АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Аперацыя «Фільтр» - вынікі

«Аперацыя «Фільтр» - вынікі
26.03.2018
25 сакавіка ў Беларусі было прэвентыўна затрымана, як мінімум, 119 актывістаў апазіцыі ў 12 гарадах.

У рэгіёнах Беларусі было затрымана 57 чалавек, каб не даць ім магчымасць дабрацца да Мінска. Затрыманні адбыліся ў Салігорску, Магілёве, Бабруйску, Оршы, Мар'інай Горцы, Вілейцы, Слуцку, Бярозе, Слоніме — усяго звесткі ёсць з 12 гарадоў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Вось толькі некаторыя з фактаў, сабраных праваабаронцамі-вясноўцамі.

На выездзе з Бабруйска былі затрыманыя 5 сябраў Сацыял-дэмакратычнай партыі разам з сябрам ЦК партыі Юрыем Грынявіцкім — Уладзімір Чабан, Эдуард Грынявіцкі, Яўген Габрэлян, Аляксей Калеснікаў. 

Перадае праваабаронца Барыс Бухель: «Магілёў. У 9-50 патэлефанавала Ухарэнка Валянціна (прозвішча — на слых): за 5 км ад горада на мінскай трасе каля вёскі Сумарокава затрымалі 11 чалавек, якія ехалі ў Менск … Вязуць у РАУС Магілёўскага раёна».

Прыкладна ў 8 гадзін раніцы на вакзале ў Маладзечне супрацоўнікамі МУС был затрыманы Алесь Абрамовіч, кіраўнік Менскай абластной арганізацыі БСДП (Грамада).

Жыхара Баранавіч Мікалая Чарнавуса выклікалі позвай у Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту РБ на 10 гадзін 25 сакавіка, з мэтай недапушчэння яго на мітынг у сталіцу.
Хрысціянскі дэмакрат з Оршы Яўген Анішчанка, які ехаў у Менск, быў затрыманы міліцыяй і змешчаны ў Талачынскі РАУС.

Быў затрыманы паэт Славамір Адамовіч, які збіраўся з Мар'інай Горкі электрычкай патрапіць у Мінск.

У Вялейцы супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілях дзяжурылі каля дамоў мясцовых актывістаў Аляксея Сюдака, Міхася Куляша і Паўла Хаванскага. Сюдака прэвентыўна затрымлівалі 24 сакавіка.

Не даюць выйсці з дому жыхару Мар'інай Горкі Сяргею Мазуру, у якога 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. 

У Маладэчне дзесьці ў пачатку на 10-ую затрымалі Анатоля Гмызу. Быццам бы для праверкі дакумэнтаў. Цяпер ён у РАУСе. 

Віцебск. Заяўнік шэсцця і мітынгу Уладзімір Кійко быў заблакаваны людзьмі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ. Актывіста Леаніда Аўтухова заблакавалі ў сваім доме у Гарадку Віцебскай вобласці. Як стала вядома, яго тэрмінова выклікаюць сёння ў райаддзел міліцыі.

У Слоніме затрыманы Іван Бедка, які збіраўся ехаць у Менск аўтобусам.

Жыхары Слоніма Алесь Масюк і Павел Севасцьян на маршрутцы ехалі ў Менск. Са Слоніма ім выехаць удалося спакойна. Падчас руху па трасе Баранавічы — Менск маршрутку спынілі на тэрыторыі Карэліцкага раёна і з яе высадзілі Алеся Масюка і Паўла Севасцьяна. Слонімцаў адвезлі ў Карэліцкі РАУС. 
У Воршы затрыманы Генадзь Шэпелеў, які выйшаў са сцягам да помніка Уладзіміру Караткевічу. Складаюць пратакол. У ІЧУ Оршы знаходзіцца затрыманая раніцай Наталля Стрэльчанка.

Ля помніку Альгерду ў Віцебску быў затрыманы Мікола Кучарэц, пасля таго як той развярнуў БЧБ сцяг. Ен дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС.

Па дарозе з Салігорску ў Мінск затрыманыя Уладзімір Шыла з жонкай, якія ехалі ў Мінск. На Шылу быў складзены пратакол.

Эдварда Баланчука ў Маладечне ўзялі на прыпынку, калі ён чакаў маршрутку на Менск. Адвезлі ў РАУС на «размову».

Журналістка газеты «Вячэрні Бабруйск» Ірына Купцэвіч піша, што іх машыну затрымалі на выездзе з горада каля Баяраў. Затрымалі ўсіх чаторох і вязуць у РАУС. Прозвішчы: Іван і Аляксандр Хамрэнкі, а таксама журналістка Ірына Хамрэнка-Ушакова.

У Слуцку Аляксандр Залатар быў затрыманы перад санкцыянаваным канцэртам, быў у машыне разам з апаратурай. 

Пры выездзе з Барысава прыкладна ў 14.00 затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч з дачкой.

Жыхар Віцебска Уладзімер Лунёў, які ехаў у аўтамабілі. Даставілі ў Першамайскі РУУС Віцебска. Журналістка з Глыбокага Тацяна Смоткіна піша на Facebook: «Сяджу ў Лепельскім РАУСе. Спынілі, бо ехалі з бел-чырвона-белым сцягам у машыне»

На выездзе з горада Слуцка Віталя Амяльковіча і яшчэ аднаго актывіста Пятра Матанскага затрымалі па дарозе ў Менск.

Варта адзначыць, што Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі запланавала на 25 сакавіка правядзенне спецыяльнай аперацыі «Фільтр» з не зусім зразумелымі мэтамі і задачамі. Існуе імавернасць, што адзінай яе мэтай было настрашыць людзей, каб яны не ехалі на свята ў Мінск.

У Мінску, у сваю чаргу, было затрымана, як мінімум, 62 чалавекі. Пераважна гэта былі жыхары горада, якія сабраліся на плошчы Якуба Коласа, у адказ на заклік Мікалая Статкевіча правесці шэсце. Але, акрамя таго, амапаўцы затрымлівалі людзей, якія адмаўляліся схаваць нацыянальныя беларускія сцягі пасля канцэрта. Сярод такіх былі жыхаркі Мінска Адар'я Гуштын і Галіна Абакунчык, якія расказалі пра гэта ў сябе ў сацыяльных сетках.



Дата стварэння навіны 26.03.2018

Возврат к списку