АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Сцэнар "справы патрыётаў" быў распрацаваны

Сцэнар "справы патрыётаў" быў распрацаваны
24.03.2018
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму год таму з’явілася “справа патрыётаў” і патлумачыў, чаму сёння варта дамагацца кампенсацыі за незаконнае знаходжанне пад вартай.

“Крымінальныя справы, якія з часам развальваюцца на кавалкі, неабходны ўладзе для падтрымання градуса страха сярод насельніцтва, – кажа суразмоўца. – Зніжаць пратэстнае напружанне яны навучыліся…”

Нагадаем, што затрыманні пачаліся год таму, пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка мінулага году, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

30 лістапада 2017 году старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

Відавочна, што “справа патрыётаў” з’явілася толькі таму, каб знізіць накал пратэстных настроеў, што былі вясной мінулага году, – кажа Гары Паганяйла. – Трэба было метадамі сілавых пагроз запалохаць грамадства і найбольш актыўную частку апазіцыі, паралізаваць дзейнасць актывістаў, трымаць людзей у страху. Гэта вядомы і напрацаны метад, які не першы раз прымяняецца ўладай, калі тая бачыць пагрозу для сябе ў сітуацыі, якая выходзіць з-пад кантролю.

Любая таталітарная ўлада імкнецца жорсткімі прыёмамі кантраляваць усё і прымяняе іх у дачыненні да апанентаў і грамадскасці.

– Але ж абвінавачванні гучалі досыць сур’ёзныя – людзям даводзілі, што ў краіне ледзь не тэрарыстычная арганізацыя існуе…

–  Так, размова ішла быццам бы пра падрыхтоўку ўзброенага перавароту ў краіне. Але ж так улада сябе паводзіла і пасля падзей 19 снежня 2010 году, калі людзі ў дзень прэзідэнцкіх выбаркаў выйшлі на вуліцу, а гэта было прадстаўлена, як плануемы дзяржаўны пераварот. Тады ў дзяржаўных СМІ таксама распавядалі і пра зброю, і пра іншыя міфічныя рэчы, але ўсё гэта з часам некуды знікла, хаця многія людзі тады атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны.

Адным словам, як толькі недзе праяўляецца сацыяльная альбо палітычная актыўнасць людзей з выхадам на вуліцы, улада адказвае жорсткімі рэпрэсіямі.

І нават у сёняшніх умовах, калі зразумела, што ніхто не збіраецца ладзіць ніякія рэвалюцыі, калі да 100-годдзя БНР дазволілі канцэрт у цэнтры Мінска, усё роўна арыштавалі і адправілі на “суткі” лідараў апазіцыі, якія ў свой час выводзілі народ на вуліцы. Тым самым, улады псуюць і агульны палітычны настрой, і падрываюць веру ў тое, што яны нейкім чынам змяніліся. Хаця апошнія быццам бы і лаяльна паставіліся да святкавання слаўнай гістарычнай даты. Тым не меш, кропкавыя рэпрэсіі застаюцца. І гэта, на мой погляд, пазіцыя нават не сілавікоў, а вярхоўнага кіраўніцтва.

– Год таму, калі дзяржаўныя СМІ вялі прапагандысцкую кампанію і распавядалі пра “справу “Белага легіёна”, па ТВ паказвалі зброю, пра якую сёння ўжо ніхто не ўспамінае. Як так адбылося?

– Наколькі я зразумеў, ніякай баявой зброі ў фігурантаў справы і не было. Калі б эксперты далі заключэнне, што зброя баявая, то іншая справа. У такім выпадку ёсць падставы для крымінальнага пераследу і судовага разбіральніцтва.

Але ж мы бачылі толькі карцінку, але ніхто не казаў, пры якіх абставінах зброя там аказалася. Тым больш, што яна была вучэбная. Таму не выключаю, што сцэнар быў распрацаваны сілавікамі, а прапагандысты ўжо зрабілі сваю справу. І з такімі з’явамі мы таксама сутыкаемся не ўпершыню. Успомніце, што ў свой час народ палохалі пацукамі, казалі, што людзей хацелі атруціць праз ваду. І чым тое расследванне закончылася? Нічым!

– Год таму была і яшчэ адна страшылка – распавядалі пра нейкіх людзей са зброяй, якія прарываліся з Украіны ў Беларусь. Зараз таксама не чуваць ні пра крымінальную справу па гэтым факце, ні пра джып, ні пра тых, хто ім кіраваў. Таксама быў прапагандыскі ход?

– Гэта была нейкая правакацыя. Улады зразумелі, якім чынам можна укідваць у грамадства такую інфармацыю, якая называецца фэйкавымі навінамі. Гэта робіцца адмыслова, каб напружваць людзей і ствараць атмасферу страха. Мэсідж такі – з Украіны, якая апошнім часам знаходзіцца ў ваенным стане, узброеныя хваляванні могуць перакінуцца і на Беларусь. І сілавікі, маўляў, дзейнічаюць у мэтах бяспекі грамадзян прэвентыўна, каб такога не здарылася ў нашай краіне.

Таму і прыдумваюцца рознага кшталту джыпы са зброяй, ваенныя сховішчы. Таму і ўзнікаюць крымінальныя справы, якія з часам развальваюцца на кавалкі. Усё гэта – для падтрымання градуса страха сярод насельніцтва. Уладзе такая сітуацыя неабходна, каб утрымацца, каб захоўваць статус-кво. Таму не выключана, што, калі будуць новыя хваляванні сярод людзей, з’явяцца і новыя крымінальныя справы. Зніжаць пратэстнае напружанне улады навучыліся, піша palitviazni.info




Дата стварэння навіны 24.03.2018

Возврат к списку