АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Карыда ў Беларусі? «У нас хапае і сваёй жорсткасці»

Карыда ў Беларусі? «У нас хапае і сваёй жорсткасці»
06.03.2018
Гэтым летам недалёка ад сталіцы, на базе коннаспартыўнага комплексу «Ратамка», упершыню збіраюцца правесці бяскроўную карыду — бой быкоў з матадорамі. Зоаабаронцы выступілі супраць правядзення карыды пад Мінскам.

Як паведамляе выданне «Турызм і адпачынак», арганізатарам падзеі стане турыстычная кампанія «Піс Тур», якая спецыялізуецца на адпачынку ў Іспаніі.

Па словах яе прадстаўнікоў, быкі ў працэсе не пацерпяць, а сам выступ ўбачыць не менш за 5 тыс. чалавек, калі яго, вядома ж, дазволіць правесці Мінаблвыканкам. Зялёны партал даведваўся ў абаронцаў жывёл, як яны ацэньваюць патэнцыйнае шоў.

Амаль адразу пасля з'яўлення навіны аб карыдзе ў інтэрнэце з'явілася петыцыя, якая заклікае не дапусціць яе правядзення ў Беларусі. На момант напісання тэксту яе падпісала 439 чалавек. Заяву склалі супрацоўнікі Цэнтра этычных адносін да прыроды.

«Там па тэксце сказана, што быкоў прывязуць з Гішпаніі. Жывёлам давядзецца адолець шлях у больш чым 3,5 тыс. кіламетраў сюды, у Беларусь, і потым столькі ж назад, — распавядае падчас тэлефоннай размовы дырэктар цэнтра Людміла Лагіноўская. — Я так палічыла, што мінімум двое сутак яны будуць ехаць сюды і столькі ж назад, і гэта не лічачы прастою на мяжы. Можна сабе ўявіць, што яны будуць ехаць, натуральна, у закрытых фургонах. Будзе лета — у чэрвені ў Гішпаніі і на поўдні Еўропы досыць горача — і гэта будзе вялікая пакута для жывёл».

У Іспаніі карыда праводзіцца зараз у асноўным для турыстаў. Самі іспанцы яе мала падтрымліваюць.

«І я так мяркую, што раз попыт на карыду падае, яны [арганізатары] хочуць прыцягнуць больш замежных турыстаў і распальваюць цікавасць сярод патэнцыйных турыстаў з Беларусі», — лічыць Лагіноўская, падкрэсліваючы, што відовішча з'яўляецца негуманным.

«Я гэта разглядаю як рэкламу карыды, каб беларусы адправіліся ў Гішпанію за сапраўднай «весялосцю». Мы асабіста не хочам такой рэкламы ў краіне. У нас тут хапае і сваёй жорсткасці ў дачыненні да жывёл — сабак з вокнаў выкідваюць. На тэлебачанні хапае рознай жорсткасці, навошта яе яшчэ больш пладзіць? Так, на гэтым можна зрабіць прыгожую карцінку, але што за гэтым стаіць?»

Падобная сітуацыя адбылася ў 2001 годзе ў Маскве — там у с/к «Алімпійскі» таксама хацелі правесці бой быкоў, але Цэнтр абароны правоў жывёл «Віта» выступіў супраць. У гісторыі быў шырокі грамадскі рэзананс, і тагачасны мэр горада Юры Лужкоў забараніў правядзенне карыды.

Зараз ўзгадненне беларускага прадстаўлення праходзіць у Мінаблвыканкаме. Цэнтр этычных адносін да прыроды запусцілі онлайн-петыцыю на Change.org для прыцягнення ўвагі большай увагі для насельніцтва да праблемы.

«Да таго ж прама сёння [5 сакавіка] я планую адправіць ліст адміністрацыі Мінскай вобласці з просьбай забараніць карыду — хай паказваюць, што хочуць, але быкоў і карыду — не, — дзеліцца планамі зоаабаронца. — Нам людзі столькі пішуць і тэлефануюць, абураюцца, кажуць, толькі гэтага ў нас не хапала».

Падобнай пазіцыі прытрымліваецца і Павел Наздра, каардынатар «Зялёнага дазору» па Мазырскім раёне.

«Прапаганда жорсткага абыходжання з жывёлай ні да чаго станоўчага не прывядзе, толькі да жорсткасці ў дачыненні да людзей у далейшым. Людзі, якія любяць глядзець на крывавае відовішча і на пакуты жывёл, потым гэтак жа ставяцца і да астатніх. Асабліва гэта ўплывае на псіхіку падлеткаў, якія ходзяць на такія відовішчы. І потым [ўбачаны] гвалт яны ўвасабляюць на вуліцах, пачынаюць здзекавацца са слабейшых. І гэта прывядзе да таго, што вырасце новае пакаленне злачынцаў, якое папоўніць турмы і псіхушкі».

«Усе цывілізаваныя краіны, дзе карыда лічылася культурнай падзеяй, прыйшлі да разумення неабходнасці яе забароны. І таму я скажу, што з пункту гледжання нашага заканадаўства, такія мерапрыемствы павінны быць расцэненыя як жорсткае абыходжанне з жывёламі. А яно недапушчальна і крымінальна караецца. Арганізатараў гэтай карыды варта прыцягваць да адказнасці, аж да крымінальнай», — кажа актывіст «Зялёнай сеткі».
 па інф. Новы час


Дата стварэння навіны 06.03.2018

Возврат к списку

cashback