АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Як пачынала ажыццяўляцца ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці

Як пачынала ажыццяўляцца ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці
14.03.2018
Як і пра тыя варункі, у якіх яны спрабавалі дадзеную ідэю ажыццявіць.

Менавіта пра гэта мы і гутарым з Валянцінам МАЗЕЦАМ, кандыдатам гістарычных навук, супрацоўнікам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН.
Падчас круглага стала, прысвечанага падзеям стагадовай даўнасці, якія разгортваліся ў Беларусі, удзельнікі дыскусіі не абышлі ўвагай асоб, якія ўзялі на сябе смеласць у канцы 1917 года абвясціць аб праве беларусаў на самастойнае нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэнне і пачаць ажыццяўляць гэту ідэю. Як трапна заўважыў тады акадэмік Міхаіл Касцюк, «прайшло сто гадоў, а мы так і не зразумелі, не дапрацавалі гэта разуменне для саміх сябе, што гэта была за апантаная кагорта».
Яны сапраўды былі першымі на шляху беларусаў да мэты «людзьмі звацца». Ім не было ў каго вучыцца, яны дзейнічалі найперш па ўласным разуменні і сумленні, бо ведалі, што, акрамя саміх беларусаў, гэта не патрэбна фактычна нікому. Памыляліся, у чымсьці былі рамантыкамі і ідэалістамі. Але за адну гэту ідэю — даць беларусам сваю дзяржаўнасць — мы павінны як мінімум пра іх ведаць. 
— Валянцін Генрыхавіч, людзі, якія сто гадоў назад рабілі спробу стварыць Беларускую Народную Рэспубліку, — гэта тыя самыя дзеячы, якія ачольвалі 1-ы Усебеларускі з'езд, ці ўсё-ткі нехта з іх пасля разгону з'езда бальшавікамі выбыў з гульні?

— 14 снежня 1917-га, калі прыехала большасць дэлегатаў, з'езд сфарміраваў Савет з'езда. У ліку 57 чалавек Савета з'езда былі вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху: Язэп Варонка (старшыня), Алесь Бурбіс, Язэп Дыла, Яўхім Карскі, Яўсей Канчар, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аляксандр Цвікевіч і іншыя. У ноч 17 на 18 снежня 1918 года, «замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і сцвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі для выратавання роднага краю і засцярогі яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі», 1-ы Усебеларускі з'езд пастанавіў: «неадкладна ўтварыць са свайго складу орган Краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем». І ўжо сама назва органа краёвай улады — «савет» сведчыць пра тое, што арганізатары з'езда — у аснове сваёй прадстаўнікі партый сацыялістычнага кшталту — бачылі будучыню менавіта ў стварэнні сацыялістычнай дзяржавы. Але разуменне сацыялізму і права нацый на самавызначэнне ў бальшавікоў Аблвыкамзаха і ў беларускіх нацыянальных дзеячаў было розным. Пасля гвалтоўнага разгону з'езда яго дэлегаты не спалохаліся, а сабраліся 18 снежня 1918 года ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі, дзе пастанавілі: «Савет з'езда прызнаць выканаўчым органам з'езда, абавязкам якога з'яўляецца правядзенне ў жыццё ўсіх рашэнняў і пастаноў з'езда».

Разам з тым, заставацца і працаваць у Мінску ўсяму складу Савета з'езда ў тых абставінах было надзвычай складана — не было гарантыі, што мясцовыя бальшавікі, нягледзячы на рэкамендацыі з Петраграда, не возьмуцца за старое і не пачнуць разганяць і арыштоўваць Савет з'езда чарговы раз. Таму на пасяджэнні Савета з'езда, якое адбылося 21 снежня, з ліку Савета з'езда быў вылучаны Выканаўчы камітэт на чале з Язэпам Варонкам. У выніку тыя з дэлегатаў з'езда, якія мелі магчымасць працаваць, засталіся ў Мінску. Выканаўчаму камітэту Савета з'езда пастановай ад 21 снежня 1917 года было даручана ўзяць уладу ў свае рукі, калі на гэта будуць спрыяльныя абставіны, і заняцца беларусізацыяй саветаў на месцах. У той час як бальшавікі, не маючы большасці ў складзе шэрагу губернскіх і павятовых Саветаў, створаных на беларускіх землях на працягу сакавіка—верасня 1917 года, іх разганялі, нацыянальныя дзеячы, як бачым, прымалі Саветы як форму ўлады, ніякім чынам сябе ім не супрацьпастаўляючы... Таксама Выканаўчы камітэт павінен быў паклапаціцца аб скліканні ў снежні 1918 года Усебеларускага ўстаноўчага сходу, на якім будзе канчаткова вырашана пытанне аб той ці іншай форме ўлады.

— У такім выпадку, атрымліваецца парадокс: фактычна людзі, якія не тое што былі лаяльныя — падтрымлівалі савецкую ўладу, пасля прыходу ў Мінск немцаў пачынаюць супрацоўнічаць ужо з імі...

— Ніякім чынам нельга рабіць такія спрошчаныя высновы. Да прыходу немцаў, калі бальшавікоў у Мінску ўжо не было, кіраўнікі Выканаўчага камітэта Савета з'езда паспелі паўсюль развесіць абвестку аб тым, што створаны беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Беларусі. Немцы, кіруючыся ўмовамі ваеннага часу, натуральна, акрамя сваёй улады не хацелі бачыць ніякай іншай на акупаванай тэрыторыі. Немцы, дарэчы, увайшлі ў Мінск без бою, горад ніхто не абараняў. І прыйшоўшы ў Мінск, яны ўбачылі карціну: нейкія там беларусы, пра якіх дагэтуль не чулі, заяўляюць права на ўладу. І першае, што зрабілі немцы, — сарвалі з будынка на сённяшняй плошчы Свабоды, дзе ў лютым 1918 года размяшчаўся Народны Сакратарыят, узняты за некалькі дзён да гэтага бела-чырвона-белы сцяг і канфіскавалі касу Народнага Сакратарыята.


 Акрамя таго, быў выдадзены асобны загад аб роспуску беларускага палка, фарміраванне якога толькі пачыналася пад кіраўніцтвам Канстанціна Езавітава, — да прыходу немцаў запісаліся некалькі дзясяткаў чалавек. Калі ж Езавітаў зрабіў спробу зноў сабраць гэты полк — яго арыштавалі.

— Фактычна гэтым людзям, якія ў снежні 1917-га сабралі прадстаўнічы з'езд і ўпершыню агучылі ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, у лютым 1918-га не было іншага варыянта, як заставацца на гэтай зямлі і працягваць нешта рабіць для рэалізацыі гэтай ідэі...

— Так, ім заставалася толькі самаарганізоўвацца. Следам за бальшавікамі, якія разагналі Усебеларускі з'езд, з'ехаць яны не маглі, немцам яны таксама не верылі: вайна на той час ішла ўжо не першы год, беларускія землі пацярпелі ад яе больш за іншыя, а дадайце яшчэ тысячы бежанцаў. Самі дзеячы БНР, паводле іх жа слоў, ставілі перад сабой задачу стварыць моцны палітычны цэнтр. Яны пісалі: «Мы абмінаем тут слова «ўлада». Улада павінна распаўсюджвацца на нейкую тэрыторыю. Цяпер ні адна з беларускіх палітычных структур не можа пахваліцца гэтым». Яны не былі ўтапістамі-рамантыкамі, яны цвяроза ацэньвалі сітуацыю. Але, разумеючы, што фактычнай улады яны не маюць, гэтыя людзі рук не складалі, а дзейнічалі: стваралі той самы палітычны цэнтр, яго асяродкі на месцах. Бо яны ведалі, што вайна рана ці позна скончыцца, і на перагаворах аб міры беларусы павінны голасна заявіць пра сябе, пра сваё права ствараць уласную дзяржаву на гэтай зямлі...

— Але падпісанне Брэсцкага міру адбылося значна раней, чым гэтыя памкненні нейкім чынам маглі б спраўдзіцца...

— Безумоўна. Беларусы ў Брэсце імкнуліся стаць не толькі аб'ектам, але і суб'ектам тых перамоў. Але Леў Троцкі, які прадстаўляў інтарэсы Расійскай Рэспублікі, заявіў, што ні пра якіх беларусаў не ведае, і таму прадстаўніцтву беларусаў як самастойнай дэлегацыі было адмоўлена. Хоць такая дэлегацыя, сфарміраваная Выканаўчым камітэтам Савета з'езда, накіравалася ў Брэст яшчэ да таго, як немцы ўвайшлі ў Мінск. Цікава, што для гэтай дэлегацыі Майсей Гутман, прадстаўнік Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, склаў спецыяльны мемарандум, які меркавалася агучыць на брэсцкіх перагаворах. Гутман быў ініцыятарам стварэння Лігі народаў, якая б дапамагала вырашаць канфлікты паміж краінамі без ваенных дзеянняў, шляхам перагавораў, — фактычна правобраза Лігі нацый. Такім чынам, можна лічыць, што ўпершыню ідэя безваеннага вырашэння канфліктаў зыходзіла менавіта з Беларусі. Дарэчы, на кватэры Гутмана прымалася Другая Устаўная грамата да народаў Беларусі 9 сакавіка 1918 года, якой абвяшчалася пра стварэнне БНР. Брэсцкі мір увогуле не ўлічыў інтарэсаў беларусаў. І нават калі дзеячы БНР звярталіся да германскага кіраўніцтва з просьбай прызнаць рэспубліку, немцам не трэба было нічога прыдумляць, каб адмовіць, дастаткова было фармулёўкі: «У адпаведнасці з умовамі Брэсцкага мірнага дагавора...», бо ў тым дагаворы ні пра беларусаў, ні тым больш пра іх дзяржаву не было ні слова.

— Навошта тады было прымаць ажно тры Устаўныя граматы, прычым дзве — ужо пры немцах? І чаму менавіта Трэцяя ў найноўшай гісторыі беларускай дзяржаўнасці лічыцца самай важнай з іх?

— У Другой Устаўной грамаце было абвешчана толькі стварэнне БНР. А вось ужо ў Трэцяй, прынятай 25 сакавіка, была абвешчана...

— Незалежнасць?

— Так, але гэта не самае галоўнае. Утрымліваўся зварот да ўсіх зацікаўленых бакоў перагледзець умовы Брэсцкага міру з тым, каб аднавіць і захаваць ЦЭЛАСНАСЦЬ беларускага краю. Менавіта з гэтай мэтай і склікаўся ў снежні 1917-га Усебеларускі з'езд. Таму што без гэтай умовы ні аб якім суверэнітэце, ні аб якой незалежнасці гаварыць немагчыма. Дарэчы, Макар Краўцоў у сваіх успамінах пісаў: «Мы не спяшаліся адлучыцца ад свайго ўсходняга суседа». Але той гвалт, які быў учынены да беларускага краю па ўмовах Брэсцкага міру, калі беларускія землі былі проста падзеленыя паміж усімі, акрамя беларусаў, прымусіў праявіць рашучасць. І гэта рашучасць вылілася ў прыняцце Трэцяй Устаўной граматы. Калі б не такія ўмовы Брэсцкага міру, справа, думаю, не пайшла б далей патрабавання аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы.

— Цэласнасць тэрыторыі на той час была тоесная незалежнасці, ці яна была першаснай, а незалежнасць — пасля?

— А адстойваць цэласнасць тэрыторыі можа толькі дзяржава. У Брэсце нашым дэлегатам так і заявілі: калі б вы прадстаўлялі не Выканаўчы камітэт Савета з'езда, а ўрад Беларускай рэспублікі — і размова б з вамі была іншай, як з паўнавартасным удзельнікам перагаворнага працэсу.

— Але ж гэту самую незалежнасць, як і патрабаванне цэласнасці, так ніхто і не прызнаў. Чым жа кіраваліся і на што спадзяваліся тыя, хто падпісваў устаўныя граматы, ствараў урад дзяржавы без улады?..

— ... І, падкрэслю, — дзяржавы без войска. Народны Сакратарыят чатыры разы звяртаўся да нямецкіх уладаў з просьбай дазволіць рэгістрацыю беларусаў-афіцэраў. Мала таго, што немцы не дазвалялі — яны не прапускалі гэтых людзей на тэрыторыю Беларусі. Але нават без улады і без войска гэтыя людзі арганізоўвалі гаспадарча-эканамічную дзейнасць. Немцы не забаранялі гэта рабіць. 25 красавіка была створана Беларуская гандлёвая палата пад кіраўніцтвам Пятра Крэчэўскага, а ў Кіеве ствараецца таксама Беларуская гандлёвая палата ва Украіне пад началам Мітрафана Доўнар-Запольскага.

— Атрымліваецца, тагачасны ўрад БНР клапаціўся найперш пра эканоміку...

— Гэтыя людзі проста стараліся зрабіць тое, што можна было зрабіць у надзвычай складаных умовах на тагачасны момант. Напрыклад, у кастрычніку 1918 года Рада БНР распачала рэгістрацыю беспрацоўных з мэтай іх працаўладкавання. Была наладжана работа паштова-тэлеграфнай службы. Вялікія амбіцыйныя мэты — стварэння незалежнай дзяржавы — у гэтых людзей, несумненна, былі, але яны займаліся вырашэннем надзённых пытанняў сваіх суайчыннікаў.

Але самае вялікае іх дасягненне — адраджэнне нацыянальна-культурнага жыцця. Да моманту абвяшчэння БНР працэс фарміравання беларусаў як нацыі не быў завершаны. І прычына гэтай незавершанасці — падзел паводле веравызнання на праваслаўных-«рускіх» і каталікоў-«палякаў». Гэта праяўлялася нават і ў правапісе: частка беларускіх выданняў друкавалася лацінкай, частка — кірыліцай. 3 красавіка 1918 года беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай мовай БНР, а прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў дазвалялася свабодна карыстацца сваёй роднай мовай.

— Але для такой асветніцкай дзейнасці, здаецца, у той час была не падрыхтаваная глеба...

— Так, глеба была не тое што не падрыхтаваная — неспрыяльная. Бо, каб пашыраць тое самае беларускае друкаванае слова, трэба, каб былі тыя, хто элементарна ўмее чытаць. Многія ж нашы сяляне ўвогуле былі непісьменныя. Але нават у такіх неспрыяльных умовах зроблена было нямала: на працягу некалькіх месяцаў толькі ў Мінску арганізавалі дзесяць беларускіх школ, а ўсяго на тэрыторыі Беларусі ў 1918-м дзейнічала, паводле некаторых звестак, ад 150 да 350 беларускіх школ. А летам 1918 года ўжо не хапала настаўнікаў, якія б маглі выкладаць у адкрытых школах. І ў Мінску адкрылі падрыхтоўчыя курсы, былі створаныя беларускія гімназіі ў Слуцку і ў Будславе...

— Немцы, нават ужо калі ў іх адбылася рэвалюцыя, так і не дазволілі БНР стаць сапраўднай дзяржавай. Ці былі нейкія спадзяванні на бальшавікоў, якія прыйшлі ў канцы 1918-га?

— Многія з кіраўніцтва БНР, якія былі сацыялістамі, спадзяваліся, што ўдасца дамовіцца з савецкай уладай стварыць свае вайсковыя сілы, каб сумесна з бальшавікамі бараніць край ад новага агрэсара — Польшчы. Але дамовіцца не ўдалося. Усе ўстановы БНР былі абвешчаныя па-за законам, а дзеячы БНР, якія засталіся ў Мінску, у пачатку 1919-га былі арыштаваныя (праўда, ненадоўга). У той жа час пасля абвяшчэння БССР кіраўнікі БНР прызнавалі, што бальшавікі рэалізуюць тыя мэты, якія ставяць перад сабой яны. Пра гэта можна меркаваць з перапіскі Антона Луцкевіча з Аркадзем Смолічам. «Калі беларуская дзяржаўнасць будзе надалей умацоўвацца, то мы згодныя ваяваць з усім светам, каб падтрымаць бальшавікоў і захаваць гэту дзяржаўнасць»... Але пасля былі зробленыя крокі, якія імкненне захаваць дзяржаўнасць паставілі пад пытанне, — БССР аб'ядналі з Літоўскай рэспублікай, пасля быў заключаны Рыжскі мір, БССР засталася ў межах шасці паветаў. Зняверыўшыся, многія дзеячы БНР едуць у эміграцыю, і там дыпламатычным шляхам спрабуюць бараніць інтарэсы Беларусі. Антон Луцкевіч спрабаваў трапіць у Парыж на мірную канферэнцыю, каб агучыць сваю пазіцыю ў дыпламатычным парадку. Але яго не выпусцілі са сваёй тэрыторыі палякі...

— І ў 1925 годзе ўрад БНР склаў свае паўнамоцтвы.

— Дакладней, самараспусціўся. Бо паўнавартаснага складу ўрада, хаця б такога, які працаваў у 1918 годзе, ужо не было. Некаторыя з яго дзеячаў працавалі ўжо ў БССР па спецыяльнасці, дзеля карысці свайго народа. Аркадзь Смоліч выкладаў у БДУ, Янка Серада, ветэрынар па прафесіі, засноўваў у Мінску ветэрынарна-заатэхнічны тэхнікум... Да таго ж у той час тэрыторыя БССР значна павялічылася, ішла актыўная беларусізацыя, стваралася нацыянальная акадэмія навук — фактычна адбывалася тое, што ставіў сваёй мэтай і ўрад БНР. Заставалася толькі прызнаць гэта і або далучыцца да працэсу, як зрабілі гэта Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, вярнуўшыся на Радзіму, або адысці ад спраў, шкадуючы, што мара здзяйсняецца без іх...

zviazda.by, На здымку: Нямецкія войскі падчас акупацыі Мінска на Саборнай плошчы. Люты, 1918 год

Дата стварэння навіны 14.03.2018

Возврат к списку