АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Мікалай Статкевіч: "Канцэртамі свабоду не заваюеш…"

Мікалай Статкевіч: "Канцэртамі свабоду не заваюеш…"
26.03.2018
Шэсце, якое планавалі, забаранілі.

Мікалай Статкевіч, фота svaboda.org
Адзін з лідараў Нацыянальнага Беларускага Кангрэса Мікалай Статкевіч разам з прыхільнікамі і паплечнікамі збіраўся святкаваць стогадовы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі шэсцем, якое мела распачацца на сталічнай плошчы Якуба Коласа.

Афіцыйнага дазволу на такі фармат святкавання палітык не атрымаў, але да апошняга, пакуль сам знаходзіўся на волі, заклікаў сваіх паплечнікаў выйсці ў цэнтр беларускай сталіцы.

У самога Мікалая Статкевіча гэта не атрымалася: хвілін за 40 да пачатку мерапрыемства ён быў затрыманы ля ўласнага дома. У міліцэйскія аўтазакі “грузілі” і меркаваных удзельнікаў шэсця. Сёння многіх з іх павінны былі судзіць.
Самога Статкевіча, пратрымаўшы восем гадзін у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў выпусцілі на волю.

У размове з карэспандэнтам "Народнай Волі" Статкевіч падвёў вынікі Дня Волі, а таксама адказаў тым, хто лічыць, што меркаванае шэсце пад ягоным кіраўніцтвам – правакацыя.

— Сітуацыя з маім затрыманнем яскрава паказвае адну простую рэч – наша краіна застаецца несвабоднай, — гаворыць палітык. – Пад збегам знешніх абставінаў рэжым ідзе на пэўныя саступкі, дазваляючы правядзенне святочнага канцэрта. У астатнім жа сітуацыя цалкам нагадвае мінулагоднюю: тады напярэдадні Дня Волі былі затрыманы грамадскія актывісты. Сёлета адбылося тое самае, толькі ў крыху мягчэйшым выглядзе.

— Для вас затрыманне не стала нечаканасцю?

— Я цудоўна ведаў, што на мне “віселі” дзесяць сутак арышту, якія мне ў кастрычніку мінулага года вынес суд Маскоўскага раёна горада Мінска. Асудзілі мяне за “несанкцыянаваны пікет” у выглядзе інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” пасля майго ж вызвалення з Акрэсціна. Па законе, рашэнні аб арыштах выконваюцца неадкладна. Дапускаюцца толькі два выпадкі, калі арышт можа быць адтэрмінаваны аж на цэлых два месяцы. І тое – у крайніх выпадках.

Таму, ведаючы пра магчымае прэвентыўнае затрыманне, я за восем дзён да акцыі нават не выходзіў з дома. І ў хаце адзін не заставаўся.

У гэты ж час жыллёвы квартал побач з маім домам быў папросту “у аблозе”. Тут стаяла шмат машын і мікрааўтобусаў, у якіх кругласуткава сядзелі людзі. За гэтыя дні людзі ў цывільным двойчы спрабавалі трапіць на прысядзібную тэрыторыю майго дома – былі спробы зламаць калітку і вароты. Я не рэагаваў на гэтыя правакацыі, ігнаруючы іх.

Шчыра кажучы, дайсці да месца пачатку шэсця я разлічваў з дапамогай незалежных журналістаў – некалькі разоў у мінулым годзе гэты прыём спрацоўваў.

У 11.20 я выйшаў з дому. Некаторыя журналісты да мяне не змаглі даехаць. Па-першае, у раёне, дзе я жыву, назіраліся прадказальныя праблемы з сувяззю. Па-другое, быў перакрыты ўвесь квартал — заезд на маю вуліцу закрылі некалькі будаўнічых блокаў і трактар. Нават нягледзячы на тое, што побач – вуліца з ажыўлёным рухам, па якой ездзіць грамадскі транспарт. Некалькі журналістаў усё ж такі маглі да мяне трапіць, у тым ліку і здымачная група “Еўраньюс”, якую літаральна за руку прывёў да майго дома таксіст, які іх падвозіў.

А далей я выйшаў з дому – выезд быў заблакаваны міліцэйскай машынай. Побач стаяў аўтобус з АМАПам. Я і не паспеў дайсці да таксі – тут жа мяне затрымалі разам з жонкай.

— Ці былі ў вас думкі, што выпусцяць вас у гэты ж дзень, фактычна адразу пасля завряшэння дазволенага ўладамі канцэрта?

— Я абсалютна гэтага не чакаў. Настройваўся на поўныя дзесяць сутак. Мне ж далі на подпіс паперы ў якіх значыўся гэты тэрмін. Гэта адбылося ў Ленінскім РАУСе. Адтуль адразу павезлі на Акрэсціна. На гадзінніку яшчэ не было 12.00, а я ўжо сядзеў у камеры. Безумоўна, я ведаў, што тут сядзяць мае калегі. Ідучы калідорам, я закрычаў “Жыве Беларусь!”. У некаторых камерах адгукнуліся – я пазнаў голас Уладзіміра Някляева. Праз восем гадзін да мяне ў камеру прыйшлі і сказалі выходзіць з рэчамі. Я падумаў, што гэта звязана з завозам новых зняволенных пасля Дня Волі. Але ў калідоры я ўбачыў іншых актывістаў – Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова, Уладзіміра Някляева. Безумоўна, мы ўсе былі абураныя такімі нахабнымі паводзінамі сілавікоў: ні за што саджаюць, а потым выганяюць, не даючы адбыць тэрмін. Чаму я абураны? Таму што ведаю – гэтыя судовыя рашэнні нікуды не знікнуць. Атрымліваецца, што я павінен адседзець 240 гадзін, а адседзеў толькі восем, значыць засталося яшчэ 232… Гэта ноу-хау. Прысуд разбіваецца на часткі і ў наступны раз мяне забяруць, калі некаму “прыспічыць…”

Фота ўвечары 25 сакавіка зроблена дома ў Някляевых. Да Уладзіміра Пракопавіча Эдуард Пальчыс заязджаў разам са Змітром Дашкевічам… Ні Пальчыс, ні Дашкевіч да “канцэртнай” апазіцыі не адносяцца. Трэба разумець, у краіне ёсць палітычная апазіцыя, а ёсць грамадскі сектар, які займаецца арганізацыяй канцэртаў, мовай, сімволікай. Гэта шлях малых спраў, і гэта нармальна.

Палітычная апазіцыя павінна працаваць на тое, каб зламаць уладную сістэму ў несвабоднай краіне, а грамадскі сектар павінен працаваць, каб палепшыць сістэму. Такі падзел законны і нармальны, і я ніколі прэтэнзій грамадскім актывістам і грамадскім арганізацыям не прад’яўляў.

— Магчыма вы бачылі фотарэпартажы з Дня Волі ля Опернага тэатра. Як вам?

— У мяне не было часу разглядаць фотарэпартажы, але я, шчыра кажучы, сканцэнтраваўся зараз на іншым – на рэпрэсіях у дачыненні да маіх сяброў і калегаў. Бо дагэтуль выпусцілі не ўсіх. Адзінае, што я ведаю – людзей затрымлівалі нават пасля дазволенага шэсця. Гэта сведчыць пра тое, пра што я ўжо казаў: Беларусь застаецца несвабоднай краінай.

— Напярэдадні запланаванай вамі акцыі і пасля таго, як яна фактычна не адбылася, гучаць меркаванні, што арганізатары шэсця на плошчы Якуба Коласа – правакатары. Маўляў, трэба было пагаджацца на дазволены ўладамі варыянт, і праблем бы не было…

— Я мог бы сказаць, што паважаю меркаванні розных людзей, але скажу шчыра. Тых, хто лічыць, што палітычную дзейнасць у краіне можна весці па законах, напісаных  нелегітымнай уладай, я не паважаю. Гэта заўважана даўно і не мной: у несвабоднай краіне кіруючы рэжым напіша такія “законы”, якія  немагчыма памяняць ніколі. Канцэртамі свабоды мы не заваюем. Людзі, якія лічаць наадворот, проста прызвычаіліся да сітуацыі. Таму і наракаюць на тых годных і мужных людзей, якія выходзяць, каб паказаць Беларусі і свету, што не ўсе тут рабы…



Дата стварэння навіны 26.03.2018

Возврат к списку