АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Трагедыя айцоў БНР у тым, што яны апярэджвалі свой час»

 «Трагедыя айцоў БНР у тым, што яны апярэджвалі свой час»
25.03.2018
Як паўплывала абвяшчэнне БНР на далейшую гісторыю Беларусі.

У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 года, было абвешчана аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта перыяд БНР многія лічаць першым этапам на шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а дэмакратычная грамадскасць нашай краіны 25 сакавіка святкуе Дзень Волі.
Пра Беларускую Народную Рэспубліку і тое, як яна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі мы пагутарылі з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Анатолем Дулавым.

Анатоль Мікалаевіч, ці можам мы гавараць пра БНР як пра паўнавартасную дзяржаву?
У геапалітычных умовах, якія склаліся на 1918 год, БНР было наканавана стаць толькі спробай стварэння нацыянальнай беларускай дзяржавы. Хаця Беларуская Народная Рэспубліка і мела некаторыя атрыбуты дзяржаўнасці, не было галоўнага – рэальнай улады над землямі, якія павінны былі ўтварыць тэрыторыю рэспублікі.
Трагедыя айцоў БНР, на мой погляд, у тым, што яны апярэджвалі свой час. Аб’ектыўныя умовы для ператварэння Беларусі ў незалежную дзяржаву адсутнічалі. Немалаважна, што ў большасці беларусаў яшчэ не склалася нацыянальная самасвядомасць. У сваёй асноўнай масе беларускае насельніцтва было сялянскім, і яго хвалявала не нацыянальная ідэя, а зямельнае пытанне.
Рада БНР

Некаторыя называюць БНР нямецкім праектам. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?
Сапраўды, германскі фактар адыграў важную ролю ў спробе ўтварэння БНР, што вынікала з тагачасных рэалій: рэспубліка была абвешчана на тэрыторыі, акупаванай Германіяй. Але БНР была не нямецкім, а выключна беларускім праектам! Асновы яго былі закладзены ў рэзалюцыі Першага Усебеларускага з’езда, які праходзіў у снежні 1917 года ў Мінску і быў разагнаны бальшавікамі. Праўда, гаворкі пра незалежную дзяржаву ў рашэннях з’езда не было. Яго ўдзельнікі выказаліся за захаванне Беларусі на правах аўтаноміі ў складзе Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі.

Абвяшчэнне ж БНР, а потым яе незалежнасці, варта разглядаць у якасці рэакцыі на ўмовы ганебнага Брэсцкага міру, які фактычна адрываў акупаваную немцамі частку Беларусі ад Расіі.
А тэлеграма, накіраваная кайзеру Вільгельму ІІ 25 красавіка 1918 года кіраўніцтвам Беларускай Народнай Рэспублікі ад імя Рады, якая ўрэшце выклікала раскол як у Радзе, так і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе, была нічым іншым, як спробай апоры на Германію ў рэалізацыі беларускага праекта.
 У той час, зыходзячы, напрыклад, з падтрымкі Германіяй Украінскай Народнай Рэспублікі, гэта не выглядала нечым фантастычным. Але германскі ўрад бачыў у Беларусі хутчэй задатак пад кантрыбуцыю, якую павінна была выплаціць Савецкая Расія, і не быў зацікаўлены ў падтрымцы беларускай дзяржаўнасці.

Паштоўка часоў БНР. Фота ru.wikipedia.org
Як паўплывала абвяшчэнне БНР на далейшую гісторыю Беларусі?
Я лічу, што спроба беларускіх дзеячаў утварыць ўласную нацыянальную дзяржаву мела выключна важнае гістарычнае значэнне. Бо абвяшчэнне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове стала ў многім рэакцыяй на існаванне структур БНР.

З аднаго боку, бальшавікі зразумелі, што беларуская інтэлегенцыя мае імкненне да нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння. З іншага, неабходна было стварыць альтэрнатыву БНР. Такім чынам, калі б не было Беларускай Народнай Рэспублікі, не было б і ССРБ (БССР). А Рэспубліка Беларусь ў юрыдычным сэнсе з’яўляецца правапераемніцай апошняй.

Анатоль Дулаў, фотаздымак Сашы Май, vkurier.by


Дата стварэння навіны 25.03.2018

Возврат к списку