АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Папа Францішак пра жанчын: моц любові, падараванай свету

Папа Францішак пра жанчын: моц любові, падараванай свету
08.03.2018
У Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка журналіст агенцтва Vatican News прапануе падборку з найбольш яскравых выказванняў Святога Айца пра ролю жанчын у Касцёле і ў грамадстве.

Фота Reuters

«Першымі сведкамі ўваскрасення [Хрыста] сталі жанчыны. Гэта прыгожа. Гэта ў нейкай ступені місія жанчын».

Гэтыя словы папа Францішак сказаў 3 красавіка 2013 г., праз тры тыдні пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра, падчас сваёй другой агульнай аўдыенцыі. Ён часта, часам экспромтам, гаворыць пра жанчын, пра іхнюю ролю ў Касцёле і ў грамадстве. Акрамя таго, Святы Айцец з розных нагодаў узгадвае пра асобы жанчын, якія паўплывалі на ягоны шлях веры: такіх, як яго бабуля Роза або маладая навіцыятка з супольнасці Малых сясцёр асумпцыяністак, якая прыняла яго, нованароджанага, на рукі.

Вучэнне папы Францішка пра ролю жанчын больш багатае яго асабістымі жэстамі, чым словамі. Гэта і тое, што падчас абраду абмыцця ног у Вялікі чацвер ён упершыню ў гісторыі Касцёла дазволіў удзельнічаць у ім жанчынам; гэта і яго наведванні жаночых вязніц; гэта і стварэнне Камісіі па пытанні жаночага дыяканату і ўсё большая колькасць жанчын, якія займаюць адказныя пасады ў Ватыкане. Гэта таксама даручэнне падрыхтаваць разважанні Крыжовага шляху, дадзенае тэолагу-жанчыне Ан-Мары Пэлецье.

Касцёл — гэта Маці: паглыбляць тэалогію жанчыны

Варта адразу ж звярнуць увагу на тое, што Святы Айцец мае багаслоўскае бачанне жанчыны. Так, вяртаючыся з Сусветных дзён моладзі, якія ў 2013 г. прайшлі ў бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра, ён зазначыў, што

«Касцёл без жанчын быў бы як супольнасць апосталаў без Марыі». Папа падкрэслівае, што «Касцёл мае жаночае аблічча: гэта нявеста, маці».

Зусім нядаўна гэтае выказванне рэальна ўвасобілася ў зацвярджэнні ва ўсім Касцёле літургічнага ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла. Пантыфік не раз звяртаў увагу на недахоп у Касцёле «глыбокай тэалогіі жанчыны».

Прымаючы на аўдыенцыі членаў Папскай рады па справах свецкіх у 25-ю гадавіну Апостальскага ліста св. Яна Паўла ІІ Mulieris Dignitatem, прысвечанага годнасці і пакліканню жанчын, папа Францішак сказаў, што цяпер «важна задаць сабе пытанне, якім чынам прысутнічае жанчына». І дадаў: «Мне асабіста прыемна думаць, што Касцёл — гэта не „ён“, а „яна“. Касцёл — гэта жанчына, гэта маці<…>, і неабходна засяродзіцца на гэтым».

Фота TheTimes.co.uk
Паважаць годнасць і служэнне жанчын на ўсіх узроўнях

Святы Айцец таксама не маўчыць пра непаважлівыя адносіны, ад якіх пакутуюць многія жанчыны.
«Мне балюча, — кажа ён, — калі я бачу, як у Касцёле роля служэння жанчын зводзіцца да ролі прыслугі».

Гэта тэма, якую Папа ніколі не абмінае ў сваім вучэнні. Асабліва выразна яна прагучала 16 мая 2016 г. у ягоным звароце да Міжнароднага аб’яднання Генеральных настаяцельніц, якіх папа Францішак заклікаў знайсці ў сабе мужнасць сказаць «не», калі ад іх патрабуюць «штосьці, што з’яўляецца, хутчэй, прыслужніцтвам, а не служэннем».

«Калі хтосьці жадае, каб кансэкраваная асоба выконвала працу прыслугі, ён такім чынам прыніжае каштоўнасць жыцця і годнасць гэтай жанчыны. Яе пакліканне — гэта служэнне: служэнне Касцёлу, дзе бы тое ні было. Але не прыслужніцтва!»

У пасланні на Фестываль сям’і ў Рыва-дэль-Гарда у 2014 г. Святы Айцец вельмі блізка ўспрыняў цяжкасці і складанасці шматлікіх жанчын, якія ў грамадскім жыцці сутыкаюцца з непрызнаннем сваіх правоў. Папа заклікае, каб жанчына «з-за эканамічнай неабходнасці не была змушана да празмерна цяжкай працы», падкрэсліваючы пры гэтым, што «абавязкі жанчыны на ўсіх узроўнях сямейнага жыцця маюць ні з чым не параўнальнае значэнне для жыцця і для будучыні грамадства».

Фота CatholicHerald.co.uk
Даць жанчыне новыя месцы ў Касцёле і ў грамадстве

Асаблівае значэнне мае прамова папы Францішка на пленарным пасяджэнні Папскай рады па культуры на тэму «Жаночыя культуры: роўнасць і адрозненне», якое адбылося ў лютым 2015 г.

На яго думку, настаў час, каб жанчыны «адчулі сябе не гасцямі, а паўнапраўнымі ўдзельніцамі ў сацыяльным і касцёльным жыцці», што з’яўляецца «неадкладным выклікам».

Пантыфік зазначыў неабходнасць «даць жанчынам месца ў жыцці Касцёла», спрыяць іх «больш шырокай і заўважнай прысутнасці ў супольнасцях» і часцей далучаць іх да душпастырства.
Гаворачы пра грамадства наогул, Папа выкрывае праблему ператварэння ў тавар жаночага цела, «шматлікіх формаў нявольніцтва», ахвярамі якіх становяцца жанчыны, і заклікае да пераходу ад адносінаў падпарадкавання да ўзаемадзеяння. Ён вярнуўся да гэтай тэмы таксама падчас аўдыенцыі, удзеленай прадстаўнікам Папскай акадэміі жыцця 5 кастрычніка мінулага года, заахвоціўшы распачаць «з новай культуры тоеснасці і адрознення». Пантыфік крытыкуе «ўтопію ніякага роду, біялагічную і псіхічную маніпуляцыю адрознення па палавой прыкмеце». Святы Айцец кажа пра неабходнасць «саюзу мужчыны і жанчыны», пакліканага «ўзяць у свае рукі кіраванне ўсім грамадствам».

Жанчына ўносіць гармонію ў Касцёл і ў свет

Жанчынам, біблейскім асобам і асаблівым чынам Дзеве Марыі папа Францішак прысвяціў шмат ранішніх гамілій на Імшы ў Доме св. Марты. Так, 26 студзеня 2015 г. ён разважаў на тэму перадачы веры. Пытанне: чаму пераважна жанчыны перадаюць веру? На думку Папы, адказ зноў жа трэба шукаць у сведчанні Панны Марыі:

«Проста таму, што тою, хто нам даў Езуса, была жанчына. Гэта шлях, выбраны Езусам. Ён пажадаў мець Маці: таксама дар веры прыходзіць праз жанчын, як Езус — праз Марыю».

31 мая 2016 г. Святы Айцец гаварыў пра «мужных жанчын», якія штодзённа даюць радасць і напаўняюць жыццё іншых, а 9 лютага мінулага года падкрэсліў, што «без жанчын няма гармоніі ў свеце. Менавіта жанчына ўносіць тую гармонію, якая нас вучыць ласкавасці, пяшчотнай любові і робіць свет чымсьці прыгожым».

Гэта тая пяшчота, якую маленькі Хорхе атрымаў ад сваёй матулі і бабулі і якую цяпер шчодра дорыць свету.сatholic.by

Дата стварэння навіны 08.03.2018

Возврат к списку