АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Вольскаму – воля! Народу – свята!

Вольскаму – воля! Народу – свята!
16.03.2018
Музыка не абавязаны быць прыгонным. Але ён мае абавязак выконваць узятыя на сябе абяцанні, калі ён – прафесіянал, а не бард-аматар.

Гэта я пра Лявона Вольскага.

Ён прафесіянал. Ён спявае і за гэта атрымлівае грошы. І калі ён сарве канцэрт, ён парушыць кантракт. І справа тут нават не ў тым, ці атрымае ён пазоў ад арганізатараў за зрыў канцэрту. Значна горш, калі потым нехта з патэнцыйных кліентаў прыгадае, што канцэрт быў сарваны з палітычных матываў.

Крытыка, з якой абрынаюцца сёння на Вольскага, ідзе ад людзей, якія або вельмі добра разумеюць, што гаворка ідзе пра дзелавую рэпутацыю бізнесмена Вольскага, або самі не з’яўляюцца дзелавымі асобамі, а таму зразумець ягонае становішча не могуць у прынцыпе. Калі гаворка ідзе пра журналістаў, то яны акурат усё разумеюць.

 

Лявон Вольскі столькі разоў даводзіў сваю прыхільнасць ідэі незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, што яго асабістая прысутнасць на пляцоўцы перад Оперным тэатрам у Мінску ўжо ні дадаць, ні зменшыць штосьці ў яго палітычным іміджу не можа. А вось дзелавому іміджу можа пашкодзіць сур’ёзна.

 

Канцэрт Вольскага ў Беластоку, як і канцэрт Вайцюшкевіча ў Варшаве планавалі загадзя. Няма ніякіх сумневаў у тым, што іх арганізатары адмыслова прымеркавалі гэтыя канцэрты да 25 сакавіка. Гэта значыць, адсутнасць Вольскага і Вайцюшкевіча ў Мінску ў гэты дзень – ніяк не правакацыя, а наадварот, натуральная даніна павагі да Дня Волі. Якія прэтэнзіі? Спадару Дынько хочацца слухаць у гэты дзень Вольскага жыўцом? Купіце квіток і ляціце ў Беласток. Можна асабістым верталётам – калі такое жаданне будзе. Але абражаць і Вольскага, і прафесара Латышонка, абвінавачваючы іх у парафіяльнасці (сепаратызме? мястэчкавасці? правінцыйнасьці?) мыслення…

 

Так, прысутнасць або адсутнасць Вольскага 25 сакавіка ў Менску заўважаць усе. Менавіта таму гаворка ідзе пра ўключэнне ў праграму канцэрту онлайн-трансляцыі з Беластоку – са зваротам да прысутных аўтара «Белага яблыка грому». А вось нашую са спадаром Дынько прысутнасць – або адсутнасць – наўрад ці заўважаць. І гэта ні яго, ні мяне ніяк не прыніжае. Гэта адпавядае нашаму статусу. Таму ні Андрэй Васільевіч, ні Аляксандр Іосіфавіч не павінны прыпадабняцца да сталічных бараў, якія патрабуюць падаць нам на 25-е сакавіка Ляпкіна-Цяпкіна і Зэйдэля-Вольскага. Не нам гэта вырашаць.

 

І не трэба думаць пра тое, што на Мінску свет клінам сышоўся.

 

Так, сталіца. Але – не Вільня. І не Горадня. І, даруйце, нават не Смаленск. Вось канцэрт з нагоды 100-годдзя стварэння РСДРП у Мінску можна было праводзіць – і нідзе больш. І 25 сакавіка святкаваць сапраўды павінна ўся Беларусь. Ўся! І яе наваколлі. У гэтым мае рацыю Святлана Куль-Сяльвестрава, якая напісала ў Фэйсбуку пра тое, што сталіцы трэба было б падзяліцца святам… Не з правінцыяй, не – з усёй Беларуссю і з усімі беларусамі.

 

Менавіта таму самым разумным выхадам было б уключэнне 25 сакавіка прынамсі онлайн-трансляцыі з усіх абласных цэнтраў. І онлайн-выступ Івонкі Сурвілы. І звароту са сталіц дзяржаваў – нашых суседзяў і натуральных хаўруснікаў у справе пабудовы і абароны беларускай дзяржаўнасці. Гэта правільна.

 

Як правільным будзе, калі беларускія артысты выканаюць свае абяцанні перад сваймі гледачамі. Тымі, хто набыў квіткі. Нават калі ганарар Вайцюшкевіча за канцэрт у Варшаве, а Вольскага – у Беластоку будзе меншым за тое, што маглі б і хацелі б ім заплаціць у Мінску. Нават калі гэтага ганарару наагул не будзе. Нават калі яны ад яго адмовяцца, абмежаваўшыся аплатай накладных выдаткаў за праезд і пражыванне. Гэта будзе таксама правільна. Свята – яно для ўсіх свята.

 

 Аляксандр Фядута, Белсат


Дата стварэння навіны 16.03.2018

Возврат к списку