АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Смаленск – былая сталіца Беларусі. Хто пра гэта памятае і што беларускага там засталося?

Смаленск – былая сталіца Беларусі. Хто пра гэта памятае і што беларускага там засталося?
25.03.2018
Горад і крэпасць, за які нашыя продкі сотні гадоў змагаліся супраць суседняй дзяржавы з Усходу.

Смаленск – некалі ўсходні бастыён Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.  У выніку больш за тры стагоддзі таму маскоўцы захапілі Смаленск. Але беларуская спадчына захавалася там і сёння. Каб давесці гэта, у заходні расійскі горад адправіліся Дзмітрый Міцкевіч і Ігар Кулей.

Смаленск – былая сталіца Беларусі… Стоп, скажуць тут шматлікія гледачы. Шмат хто сёння і не памятае, але 100 гадоў таму менавіта ў Смаленску абвесцілі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, а горад на 5 дзён стаўся першаю сталіцай БССР.


У гэтым будынку смаленскай філармоніі напрыканцы снежня 1918 года праходзіла VI Паўночна-Заходняя канфэрэнцыя Расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў. Дэлегаты прынялі рашэнне стварыць БССР «з тэрыторыяй Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў».

Самыя жыхары Смаленску, апытаныя намі побач з філармоніяй, амаль нічога не ведаюць пра гэта.

 Зрэшты, і ў беларусаў, апытаных намі ў Мінску, засталося толькі невялікае ўяўленне пра сувязь Смаленску з гісторыяй нашай краіны.


 Рэгіён гэты і сапраўды быў спрадвеку населены беларусамі. І сітуацыя не змянілася нават пасля працяглага перабывання ў складзе Расейскай імперыі. Гэтак, паводле перапісу 1859 года, беларусы складалі больш за палову жыхароў Смаленскай губерніі. А ў самім горадзе – дык увогуле каля 90 адсоткаў насельніцтва!

 Таму не дзівіць тая ўвага, што надавалася рэгіёну камуністамі сто гадоў таму.

 

Каментуе гісторык, прафесар Беластоцкага ўніверсітэту Алег Латышонак:


«Смаленшчына была ў межах засялення беларускага народу. І ніхто не ставіў гэта пад сумнеў. Усе расейскія атласы так паказвалі».

Гаворка ідзе пра «Карту беларускага племені», выдадзеную ў 1903 г. Яўхімам Карскім, акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук.

Відавочна, што яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя і беларусы лічылі Смаленск прыналежным да сваёй спрадвечнай спадчыны. Што абсалютна лагічна – апроч этнічнага складніку, горад характарызаваўся вялікаю колькасцю ўзораў нетыповай для Расеі архітэктуры.

Пра тое, што Смаленск некалі ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай, сёння не нагадвае амаль што нічога. Белы будынак за плячыма Ігара Кулея – адзіны збудаваны майстрамі з Вялікага княства Літоўскага, які застаўся стаяць у горадзе да сёння.


Хоць і не ў складзе Беларусі, Смаленск застаецца моцна звязаны з нашаю краінай і сёння. Як мінімум эканамічна. Толькі за 2017 г. аб’ём узаемнага гандлю Беларусі са Смаленскаю вобласцю перавысіў чатыры мільярды долараў! А беларускі экспарт у гэты рэгіён вырас за мінулы год аж на траціну. Яно і не дзіва – беларускія тавары тут літаральна на кожным кроку – ад абутку і матрацаў да мяса і малака.

Жыхары Смаленску хваляць беларускія тавары і прызнаюцца, што купляюць, між іншым, малочныя вырабы.

Але на Смаленшчыне ёсць месцы, дзе беларускія карані праглядаюцца не толькі матэрыяльна. Варта толькі глянуць на карту вобласці ды тапаніміку: Будзякі, Рудакі, Казімірава. А некалькі кіламетраў ад беларускай мяжы – Птушкі ды Зюзькі. Туды і накіруемся. Да Птушак у зімовую пару дабрацца зусім няма як, дарогі ад снегу не чысцяць. Вёска ж Зюзькі таксама вымірае, але дзясятак жыхароў тут усцяж застаецца.


 Спадар Мікалай адзін з іх. Ён нарадзіўся ў гэтай самай вёсцы і дагэтуль даглядае бацькоўскую хату. Ягоны бацька – беларус, а маці – расійка.


Распавядае спадар Мікалай, жыхар вёскі Зюзькі:


«Ёсць нешта ўкраінскае ў словах. «Гэта», «разбяруць», напрыклад. «Бульба» – усё вясковыя словы. У вёсцы ж так называлася – не «картошка», а «бульба», па-беларуску. Недзе палова ў нас беларусаў у вёсцы. Правы бок – Днепр 2 кіламетры. Па той бок – Беларусь, а тут Расея».

Мясцовыя жыхары апавядаюць, што яшчэ не так даўно тутэйшыя вяскоўцы ў сваіх звычаях былі бліжэй прывязаныя да беларускіх традыцыяў.


Аляксандр, жыхар вёскі Зюзькі:

 «У мой час на Купалле моладзь збіралася, рабілі свае справы і, натуральна, купалілі. Недзе ёсць, моладзь спрабуе. Натуральна, гаворка іншая. Тут жа раней мяжа якая была – хто яго ведае. Вось Вы ведаеце, дзе раней мяжа была? Цяпер я ведаю як. А раней – да рэвалюцыі, пасля рэвалюцыі, дзе яна была?»


Ды і ў гаворцы карэнных жыхароў адчуваецца сувязь з мінулым. Падчас размовы, часамі, складаецца ўражанне, што перад табою жыхар не цяперашняй Смаленскай вобласці, а, напрыклад, Смалявіцкага раёну. Але каго не запытаеш, усе лічаць сябе расейцамі. Так усталяваная аднойчы мяжа падзяліла людзей не толькі паводле грамадзянства, але і паводле пачуцця прыналежнасці.


Працягвае гісторык Алег Латышонак:

 

«Бальшавікі вельмі практычна да ўсіх праблемаў падыходзілі. Да падпісання сваіх дамоваў з іншымі, да сваіх дэкрэтаў. У іх усё было часовае і служыла мэтам цяперашняга моманту».

У Расіі Смаленск цяпер лічыцца спрадвечным расейскім горадам, які стагоддзямі абараняўся ад «палякаў», як вучыць гісторыя. Гэта і не дзіўна, калі сярод шматлікіх тамтэйшых гісторыкаў з нядаўняга часу прынята ўвогуле адмаўляць у існаванні, напрыклад, беларусам ды ўкраінцам. Тым часам улады Беларусі не інвестуюць у развіццё нацыянальных традыцыяў і культуры нават у сваёй дзяржаве, не кажучы ўжо пра тэрыторыі суседніх краінаў.


Белсат

Дата стварэння навіны 25.03.2018

Возврат к списку