АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Ці праяўляе моладзь інтарэс да рабочых прафесій?

Ці праяўляе моладзь інтарэс да рабочых прафесій?
22.03.2018
60 працэнтаў вакантных працоўных месцаў у краіне — па рабочых спецыяльнасцях.

Запатрабаваны прадаўцы, кухары, агароднікі, трактарысты, слесары, кіроўцы пагрузчыка. Але ці цікавяць моладзь гэтыя прафесіі? Хто вырашае звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і грамадскім харчаваннем? Як рыхтуюцца згаданыя работнікі? Пра гэта мы даведаліся ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.

 

Вучыцца, спаборнічаць, перамагаць

 

Усяго тут займаецца 400 чалавек. Кожны трэці — мінчанін. Паступаюць таксама падлеткі з Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Бярэзінскага, Смалявіцкага раёнаў. За тры гады яны паспяваюць атрымаць запатрабаваную прафесію.

 

У групах, дзе вучацца на прадаўца, кухара і агародніка, 70 працэнтаў складаюць дзяўчаты. А вось на слесараў і экскаватаршчыкаў, зразумела, ідуць адны хлопцы.

 

Наколькі рабочыя спецыяльнасці ўвогуле цікавыя моладзі? Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Андрэй АЛЯКСЮК прызнаецца, што конкурс невялікі. Але попыт ёсць. «Штогод мы прырастаем у сярэднім на 30 чалавек. Летась планавалі да набору 120 навучэнцаў, але дадаткова адкрылі яшчэ адну групу па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ». Той, хто яе атрымлівае, засвойвае адначасова прафесіі трактарыста, машыніста экскаватара і кіроўцы пагрузчыка і можа працаваць як у сельскай гаспадарцы, так і ў будаўніцтве».

 

Навучэнцы ліцэя ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах. І даволі паспяхова. На Рэспубліканскім конкурсе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў яны пастаянна займаюць прызавыя месцы. Былі сярод хлопцаў і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Трэнажоры наглядныя і віртуальныя

 

«Перад пачаткам работы падай сігнал!», «Не перавышай хуткасць павароту стралы — перакуліш кран!», «Падбірай ключы па памеры гайкі!» — папярэджваюць плакаты ў майстэрні, дзе практыкуюцца будучыя трактарысты і слесары. Ёсць тут і трэнажор электрыфікаванага экскаватара, на якім хлопцы могуць паспрабаваць, як гэта — кіраваць машынай-гігантам. Кіраўніцтва ліцэя расказвае, што ў планах — закупіць больш сучасныя трэнажоры, дзе выкарыстоўваецца тэхналогія віртуальнай рэальнасці: калі займаешся на такіх, здаецца, што ты едзеш па полі ў кабіне сапраўднага камбайна.

 

Ліцэй, дарэчы, з'яўляецца рэсурсным цэнтрам па падрыхтоўцы трактарыстаў. Сюды на практыку прыязджаюць навучэнцы з іншых прафтэхустаноў вобласці.

 

У майстэрні займаюцца трэцякурснікі ўжо згаданай спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ». Цікавімся ў хлопцаў, што прывяло іх у прафесію.

 

— Мой бацька — індывідуальны прадпрымальнік, займаецца грузавымі перавозкамі. Мяне таксама гэта дзейнасць зацікавіла. У ліцэі якраз даюць катэгорыю, з якой можна працаваць на грузавых машынах, — адказвае Уладзіслаў Новік.

 

— З дзяцінства тэхніку люблю, — тлумачыць свой выбар Уладзіслаў Няборскі. — Да таго ж тут правы бясплатна атрымліваеш — чаму б не?

 

Хлопцы дадаюць, што праца на экскаватары прыносіць добрыя грошы. Толькі для гэтага ты павінен старанна вучыцца, добра ведаць сваю справу і прафесійна валодаць тэхнікай.

 

Праз тыдзень у іх пачнецца вытворчая практыка. Нехта пойдзе на трактарны завод, хтосьці — на плодаагароднінную базу, іншыя — у будаўнічы трэст ці на птушкафабрыку. Практыка, як правіла, аплатная. Леташнія навучэнцы атрымлівалі ад 100 да 400 рублёў у месяц.

 

Павел Хмяльніцкі паступіў у ліцэй па прыкладзе старэйшага брата — той працуе слесарам. Цяпер навучэнец рыхтуецца выступіць на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства Wоrld Skіlls Bеlаrus у кампетэнцыі «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын». Спаборніцтвы па гэтай спецыяльнасці будуць праходзіць упершыню.

 

— Займаюся з 9 да 17 гадзін. Трэнірую рэгуліроўку рухавіка, плугоў. Няма калі сядзець на месцы, — кажа Павел.

 

А што ў нас на закуску?

 

У іншай лабараторыі, за велізарнай плітой і апрацоўчымі дошкамі, застаём кухараў. Усе ў кіцелях і каўпаках, як і належыць работнікам кухні. Сённяшняя тэма заняткаў — закускі.

 

У вытворчай лабараторыі навучэнцы праводзяць па шэсць гадзін чатыры дні на тыдзень. Смяюцца, што «надзвычайныя здарэнні» ва ўсіх былі. І адбіўныя згаралі, і супы «збягалі». Нядаўна на кухню закупілі фрыцюрніцу і слайсер. На будучы год збіраюцца набыць параканвекцыйную печ, індукцыйную пліту і спецыяльны посуд для яе.

Вольга Куц, якая вучыцца на трэцім курсе, сама з Беразіна. У кухары пайшла, бо з такой прафесіяй, на яе думку, лёгка знайсці работу. «У раённыя ўстановы грамадскага харчавання гатовы і на практыку ўзяць студэнта, і на падпрацоўку». У планах дзяўчыны — працягнуць адукацыю. Пасля ліцэя збіраецца паступаць у Барысаўскі каледж на тэхніка-тэхнолага.

 

У трэцякурсніка Мікіты Пытко кухарамі працуюць стрыечны брат і дзядзька, таму і ён яшчэ са школы марыў аб гэтай прафесіі. Хлопец з Мінска, але, паколькі ў сталіцы пасля дзявятага класа можна было пайсці вучыцца толькі на пекара, а не на кухара-ўніверсала, выбраў ліцэй у Смілавічах.

 

Нядаўна Мікіта ўдзельнічаў у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства. Заняў трэцяе месца. Па ўмовах спаборніцтва, за тры гадзіны трэба было паспець прыгатаваць і аформіць дзве стравы — асноўную (са свініны) і закуску (з бурака).

 

— Я зрабіў карэйку на косці, пюрэ з дабаўленнем брокалі, прыпушчаны перац у кісла-салодкім соусе, соус песта і ўпрыгожыў усё базілікам, крэс-салатай і запечанымі памідорамі чэры. А на закуску быў арыгінальны «селядзец пад футрам»: у бурачны мус дадаваўся сметанковы сыр, замест селядца — чырвоная рыба, падавалася страва на грэнцы з чорнага хлеба.

 

— Няўжо гэта ўсё праходзяць у ліцэі?

 

— Тут мы навучаемся, як правільна смажыць, рэзаць, запякаць. А далей ужо сам фантазіруеш і потым абмяркоўваеш з выкладчыкамі, ці можна гэта ўвасобіць у жыццё.

 

Мікіта заўважае, што кухар — не такая простая прафесія, як здаецца. «Гэта моцная фізічная нагрузка — ты ўвесь дзень на нагах. У кавярні змена доўжыцца звычайна 12 гадзін, і калі ідзе вялікі паток заказаў, стамляешся ад такога рытму».

 

Не толькі гайкі круціць

 

Куды ж ідуць працаваць выпускнікі ліцэя? Напрыклад, кухараў забіраюць райспажыўтаварыствы, трактарыстаў — мясцовыя сельскагаспадаркі, кіроўцаў пагрузчыка — будаўнічыя ўпраўленні.

 

Заробкі маладых спецыялістаў адразу пасля размеркавання — ад 350 да 600 рублёў. У сельскай гаспадарцы ўсё залежыць ад эканамічнага стану канкрэтнай арганізацыі.

 

— Іграе ролю і ўдача, але асноўны фактар — любоў да работы. Працавітага чалавека кіраўніцтва заўсёды заўважыць і пастараецца ўтрымаць, бо залатыя рукі паўсюль патрэбныя. Ведаю па выпускніках, што, нават калі хлопцы ідуць па размеркаванні ў адну і тую ж арганізацыю, іх заробкі могуць істотна адрознівацца. Малады чалавек у рабочай прафесіі можа атрымліваць добрыя грошы — я столькі на выкладчыцкай рабоце не маю, — усміхаецца Андрэй Аляксюк.

 

Сельская гаспадарка за апошнія гады істотна змянілася. Іншыя тэхналогіі, абсталяванне. «10 гадоў таму базавымі трактарамі былі «Беларус-1221» і «Беларус-1523». 150 конскіх сіл — мяжа для тых машын. Цяпер ужо трактар на 360 конскіх сіл для сельскай гаспадаркі — норма. Без яго сучасны работнік на полі неэфектыўны, бо задачы трэба выконваць у максімальна сціслыя тэрміны», — расказваюць у ліцэі.

 

На думку адміністрацыі навучальнай установы, працаваць на зямлі становіцца больш цікава, але і патрабаванні да выпускнікоў растуць. «У сферы ідзе аўтаматызацыя працэсаў. Сучасныя трактары ўжо аснашчаны тэхналогіяй GРS. Адпаведна работнік мусіць умець не толькі гайкі круціць, але і разбірацца ў бартавым камп'ютары».

 

Наталля Лубнеўская, фота Сяргея Нікановіча, zviazda.by

 


Дата стварэння навіны 22.03.2018

Возврат к списку