АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Мы не дазволім сябе запалохаць!»

«Мы не дазволім сябе запалохаць!»
15.03.2018
У Радзе Бяспекі ААН спрачаліся наконт атручвання ў Солсбэры.

Прадстаўнік РФ у ААН Уладзімір Небензя. Фота - REUTERS/Shannon Stapleton
На паседжанні Рады Бяспекі ААН Вялікая Брытанія абвінаваціла Расею ў парушэнні Статуту ААН, а таксама Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі. Пастаянны прадстаўнік РФ у ААН Уладзімір Небензя ў сваю чаргу назваў інцыдэнт у Солсбэры правакацыяй супраць Расеі.

Прадстаўнік Брытаніі ў ААН Джонатан Ален заявіў, што атручванне былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры было не проста злачынствам, а парушэннем міжнароднага права.
«Мы ўжо чулі нападкі і пагрозы з боку Расеі на працягу апошніх некалькіх дзён. Мы ведаем, што гэта працягнецца. Менавіта так паводзіць сябе Расея кожны раз, калі яе ловяць на парушэнні міжнароднага права: яна звяртаецца да адмаўлення, адцягнення ўвагі і пагрозаў. Так працуе Расея. Але мы не дазволім сябе запалохаць», – падкрэсліў ён.

Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Ніккі Хэйлі выказала поўную салідарнасць з Вялікай Брытаніяй. Яна падкрэсліла, што аўтарытэт Рады Бяспекі ААН будзе падарваны, калі не заклікаць РФ да адказнасці.

«Калі мы не зробім неадкладных і канкрэтных мер для таго, каб разабрацца з гэтым пытаннем, Солсбэры не будзе апошнім месцам, дзе ўжывалася хімічная зброя. Яно можа быць ужытая тут, у Нью-Ёрку, або ў гарадах усіх краінаў, прадстаўленых у Радзе Бяспекі », – падкрэсліла яна.

Прадстаўнік РФ Уладзімір Небензя назваў абвінавачванні Лондану галаслоўнымі, адзначыўшы, што ў 2017 годзе ў РФ былі знішчаныя ўсе запасы хімічнай зброі. «Мы патрабуем прад’яўлення матэрыяльных доказаў нібыта знойдзенага расейскага следу ў гэтым рэзанансных справе», – заявіў ён.
Нагадаем, замах на Сяргея Скрыпаля адбыўся 4 сакавіка: былы афіцэр ГРУ і ягоная дачка былі знойдзеныя на лаўцы каля гандлёвага комплексу ў горадзе Солсберы. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок», распрацаваным у Расеі. Пасля здарэння брытанскія ўлады накіравалі ў Солсберы каля 180 вайскоўцаў хімабароны.

66-гадовы Сяргей Скрыпаль, яго 33-гадовая дачка Юлія, а таксама сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які першым прыбыў на месца здарэння, застаюцца ў рэанімацыі. Акрамя таго, па медыцынскую дапамогу ў шпіталі звярнуўся яшчэ 21 чалавек – усе яны знаходзіліся 4 сакавіка побач з месцам атручвання Скрыпаля.

Спецыялісты сцвярджаюць, што «Новичок» надзвычай моцны яд – ад яго людзі паміраюць або становяцца непрацаздольнымі інвалідамі.
У 2006 Скрыпаль быў прысуджаны ў Расеі да 13 гадоў зняволення за тое, што перадаў брытанскай выведцы сакрэтныя звесткі. У 2010-м Скрыпаль атрымаў у Вялікай Брытаніі прытулак пасля абмену выведнікамі паміж ЗША і РФ. Потым былы афіцэр ГРУ атрымаў брытанскае грамадзянства.




Дата стварэння навіны 15.03.2018

Возврат к списку