АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Што трэба ведаць пра Дзень Волі каля Опернага

Што трэба ведаць пра Дзень Волі каля Опернага
22.03.2018
Што браць і чаго ня браць з сабой на свята, як дабрацца да Траецкай гары і дзе чакаць сюрпрызаў — адказваюць арганізатары святкавання 100-годдзя БНР на Траецкай гары Антон Матолька і Павал Белавус.

Ці браць з сабой бел-чырвона-белы сьцяг?

 

Бел-чырвона-белыя сьцягі і Пагоня — так! Сьцягі прыносьце на вудах і лёгкіх дрэўках. Дубінкі і цяжкія палкі праносіць нельга.

 

Калі пачатак і колькі чалавек там зьмесьціцца?

 

Пачатак збору а 13-й гадзіне. Урачыстае адкрыццё — а 14-й.

 

Матолька: Менгарвыканкам вызначыў гэтую тэрыторыю як тую, на якую зьмесьціцца 25 тысяч чалавек. Заяўка пададзеная на 25 тысяч, сьвята дазволенае мясцовымі ўладамі.

 

Дабірацца пешкі ці на аўтамабілі?

 

Матолька: Пляцоўка ў цэнтры гораду, дабрацца проста. З аднаго боку — станцыя мэтро «Няміга» і ўвесь транспарт, які ідзе па Максіма Багдановіча і па праспэкце Пераможцаў. З другога боку — станцыі мэтро «Кастрычніцкая» і «Плошча Перамогі».

 

У цэнтры заўжды ёсьць пытаньне з паркоўкай. Таму лепш прыходзьце на сьвята пешкі, прыяжджайце грамадзкім транспартам ці пакідайце аўтамабіль у радыюсе паўтара кілямэтра ад Опэрнага тэатру.

  

Але кіроўцу-інваліду трэба пад’ехаць блізка да месца сьвята. Гэта магчыма?

 

Так. Паркоўка для інвалідаў-вазочнікаў за тэатрам. Гэта частка вуліцы Чычэрына ад вуліцы Алаізы Пашкевіч да Камуністычнай.

 

Можна я вазьму з сабой тэрмас або піва?

 

Не. Тэрмасы не дадуць пранесьці зь меркаваньняў антытэрарыстычнай бясьпекі.

 

Алькаголь праносіць нельга, сьвята цалкам безалькагольнае. На фудкортах алькаголю ня будзе. Іншыя вадкасьці лепш праносіць у ёмістасьцях да 0,5 літра.

 

На пляцоўцы сьвята будуць разнастайныя фудкорты, пункты з гарбатай, кавай.

 

Ці будуць мяне надглядаць?

 

​​Так, але па аблегчанай праграме. Цэнтральны ўваход — насупраць Опэрнага тэатру. Тут будзе 12 пунктаў надгляду.

 

Матолька: Каля супрацоўнікаў міліцыі будуць дзяжурыць валянтэры. Фармат праверкі падобны да мерапрыемстваў каля Ратушы.

 

Дзе будзе канцэрт?

 

​​Канцэртная пляцоўка — справа ад Опэрнага тэатру. Яна мае памеры 10 на 12 мэтраў і будзе агароджаная рамкамі. За сцэнай арганізаваная тэхнічная зона. Лайн-ап выступоўцаў папярэдні, але бліжэй да даты будуць яшчэ імёны і сюрпрызы.

 

Матолька: Арганізатары дамаўляюцца зь людзьмі, якія выйдуць на сцэну зь віншаваньнямі і зваротамі. У іх будуць адмысловыя пропускі. Сцэну будзе ахоўваць прафэсійная канцэртная ахова, якая працуе на ўсіх падобных мерапрыемствах. На бэкстэйдж і сцэну можна будзе трапіць з бэйджамі і пропускамі.

 

Можна я выйду на сцэну і скажу ў мікрафон?

 

Фармат «я хачу выйсьці на сцэну» катэгарычна не прадугледжаны.

 

Белавус: Праграма расьпісаная пахвілінна, і мы будзем гэтага прытрымлівацца, каб у нас не ўзьнікала недарэчнасьцяў. Калі хтосьці хоча выступіць і нешта сказаць — калі ласка, ёсьць тэрыторыя сьвята, мітынг 24 сакавіка, інтэрнэт.

 

Я хачу прыйсці з дзецьмі. Чым іх заняць на свяце?

 

Прыходзьце зь дзецьмі любога ўзросту. Будзе дзьве дзіцячыя пляцоўкі.

 

Белавус: Актыўнасьці для дзяцей самыя розныя — ад размалёўваньня тварыкаў сьцяжкамі, арнамэнтамі, нацыянальнымі сюжэтамі да настольных гульняў ці проста гульняў. Тыя, хто будзе адказваць за іх, хочуць прадугледзець умовы для маці зь немаўлятамі: каб можна было падыйсьці, пакарміць грудзьмі, разагрэць дзіцячую сумесь.


 А па газонах можна хадзіць?


 Можна, калі на іх сьнег ці прамерзлая зямля.

 

Матолька: Калі 25-га будзе сьнег ці зямля прамерзлая, то Зелянбуд нічога ня мае супраць таго, каб людзі заходзілі на газоны. Але калі зямля разьмякне, то, найхутчэй, людзі самі на іх ня пойдуць. Паводле папярэдніх прагнозаў, у ноч на 25-га яшчэ будзе мінус, і, найхутчэй, доступ на газоны будзе.

 

Як мне не прапусьціць выступ любімага гурту і даведацца, што будзе на сьвяце?

 

​​Будзе працаваць інфацэнтар. Тут можна атрымаць праграмкі, друкаваную прадукцыю, даведацца пра падрабязнасьці і сустрэцца, калі вы згубіліся. У інфацэнтры выдадуць друкаваную мапу з поўнай праграмай, інфармацыяй пра партнэраў і спонсараў. Тут жа выдадуць сьпеўнік, каб падглядаць у яго падчас сьпеўных сходаў.

 

Мы будзем сьпяваць хорам?!

 

Так! На сьвяце адбудзецца самы грандыёзны ў гісторыі Беларусі Спеўны сход.

 

Белавус: Там будуць знакавыя для Беларусі песьні: «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Пагоня», «Не загаснуць зоркі ў небе». Сьпеўным сходам будзе кіраваць Сяржук Доўгушаў. Словы можна будзе падглядаць у сьпеўніку, таксама яны будуць трансьлявацца на вялікім экране.

 

Я хачу набыць сувэнір з сымболікай БНР. Там яны будуць?

 

Белавус: Мы запрашаем беларускамоўныя выдавецтвы («Логвінаў», Arche, «Янушкевіч»), цікавыя брэнды (Honar, LSTr, Symbal. by, «Імбрык», «Прастора») і рамесьнікаў зь цікавымі вырабамі і тых, хто мае прадукцыю да 100-годьдзя БНР.

 

А калі сканчаецца сьвята?

 

У 19.00.

 

Матолька: Вялікая просьба — пры выхадзе не рабіць таўкучку. І ў адзін бок і ў другі — масты праз раку, гэта небясьпека для людзей. Магчыма, міліцыянты будуць разьмяжоўваць натоўп.

 

​​Белавус: Даўно было ідэя запачаткаваць фэстываль з назвай, напрыклад, «Сьвята незалежнасьці». Такі дзень, калі хаця б раз на год беларусы ня ныюць, як нам дрэнна, як усё не атрымліваецца, усіх пасадзілі, арыштавалі, нешта забралі... А дзень, у які беларусы будуць паміж сабой дзяліцца сваімі дасягненьнямі. У навуцы, у IT, вытворчасьці, творчасьці, культуры — ва ўсім!

 

Бо што адбылося 25 сакавіка 100 гадоў таму? Тады людзі зразумелі, што важна мець сваю незалежную краіну. Яны ня сталі ныць і казаць, як «нічога немагчыма зьмяніць, бо тут расейцы, тут палякі, тут немцы, і капец». А яны ўзялі, вырашылі і абвясьцілі. Зрабілі пазытыўны крок і паказалі прыклад, дзякуючы якому мы цяпер жывём у гэтай краіне.

 

І важна, каб гэты дзень быў далей як прыклад нашых дасягненьняў, якія мы паказваем самі сабе і адзін аднаго такім чынам натхняем.

Матолька: Сто гадоў БНР яшчэ толькі пачынаецца. У нас яшчэ цэлы год наперадзе.

па інф. радыё Свабода


Дата стварэння навіны 22.03.2018

Возврат к списку