АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Сабачага мяса не еў"

"Сабачага мяса не еў"
08.03.2018
Першае інтэрв'ю Сяргея Далідовіча па вяртанні з Алімпіяды. У студыю Далідовіч прыехаў наўпрост з Раўбічаў.

Пра здароўе

11 лютага Сяргей Далідовіч сышоў з дыстанцыі падчас лыжнай гонкі. Прычынай стала абвастрэнне захворвання дыхальнай сістэмы, звязанае з бронхаправоднасцю пры фізічных нагрузках. Больш Далідовіч не выйшаў на старт у Пхёнчане.

“Падчас гонкі адчуў, што зусім не магу бегчы, нават з апошнімі лыжнікамі. А калі не можаш бегчы нават так, дык трэба здымацца. Праблемы з бронхамі ў мяне ўжо гадоў 15. На звычайныя старты пры такім надворʼі я нават не выходзіў.

Цяпер адчуваю сябе лепш, катаюся на лыжах (у студыю Еўрарадыё Далідовіч прыехаў наўпрост з Раўбічаў — Еўрарадыё). Разумееце, звычайны чалавек маё захворванне перанёс бы нармальна — гэта як з прастудай перахадзіць. Але ў спорце немагчыма паказаць высокі вынік у такім стане. “Спорт высокіх дасягненняў” і антыбіётыкі несумяшчальныя.

Вядома, было сумна ад гэтага. Але калі вяртаешся дадому, цябе сустракае сямʼя, потым глядзіш Алімпіяду ўжо па тэлевізары, то хутка адыходзіш".

Пра сабачае мяса

Існуе стэрэатып, што стравы з сабачага мяса вельмі распаўсюджаныя ў Паўднёвай Карэі, дзе праходзіла Алімпіяда-2018.

“Як праходзіць харчаванне спартсменаў на Алімпіядзе: бярэш паднос і ідзеш уздоўж “станцый”. А там карэйская ежа, кітайская, халяльная (былі пячаткі, якія пацвярджалі якасць), італьянская з кавалкамі піцы і гэтак далей. Ты падыходзіш і бярэш што падабаецца. Карэйская станцыя была, я супы там браў, але не бачыў, каб там было сабачае мяса. Так што сабачага мяса я не еў”.

Пра медаль Алімпіяды ў Сочы

Камісіяй Міжнароднага алімпійскага камітэта былі дыскваліфікаваныя за допінг двое расійскіх спартсменаў — Аляксандр Лягкоў і Максім Вылегжанін, якія па выніках гонкі на 50 км узялі адпаведна золата і срэбра на Алімпіядзе-2014. Далідовіч быў у лыжным марафоне пятым, цяпер жа падняўся на трэці радок. Аднак 1 лютага Спартыўны арбітражны суд у Лазане вынес рашэнне аб адмене пажыццёвай дыскваліфікацыі 28 расійскіх спартсменаў і пастанавіў вярнуць ім медалі, заваяваныя ў Сочы-2014.

"Вядома, мне хацелася той медаль. Але я не хацеў, каб расійскіх спартсменаў дыскваліфікавалі. Адчуванне было 50 на 50. Але не буду хаваць, што медаль атрымаць хацелася, не буду рабіць выгляд, быццам бы мне зусім было ўсё адно. Неўзабаве паеду ў Ханты-Мансійск — перакінуся пра гэтую сітуацыю парай слоў з Лягковым. Думаю, мы застанемся сябрамі".

Пра трэнерскую працу

Для Сяргея Далідовіча гэта былі ўжо сёмыя Алімпійскія гульні. У такім спорце, як лыжныя гонкі, яго узрост ужо нагадвае пра сябе. Ды і сам Сяргей ужо афіцыйна на пенсіі. Аднак ён не плануе кідаць спорт і думае стаць трэнерам.

"Я прыглядаюся да трэнерскай працы, але пакуль яшчэ не вырашыў, з кім менавіта больш хачу займацца. Можна быць трэнерам дзяцей, можна — дарослых спартсменаў ці амаратаў-турыстаў. Кожны з гэтых трох варыянтаў я цяпер разглядаю. У кожнага ёсць свае плюсы і мінусы. Там заробак менш, там адказнасці больш. Трэнер, як я лічу, гэта ў першую чаргу сэнсэй, мудры настаўнік. Але ў Беларусі, на жаль, гэтага практычна няма. І калі рабіцца трэнерам дзяцей, дык трэба разумець, што ў зоне тваёй адказнасці будзе “прышчапленне” ім нейкіх базавых каштоўнасцяў.

Таксама я думаў, што мог бы стаць каментатарам, калі некаму гэта будзе цікава. Але прасіцца, патрабаваць у каго-небудзь месца я не буду. Я пенсіянер, пенсія ў мяне добрая — 330 рублёў… А можа, і 340 ужо…"

Пра расійскіх лыжнікаў у беларускай зборнай

У беларускай зборнай па лыжных гонках яшчэ ў 2017 годзе значылася трое расіян: Юля Ціханава, Паліна Сераносава і Міхаіл Куклін. Шмат у каго выклікала асцярогу, што спартсмены да гэтага часу не маюць беларускага грамадзянства і ў любы момант могуць пакінуць зборную і вярнуцца ў Расію, а грошы, выдаткаваныя на іх, знікнуць беззваротна. Так і адбылося — Міхаіл Куклін пакінуў зборную Беларусі ў снежні 2017 года.

“Магчыма, было памылкай іх запрашаць, даваць магчымасць трэніравацца ў нас. І гэта памылка ў тым ліку і мая. Некалькі гадоў таму ў мяне пыталіся парады наконт іх удзелу. І тады я падумаў, што гэта будзе нам карысна. Але ўсё роўна, лепшы вынік сярод нашых спартсменаў на Алімпіядзе паказаў беларус.

Таксама вялікай праблемай, на мой погляд, было тое, што нават праз пару гадоў у іх усё яшчэ не было нашага грамадзянства. Яны маглі сысці ў любы момант. Як гэта зрабіў Куклін, калі да Алімпіяды заставалася каля месяца.

Той, хто ў спорце, ведае, што гэта ўжо фінішная прамая. Я лічу, што калі ты хочаш выступаць за якую-небудзь краіну, ты павінен быць яе грамадзянінам".

Пра акуляры і тэлефон з Алімпіяды

Сяргей Далідовіч сабраў на краўдфандынгу больш за 30 тысяч рублёў. Каля 10 тысяч рублёў, што засталіся, а таксама грошы ад продажу сувеніраў з Алімпіяд, ён аддасць Андрэеўскаму дзіцячаму дому пад Оршай.

“Як і абяцаў, я выставіў на аўкцыён дзве рэчы з Алімпіяд, у якіх удзельнічаў. Гэта акуляры Ray Ban, атрыманыя на Алімпіядзе-1994, і тэлефон Samsung Galaxy Note 8, які далі на Алімпіядзе-2018. Гэта лімітаваны выпуск з алімпійскай гравіроўкай, такіх усяго 4 тысячы асобнікаў. Усе грошы пойдуць Андрэеўскаму дзіцячаму дому пад Оршай. У нас жа цяпер “год малой радзімы” — так я вырашыў зрабіць свой унёсак. Грошы, што засталіся пасля краўдфандынгавай кампаніі, таксама пойдуць дзіцячаму дому. Што праўда, мяне абавязалі заплаціць з іх падатак — каля 3200 рублёў. Але я схадзіў у адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска, дзе жыву, і прапанаваў, каб мяне ад выплаты вызвалілі — тады я змагу перавесці ў дзіцячы дом і гэтую суму. Там мяне пачулі — сказалі, будуць гэта пытанне вырашаць".

Поўная размова з Сяргеем Далідовічам на Еўрарадыё:



Дата стварэння навіны 08.03.2018

Возврат к списку