АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Як сына схапілі людзі ў цывільным, а жонку кінулі «мордай у асфальт»"

"Як сына схапілі людзі ў цывільным, а жонку кінулі «мордай у асфальт»"
26.03.2018
Журналіст Віталь Цыганкоў распавёў у Фэйсбуку пра затрыманне сына 25 марта.

Свята прайшло? Цяпер я магу, каб нікому не псаваць настрой, апісаць, як сына схапілі людзі ў цывільным, а жонку кінулі «мордай у асфальт». Так бы мовіць, «после бала».

Я ўчора цягам дня распавядаў у Фэйсбуку, што а 12-й гадзіне сына затрымалі на плошчы Я. Коласа, дзе ён фатаграфаваў тое, што адбывалася. Ён увогуле адмыслова дзеля гэтага і прыехаў у Менск — паздымаць Дзень Волі для студэнцкага фотапраекту. А трэцяй гадзіне яго вызвалілі зь Першамайскага РУУС, і мы, пасьля ўсіх нэрваў і хваляваньняў, шчасьлівыя, што ўсё скончылася, усёй сям’ёй пайшлі на сьвята каля Опэрнага.
У 17.50 выходзім «з зоны» з боку вуліцы Я. Купалы. Яшчэ бачылі паказальную сцэнку, калі на выхадзе міліцыянты ветліва, але настойліва патрабавалі ў хлопца зьняць і схаваць бел-чырвона-белы сьцяг. Я кажу: вось красамоўная мэтафара сёньняшняга дня — астравок свабоды закончыўся, выхад у рэальны сьвет.

Добра, выйшлі, ідзем уніз па вуліцы, я трошкі наперадзе. Раптам чую крыкі жонкі. Азіраюся — бачу: двое вялізных бамбізаў у цывільным схапілі Богуша з двух бакоў і цягнуць па вуліцы. Воля падскочыла да іх, але адзін зь іх так яе штурхануў, што яна паляцела мэтры два і ўпала на асфальт, ледзь не апынуўшыся на праезнай частцы.

Я падбягаю. да яе, падымаю — яна кажа: бяжы за Богушам. Я падбягаю да гэтых, перагароджваю ім шлях, яны мяне адсоўваюць, кажу — я журналіст, патрабую назвацца, яны маўчаць. Тут нечакана пад’яжджае сіні бус, і Богуша запіхваюць туды.

Наперад скажу, што ўвесь гэты час я спрабаваў разабрацца, чаму менавіта Богуш. Пачнем з таго, што ў яго і на ім увогуле не было НІЯКАЙ сымболікі. Ён не зьяўляецца актывістам нейкіх палітычных сілаў, на мітынгі амаль ніколі не хадзіў, ужо другі год вучыцца ў Польшчы — цяпер у Кінашколе ў Лодзі. Адзіная «крамола» — ён быў зь вялікім фотаапаратам. Ня маю ніякага іншага тлумачэньня, акрамя таго, што амонавец, якому хацелася кагосьці ўзяць, запомніў Богуша яшчэ на плошчы Я. Коласа і пабачыўшы знаёмы твар, сказаў сабе «фас».
АМАП затрымлівае Богуша Цыганкова. Менск, 25 сакавіка 2018 году
Але разважаньні былі потым, а пакуль, адразу пасьля выкраданьня, мы ў шоку, Воля плача, яе куртка брудная і парвалася, локці падраныя — нават праз куртку і швэдар, калена баліць. Добра, што побач выпадкова апынулася Іна Студзінская, якая, пабачыўшы Волю ў такім стане, спынілася і ўвесь вечар нам дапамагала — вялікі ёй дзякуй. Я іду наверх, да выхаду, разьбірацца зь міліцыянтамі. «Звычайныя», у форме, нармальна адказвалі на мае пытаньні, але двое ў цывільным, з навушнікамі, не сказалі мне ані слова, проста стаялі як муміі.
Нам раяць пісаць заяву аб зьнікненьні чалавека. Пачынаюць зьбіраць зьвесткі. І тут на арэну выходзіць тая асаблівасьць беларускай сыстэмы, якую можна назваць «нічога ня ведаем, а калі і ведаем, то ня скажам». Рэч у тым, што мы запомнілі нумар аўтамабіля і ўвесь час кажам пра гэта міліцыянтам. І я цяпер разумею: усе яны цудоўна ведаюць, што гэта за машына, але нам увесь час адказваюць: «разьбяромся, не хвалюйцеся, не сьпяшайцеся» і гэтак далей.
Нас саджаюць у міліцэйскі варанок і вязуць у Цэнтральнае РУУС афармляць заяву. Пад’яжджаючы да будынку, мы бачым той самы сіні мінібус выкрадальнікаў. Шчыра кажучы, адразу стала лягчэй — значыць, Богуш тут. Але гульня «нічога ня ведаем» працягваецца і даходзіць ужо да канкрэтнай тупасьці. Мяне запрашаюць у будынак да супрацоўніка пісаць заяву. Я яму кажу: «Відавочна, што мой сын у вас. Мне ня трэба заява, скажыце, дзе ён, і што будзе далей». — «Не вучыце мяне, што рабіць».

Праз гадзіну чаргі мяне запрашаюць у кабінэт пісаць заяву. Хвілін 10 усё афармляем, потым заходзіць іншы супрацоўнік. «Гэта хто?» (пра мяне). — «Заяўнік». — «А што здарылася?» — «Зьнікненьне сына».

Зьвяртаецца да мяне: «І часта сын зьнікаў?» Я кажу: «Не, ніколі, дакуль сёньня невядомыя не пасадзілі яго ў машыну, якая стаіць у вашым двары». «Дык гэта зь мітынгу? Ён у нас, афармляюць пратакол адміністрацыйны». Я: «Я ўжо 2 гадзіны дабіваюся, каб мне менавіта гэта і паведамілі, што ён у вас. Навошта тут марнуюць свой працоўны час два супрацоўнікі, навошта складаць заяву, якая нікому не патрэбная?» — «Разьбяромся».

Богуша сапраўды прывезьлі ў гэтае РУУС. У аўтамабілі ён спытаўся у АМОНаўцаў, ці падабаецца ім іхная праца — на што яму параілі памаўчаць. У РУУС ён не хацеў фатаграфавацца і здаваць адбіткі пальцаў — але яму сказалі, што прымусяць фізычна. Пратакол не падпісаў — па-першае, там ані слова праўды, па-другое, нягледзячы на ўсю апалітычнасьць, усё ж пэўныя інструкцыі, што рабіць у такіх сытуацыях, у нашай сям’і даўно дадзеныя.
Нам сказалі, што яго павязуць на Акрэсьціна і ў панядзелак будзе суд. Але недзе ў 20.30 Богуша выпусьцілі — відаць, зьмянілася «генэральная лінія». Цяпер чакаем позвы ў суд.
Што мы маем у выніку сьвята? Богуш адседзеў двойчы за дзень, я ўпершыню ў жыцьці актыўна жару таблеткі ад ціску, Воля ў сіняках, магчыма, давядзецца рабіць здымак калена. 
Адразу скажу, што тое, што з намі адбылося, не павінна і ня будзе ніяк уплываць на мае палітычныя ацэнкі, на іхную аб’ектыўнасьць, я цяпер ня стану ненавідзець рэжым больш, чым раней. Проста гэта ўжо адбывалася з тысячамі грамадзян Беларусі, і мой боль тут нічым ня большы за боль і пакуты іншых.

І таму я спакойна, без усялякіх асабістых эмоцыяў, магу канстатаваць тое, што і раней, — што мы па-ранейшаму жывем у паліцэйскай дзяржаве, дзе пануе поўнае беззаконьне. Дзе кожнага чалавека БЕЗ УСЯЛЯКАЙ ПРЫЧЫНЫ могуць схапіць пасярод вуліцы і ў выніку пасадзіць «на суткі». Дзе ўлада трымаецца на сілавых структурах, у якіх пануюць два віды — людзі, якім сьвярбяць рукі, і абыякавыя выканаўцы, якія, калі будзе загад, з аднолькавым імпэтам аформяць пратаколы адміністрацыйнага парушэньня альбо пратаколы на адпраўку ў газавыя печы. Пакуль улада не дае ім такога загаду, але яны ў кожны момант з задавальненьнем гатовыя зладзіць новы дзень 19 сьнежня.

І кожны раз, калі мне давядзецца абмяркоўваць «лібэралізацыю», у мяне перад вачыма будзе стаяць той момант, калі Воля ляжыць на асфальце.

па інф. радыё Свабода

Дата стварэння навіны 26.03.2018

Возврат к списку