўлення кантролю над «вольным» насельніцтвам ужо ў маштабах краіны.

І трэцяя пазіцыя — дыскурсіўная. Турма — замкнёная спецыфічная прастора, якая характарызуецца моцнай іерархіяй і нестандартнай мараллю. Яна ўяўляе сабой, такім чынам, генератар пэўнага грамадскага дыскурсу, пэўнага тыпу адносінаў, каштоўнасцяў, традыцый і сэнсаў. Яны, што цалкам натуральна, пераносяцца, як вірусная інфекцыя, не толькі ад зэкаў да зэкаў, але і ад зэкаў да наглядчыкаў. Зэкі з часам вызваляюцца і вяртаюцца на волю, наглядчыкі бываюць там штодзень. Пры вялізарнай ролі масавай культуры і інтэрнэта, прыгаданыя вышэй сэнсы і каштоўнасці разносяцца па ўсяму грамадству, аказваючы на яго моцны ўплыў, які дагэтуль, на мой погляд, яшчэ не вывучаны і недаацэнены.

Чым ёсць турэмная культура?
Пры разглядзе прыгаданых вышэй дыскурсаў, грамадскіх адносінаў, каштоўнасцяў, створаных у турме, буду для прастаты абагульняць іх пад словам «культура». Пад турэмнай культурай, такім чынам, разумеюцца і «паняцці», і стыль стасункаў, і слэнг, і ўсё да іх блізкае.
На чым жа стаіць турэмная культура? Яе стрыжань — іерархія. Ён пранізвае ўсё турэмнае жыццё, усе яго сферы: міжасабовыя стасункі, зносіны з адміністрацыяй, побыт. Турэмная культура ўкараняецца нават у мысленні, што вельмі хутка разумееш пасля размоваў з зэкамі. У разуменні зэка (асабліва таго, хто сядзіць ужо доўга), амаль адсутнічае панятак грамадскай роўнасці. Кожны, хто побач з табой, — альбо вышэйшы за цябе, альбо ніжэйшы. І паводзіць сябе з ім трэба адпаведна: альбо падпарадкоўвацца, альбо прыніжаць — каб умацаваць і падкрэсліць сваё месца ў пірамідзе.

Такі тыпаж выдатна апісаны Эрыхам Фромам як садамазахісцкая, альбо аўтарытарная асоба. На падставе свайго досведу магу сказаць, што аўтарытарнымі асобамі ў рознай ступені можна назваць пераважную большасць зэкаў. Нават той, хто першапачаткова трапіў у турму, не будучы такім, — хутка мімікрыруе пад абставіны, каб не атрымліваць псіхалагічнага дыскамфорту, выбіваючыся з агульнапрынятага стэрэатыпу паводзін і мыслення.

Следства іерархіі — тое, што турэмны калектыў з’яўляецца вельмі агрэсіўным асяроддзем, дзе ўвесь час ідзе — то з большай інтэнсіўнасцю, то з меншай — барацьба за месца. Любая магчымасць узвысіцца над іншым (прынізіць, «падкалоць», пазбавіць правоў, выставіць дурнем і г.д.) звычайна адразу ж выкарыстоўваецца. Пры гэтым у многіх выпадках падняцца з ніжэйшых ступеняў іерархіі да вышэйшых немагчыма (напрыклад, пры знаходжанні ў касце г.зв. «пеўняў).

Іерархічнасць супольнасці і агрэсіўнасць асяроддзя непазбежна спараджаюць культ сілы, мачызм. Быць моцным, брутальным, падкрэслена маскулінным — ганарова, крута. Дэманстраваць нахабства, агрэсіўнасць, гатоўнасць ужыць сілу, прыніжаць слабых — найважнейшыя спосабы павысіць свой статус у калектыве. Пажаданае стаўленне асяроддзя да цябе: паважліва-баязлівае. Баяцца моцнага — нармальна.

Цікава, што гэтая характарыстыка знаходзіць сваю праяву і ў сферы палітычных перакананняў: пераважная большасць зэкаў, з якімі мне даводзілася размаўляць пра палітыку, пераконвала мяне, што «Путин красава», а Крым «правильно сделалали, что забрали». Нярэдкія сімпатыі да Сталіна і царызму. З дыялогаў з зэкамі было бачна, што іх вельмі прыцягвае ідэя моцнага лідара, а дыктатура і тыранія зусім не пярэчаць іх унутранаму свету.

Пагарда да слабейшых, сумешчаная з практыкай іх няспыннага прыніжэння, асабліва праз сексуальны гвалт. Сюды ж варта аднесці лютую гамафобію і сексізм. Гэта ёсць лагічным працягам папярэдніх пунктаў. Культ моцнага заўсёды сумешчаны з пагардай і нянавісцю да слабейшага, які ў падобнага кшталту культурах падвяргаецца няспынным кпінам і здзекам — і яны тым большыя, чым ніжэй асоба знаходзіцца ў сацыяльнай пірамідзе.

На ролю слабейшага падыдзе любая асоба, няздольная пастаяць за сябе фізічна, баязлівая альбо з недастаткова цвёрдым характарам, каб супрацьпаставіць сябе агрэсару. А ўлічваючы, што арганічнай часткай аўтарытарнага мыслення ў нашай культуры нярэдка з’яўляюцца патрыярхальныя стэрэатыпы, не дзіва, што ў зэкаўскай культуры жанчына лічыцца чалавекам другога гатунку. Пра гэта кажуць і зэкаўскія прымаўкі (якія адначасова з’яўляюцца прынцыпамі турэмных «паняццяў»): «нет веры мусорам и бабам», «с бабы спроса нет». Яны маюць на ўвазе, што жанчына не з’яўляецца суб’ектам нефармальнага турэмнага «права», бо не ёсць паўнавартаснай асобай.

Гісторыі ад арыштантаў пра тое, як яны збівалі сваіх жонак ці дзяўчат можна пачуць даволі часта — і распавядаюцца яны, звычайна, як яшчэ адзін прыклад сваіх маскулінных якасцяў, агрэсіўнасці, як сродак умацаваць свой статус сярод астатніх. Пагардлівыя эпітэты для вызначэння жанчын «тёлкі», «кобылы», «соскі» распаўсюджаны больш чым паўсюдна.
Варта адзначыць, што пагарда да жанчын непазбежна вядзе да пагарды да ўсяго жаноцкага. Напрыклад, параўнанне з «бабай», не кажучы ўжо пра параўнанне з «пі…м», — цяжкая знявага ў зэкаўскай культуры. А ў выпадку, калі зэка назвалі «пеўнем», «пі…м» і таму падобным эпітэтам, зэк мусіць адразу біць у твар, у адваротным выпадку ягоны статус у калектыве моцна знізіцца.

Такім чынам, дыскурсіўнымі, каштоўнаснымі слупамі турэмнай культуры з’яўляюцца: усёабдымная, усюдыісная іерархічнасць; культ грубай сілы і агрэсіі; пагарда да слабых, найперш выражаная праз сексізм і гамафобію.

З турмы на волю
На сённяшні дзень у Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 37 тысяч чалавек, з якіх 94,2% — мужчыны. Ледзь не ў кожнай 100-й беларускай сям’і нехта з чальцоў знаходзіцца ў дадзены момант за кратамі. Калі ж улічым, колькі чальцоў сямей прайшлі праз турэмнае зняволенне ў мінулым, лічба будзе нашмат большай, хаця і цяжкай для падліку.

Пасля адбыцця турэмнага тэрміну зэкі — прынамсі, на некаторы час, — вяртаюцца на волю, дзе кантактуюць са сваімі роднымі і сябрамі. Аднак вырашальным фактарам распаўсюду турэмнай культуры ў грамадстве, на мой погляд, з’яўляецца масавая культура.

Што я да яе адношу?

Шансон, які гучыць паўсюдна ў грамадскім транспарце, установах грамадскага харчавання, аўтамабілях, па тэлебачанні і яшчэ шмат дзе. Пераважная большасць песень гэтага жанру так ці інакш апяваюць крымінальныя каштоўнасці, папулярызуюць турэмны жаргон і сюжэты.

Фільмы і серыялы. Жанр, які ў вялізарнай колькасці прадстаўлены на расійскіх каналах, — гэта серыялы пра міліцыянтаў і бандытаў, дзе, паводле маіх уласных назіранняў, бандыты часта прадстаўленыя хоць і адмоўнымі персанажамі, але з пэўным флёрам рамантыкі і ўласнай своеасаблівай справядлівасцю. Пра шалёную папулярнасць у свой час (да і сёння) такіх фільмаў, як «Бумер» і «Брыгада», няма чаго і казаць. Калі «Бумер» толькі выйшаў, я яшчэ вучыўся ў школе — і ў маім класе ён на працягу некалькіх месяцаў заставаўся тэмай для абмеркавання. Дзеці цытавалі герояў фільму і капіравалі іх паводзіны.
Калаж з інтернет
Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, колькасць фільмаў і серыялаў, якія рамантызуюць крымінальную субкультуру, не скарачаецца.

Сацсеткі і моладзевы слэнг. Гэта адносна новы трэнд, які, паводле маіх назіранняў, развіўся за апошнія 7–8 гадоў. Калі я пачаў актыўна асвойваць сацсцеткі, дык са здзіўленнем заўважыў папулярнасць тэматыкі турмы, зоны і «паняццяў», жартаў пра «пеўняў» і «блатных», іранічную, але ўсе ж рамантызацыю крымінальнага свету. Напрыклад, на пошук па запыце «АУЕ» (Арестантский уклад един — распаўсюджаны зэкаўскі слоган) «УКантакце» выдае 2848 супольнасцяў. І гэта не лічачы аграмаднай колькасці мемаў пра турму.

Абраза «певень» даўно перакачавала з турэмных сценаў у размовы падлеткаў «УКантакце», гэтаксама як і «Вечер в хату!» (формула, з якой пачынаюцца «малявы») у якасці вітання.

Так зэкаўская культура — хай і на даволі павярхоўным узроўні — крочыць далёка за межы турэмных кратаў.

Турэмная культура змяняе вольную
Пранікненне турэмнай культуры з уласцівымі ёй каштоўнасцямі ў «вялікае» грамадства не можа не паўплываць на сацыяльныя адносіны, нормы паводзін і дыскурс, які ў ім пануе. Уплыў турмы адчуваецца шмат у чым. Перш за ўсе ў паводзінах той моладзі, якая рэгулярна стасуецца з былымі зняволенымі альбо мае праблемы з законам — маргінальная моладзь з ускрайкаў гораду і працоўных раёнаў — тыя самыя «гопнікі».

Акрамя крымінальнага слэнгу, яны пераймаюць і крымінальныя метады вырашэння канфліктаў («стрелы», «забивоны», «выставление на счетчик», наўпроставы гвалт пры першай магчымасці), культ сілы і, канешне, лютую гамафобію і мачызм, якія праяўляюцца як у грэблівым і агрэсіўным стаўленні да тых, хто не падобны на іх знешне (напрыклад, удзельнікаў розных моладзевых субкультур, асабліва тых, што эксперыментуюць са сваім знешнім выглядам: панкаў, металістаў, эма і г.д.) і ў пагардлівым стаўленні да жанчын, нармалізацыі гвалту і знявагаў у дачыненні да іх.
Асобным пунктам трэба ўказаць згаданы вышэй крымінальны слэнг, які ўжо заняў сваё трывалае месца ў паўсядзённым жыцці. Мала хто задумваецца, што такія ўжо прывычныя словы, як «прикол», «наезд», «беспредел», «базар» (у сэнсе «размова»), «понты» прыйшлі да нас з крымінальнага жаргону. Асабліва важна тое, што многія з такіх словаў і іх сэнсавыя падаплёкі перайшлі ўжо ў выказванні афіцыйных асоб.

Вельмі частае ўжыванне кіраўніком Беларусі слова «нахіліць» — менавіта ў значэнні «прынізіць», «прымусіць», «зламаць волю» — не пакідае сумневаў у тым, што ў яго вуснах яно носіць падтэкст, уласцівы менавіта для зоны з наўпроставым намёкам на зонаўскае «апусканне», згвалтаванне. Тут можна доўга разважаць пра тое, якая маральная і каштоўнасная парадыгма дамінуе ў галаве кіраўніка Беларусі, але галоўнае не гэта, а тое, што выкарыстанне на ўладным узроўні такога кшталту тэрміналогіі легітымізуе і нармалізуе яе ў вачах грамадства.

Акрамя нармалізацыі крымінальнага слэнгу ў грамадстве назіраецца і нармалізацыя турмы як інстытута, яе дэсакралізацыя. З аб’екту страху і невядомасці, з таямнічага месца, якога варта баяцца, праз пранікненне турэмнай культуры на волю яна робіцца аб’ектам мемаў, жартаў у інтэрнэце, чымсьці, пра што пяюць з кожнай маршруткі, тым самым набліжаючыся — прынамсі, уяўна — да кожнага чалавека.

Гэтая тэндэнцыя мае як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы. Станоўчым можна назваць тое, што па меры гэтага «набліжэння» турмы да соцыуму людзі, што прайшлі турму, перарастаюць успрымацца ізгоямі, парыямі, на іх ужо не глядзяць як на безнадзейных маргіналаў, што, безумоўна, дапамагае ім пазбавіцца стыгматызацыі і садзейнічае іх адаптацыі ў грамадстве.
Аднак, з іншага боку, з нармалізацыяй турмы ў грамадскай свядомасці прыходзіць і знікненне ўсялякай крытыкі на адрас гэтага інстытута і сістэмы, якая ўтрымлівае людзей ва ўмовах несвабоды. Наступае талерантнасць да несправядлівасці, міліцэйскага гвалту, падзелу людзей на касты ў рамках антыгуманных крымінальных паняццяў — яны пачынаюць успрымацца нормай, з якой варта змірыцца як з арганічнай часткай жыцця.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін цікавы момант. Пры такім шырокім распаўсюдзе крымінальнай культуры ў грамадстве, на фармальным узроўні дзяржава часта дэкларуе барацьбу з ёю і прыхільнасць каштоўнасцям «закону і парадку». Так, ГУБАЗ МУС вядзе няспынную вайну супраць «злодзеяў у законе», у Беларусі забараняюць канцэрты выканаўцаў лагернага шансону, а ў месцах пазбаўлення волі няспынна ўзмацняецца рэжым і практыкуюцца ўсе больш жорсткія дысцыплінарныя, а тое і крымінальныя пакаранні супраць тых, хто з’яўляецца прыхільнікам злодзейскіх правілаў жыцця.

Такую супярэчлівасць я бачу нічым іншым, як прыкметай «разбалансаванасці» дзяржаўнай машыны, калі адны яе інтарэсы ўваходзяць у супярэчнасць з іншымі. Відавочна, што крымінальныя паняцці і каштоўнасці, на якіх яны будуюцца, з’яўляюцца ментальна блізкімі немалой частцы прадстаўнікоў дзяржапарата. Дый наогул, іерархія, пакланенне моцнаму, традыцыяналізм, уласцівыя аўтарытарным рэжымам.
Аднак нежаданне цярпець у краіне альтэрнатыўную ўладу (у выглядзе злодзейскай супольнасці), а таксама імкненне лішні раз падкрэсліць сваю легітымнасць, захаваць законны, цывілізаваны твар перад насельніцтвам дыктуюць дзяржаве іншую логіку — і яна вядзе, хай і даволі фармальную, але ўсе ж вайну супраць крымінальнай субкультуры.

Перспектывы «культурнага абмену»
Любыя зрухі ў культуры цягнуць за сабой больш шырокія змены ў грамадстве. Я не з’яўляюся безумоўным прыхільнікам постструктуралісцкіх меркаванняў аб тым, што дыскурс, словы і значэнні, якія ўжываюцца людзьмі, цалкам фармуюць сацыяльную рэчаіснасць і кіруюць уладнымі ўзаемаадносінамі ў грамадстве. Пераацэньваць значэнне словаў нельга, і, канешне, сам факт ужывання слова «зашквар» у штодзённым звароце індывіда не кажа аб тым, што ён абавязкова аўтарытарная садысцкая асоба, якая толькі і шукае, як паздзекавацца са слабых. Аднак агульныя тэндэнцыі дазваляюць казаць — паўтаруся — пра нармалізацыю турэмнай тэматыкі ў галовах людзей, асабліва маладога пакалення.

Турма, а як следства — і яе каштоўнасці і ўласцівыя ёй сацыяльныя практыкі і іерархія — перастаюць здавацца нечым пачварным і нечалавечым. Ператвараючыся спачатку ў частку лексікону і аб’ект для сцёбу, потым — у элемент паводзінаў, яны могуць істотна паўплываць — і ўжо ўплываюць — на фарміраванне мыслення людзей, на іх разуменне прымальнага і непрымальнага, прыводзяць да размывання маральных арыенціраў — і без таго размытых спажывецкім і канфармісцкім грамадствам.

І тут будзе не лішнім нагадаць, што каштоўнасці турэмнай культуры, такія, як культ сілы, пагарда да слабых, пакланенне перад начальствам, крывадушнасць і двудумства, «традыцыйныя каштоўнасці» (у самым нягодным іх выглядзе), з’яўляюцца вельмі ўрадлівай глебай для росквіту аўтарытарызму і дыктатуры любога кшталту, бо заахвочваюць кансерватызм, страх, абмежаванасць мыслення, замацоўваюць несправядлівасць і «права моцнага» на ўсіх узроўнях грамадства. Гэтыя маральныя ўстаноўкі, будучы ўкаранёнымі ў грамадскай свядомасці, шматкроць павышаюць кіраванасць грамадства, гэтаксама, як наяўнасць у турме каст («блатных», «мужиков», «петухов») павышае кіраванасць зонай для яе адміністрацыі.

Адзіным эфектыўным сродкам барацьбы з гэтай негатыўнай з’явай — іерархічнымі і антыгуманнымі парадыгмамі мыслення і сацыяльнымі практыкамі як турэмнага, так і нетурэмнага паходжання — можа быць толькі фарміраванне моцнай і жыццяздольнай культуры ці нават набору такіх культур (бо маналітныя культуры няўстойлівыя ў нашым плюралістычным свеце), якія б базіравалася на каштоўнасцях альтруізму, эгалітарнасці і гуманізму.

А паколькі гэта, як можна пераканацца па сённяшніх сацыяльных рэаліях, у спіс інтарэсаў дзяржавы ніяк не ўваходзіць, дык такая задача застаецца цалкам на плячах грамадзянскай супольнасці і кожнага нас у прыватнасці.

Мікалай Дзядок, Новы час

Дата стварэння навіны 27.03.2018

Возврат к списку