АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

75 гадоў таму — 22 сакавіка 1943 — была спалена Хатынь

75 гадоў таму — 22 сакавіка 1943 — была спалена Хатынь
21.03.2018
22 сакавіка на тэлеканале «Беларусь 3» у 12.15 будзе фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі». 2 серыі стужкі глядзіце тут.

 Калі на Захадзе моршчацца: «Ну што вы ўсё пра вайну ды пра вайну?», я ў адказ пытаюся: колькі вёсак з жанчынамі і дзецьмі спалілі нямецкія акупанты, напрыклад, у Францыі? У Беларусі, па дадзеных Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, гэтая лічба крычыць і рэжа сэрца да сённяшніх дзён — 9093. Таму мы ніколі не забудзем пра другую сусветную вайну, і пра ўсе журботныя даты, з ёю звязаныя.

 


 

Учора, у памяць менавіта пра гэтую дату, у сталічным Доме Кіно прайшоў паказ класікі айчыннага кінематографа — адрэстаўраванай версіі драмы рэжысёра Элема Клімава паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі» («Беларусьфільм», «Мосфильм», 1985 г.).


 

Перад сеансам выступілі члены здымачнай групы: дырэктар карціны Наталля Пальчонак, другі рэжысёр Уладзімір Паначэўны, галоўны гукааператар Віктар Морс — ён адмыслова прыехаў з Масквы. На жаль, галоўных стваральнікаў фільма – знакамітых Алеся Адамовіча і Элема Клімава — ужо няма сярод жывых, піша Народная воля.

 

І вось заканчваюцца апошнія кадры фільма — крывавае пекла з крыві і агню. Галоўны герой Флёр (13-гадовы Аляксей Краўчанка, які стаў прафесійным акцёрам і служыць зараз у МХТ імя Чэхава), у фільме падлетак з тварам старога чалавека, ашалела страляе ў партрэт Гітлера-правадыра, Гітлера-юнака, Гітлера-хлапчука. Але ў Гітлера-немаўля ён стрэліць не можа… Немаўля невінаваты. А Флёр нават пасля ўсяго перажытага пекла ўсё ж такі не можа абудзіць у сабе звера … На шчасце, не можа.

 

Людзі выходзілі з кінатэатра пры мёртвай цішыні. Як у 1986-м, так і ўчора, у 2018-м.  

За больш чым 30 гадоў з моманту стварэння фільм стаў лаўрэатам шматлікіх прэстыжных кінафэстаў. У 1985 годзе ён быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове». У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire уключыў стужку ў спіс «500 найвялікшых фільмаў усіх часоў». У мінулым годзе гэта стужка атрымала Галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі «Венецыянская класіка».

 

Па выніках апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам «Sight & Sound» сярод рэжысёраў, карціна заняла 30 месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў.

На YouTube кінастужка мае каля двух мільёнаў прагляда.



Дата стварэння навіны 21.03.2018

Возврат к списку