АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

"Абмацваць ўсіх не будуць". Сцягі не забяруць

"Абмацваць ўсіх не будуць". Сцягі не забяруць
12.03.2018
Каля Опернага тэатра ў Мінску пройдзе святочны канцэрт да юбілею беларускай незалежнасці. Мерапрыемства будзе сур'ёзнае, а не проста барды з гітарамі.

Як даведаўся "Беларускі партызан", сцэну ўсталююць напярэдадні, а саўндчэк для артыстаў правядуць раніцай 25 сакавіка. Пра што яшчэ папярэдне дамовіўся аргкамітэт святкавання 100-годдзя БНР і з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама?

12 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэта хадзілі на сустрэчу з міліцэйскім кіраўніцтвам. Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў "Беларускаму партызану" аб выніках сустрэчы. Дагавор сёння не падпісалі, абодва бакі паспадзяваліся адзін на аднаго ў падрыхтоўцы пісьмовых прапаноў, у выніку падпісанне перанеслі на пятніцу.

- Моцна спрэчных момантаў няма паміж намі. Нармальная рабочая сустрэча была. Мы абмяркоўвалі пытанні ўстаноўкі сцэны, аховы генератара, абсталявання, удзельнікаў мерапрыемства. Адзін з асноўных момантаў - пропуск удзельнікаў канцэрта. Ёсць агульнае разуменне. Кожнага чалавека не будуць абмацваць на ўваходзе, як на футбольных матчах. Усё будзе нагадваць працэдуру надгляду падчас джазавых вечароў у Мінску. Турнікеты і пасты надгляду будуць. Гэта факт. Мы дамовіліся на адэкватны рэжым надгляду.


- Бел-чырвона-белыя сцягі ня будуць забіраць?

- Не, мы дамовіліся, што нацыянальныя сцягі і "Пагоню" не будуць адбіраць. Канфліктаў з сімволікай не будзе падчас канцэрту.

- А лічбу міліцыянераў не агучвалі?

- Не. Колькасць не агучвалася. Прагучала ад прадстаўнікоў сталічнай міліцыі тое, што ў іх хапае моцы і сродкаў для любых сцэнарыяў развіцця падзей. Я так разумею, будзе шмат задзейнічана супрацоўнікаў МУС. Але міліцэйскае начальства падкрэсліла, што ствараць перашкоды яны не будуць. Калі будзе наша дружына, то нават гатовыя супрацоўнічаць.

- На ровары пусцяць?

- Мы гэтае пытанне не абмяркоўвалі. Мне здаецца, што не зусім дарэчы прыязджаць у натоўп на ровары. Важны момант: на мерапрыемстве будзе забяспечана безбар'ернае асяроддзе для тых, хто ў вазку.

- А бутэльку з вадой забяруць перад турнікетам?

- Цяпер мы працуем над арганізацыяй продажу напояў і ежы на месцы мерапрыемства. Мы пакуль не абмяркоўвалі пытанне, ці можна пранесці сваю ваду. Колючае-рэжучыя, алкаголь праносіць нельга будзе, як на кожным масавым мерапрыемстве. З нагоды вады - яшчэ абмяркуем.

- Якія ўражанні ад размовы з міліцэйскімі чыноўнікамі?

- Яны ставяцца да 25 сакавіка як да сваёй працы. Калі б быў загад шрубіць, то яны шрубілі бы і выконвалі загад. На гэты раз такога загаду няма. Ёсць указанне нармальна і бяспечна правесці мерапрыемства. Па выніках сустрэчы мы можам спакойна заклікаць людзей прыходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі на мерапрыемства.

Адзначым, міліцыя ахоўваць парадак па рашэнні гарадскіх уладаў будзе бясплатна - грошы вылучаць з бюджэту.
"Беларускі партызан"

Дата стварэння навіны 12.03.2018

Возврат к списку