АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Кліп: «Я свабодны!» Ілля Сільчукоў і Вольга Вашкевіч спяваюць па-беларускі

Кліп: «Я свабодны!» Ілля Сільчукоў і Вольга Вашкевіч спяваюць па-беларускі
16.03.2018
Фолк-гурт Pawa разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч запісаў беларускі кавер на песню «Я свободен» — адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава.

Акцыя прымеркаваная да вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кіпелаў», які адбудзецца 31 сакавіка ў Палацы спорту.

 У Мінск «Кіпелаў» прывязе найлепшыя песні і новы альбом «Звезды и кресты». Гэта першы прыезд калектыва ў сталіцу Беларусі за 5 год. Лідар гурта беларускую версію «Я свободен» ужо слухаў і ацаніў яе станоўча.

 — Прачытанне Pawa мне спадабалася, — кажа Валерый Кіпелаў. — Добра, калі кавер-версіі зроблены якасна. А гэта менавіта той выпадак, піша НН.

 Тэкст песні на беларускую пераклаў фолк-музыка Віталь Воранаў. Аранжыроўку і інструментальныя партыі запісаў гурт Pawa, які спалучае ў сваёй творчасці фолк, рок і электроніку. Для лідара калектыву кавер стаў вяртаннем у юнацтва.

— Кіпелаў быў для мяне постаццю нумар адзін, калі яшчэ падлеткам у 90-х я ўпадабаў рок-музыку, — распавядае Юрый Панкевіч з Pawa. — Я набываў яго запісы ў складзе гурта «Ария» на касетах, я меў усю атрыбутыку таго часу: чорны заплечнік з надпісам «Я свободен», берцы і касуху з скурзаму. Усе песні і тэксты былі завучаныя на памяць і перажытыя. Дарэчы, гэта быў мой першы рок-канцэрт — памятаю, што адбываўся ён у цырку. Таму з задавальненнем пайду паслухаць Валерыя і зараз.

 Галоўную партыю вакала ў беларускай версіі «Я свободен» выканаў Ілля Сільчукоў — адзін з найлепшых оперных барытонаў Беларусі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, запрошаны саліст вядучых оперных тэатраў Італіі, Германіі, Бельгіі, Францыі, Ізраіля, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Эстоніі і іншых краін.

— Валерый мае бязмежны голас, за якім угнацца вельмі складана нават прафесійным оперным спевакам. Я выдатна памятаю, як па яго запісах вучыліся тэнары ў нашым каледжы пры кансерваторыі. Ды і сама песня патрабуе шырокага дыхання і доўгай канцілены, таму спяваць яе вельмі няпроста, — кажа Сільчукоў. — Але адна з разынак нашай версіі — менавіта жаночы вакал Вольгі Вашкевіч, маёй калегі па Вялікім тэатры Беларусі.

31 сакавіка — Мінск, Палац спорту — 20:00



Дата стварэння навіны 16.03.2018

Возврат к списку