АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Гуцэрыеў: "Я машын Лукашэнку ніколі не дарыў"

Гуцэрыеў: "Я машын Лукашэнку ніколі не дарыў"
05.03.2018
Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў у інтэрв’ю TUT.by распавёў пра тое, як будавалася так званая таямнічая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі каля Радашковічаў.

Упершыню пра гэтую вілу ў студзені 2017 года распавёў «Белсат».
«Аднойчы прэзідэнт мне сказаў: «Слухай, на балансе Упраўлення справамі прэзідэнта ёсць база адпачынку побач з возерам. Яна вельмі запушчаная. У нас няма грошай, каб яе зрабіць. А ты тут ужо пускаеш карані. Хопіць матацца. З раніцы прыляцеў, вечарам назад». Гэта была база адпачынку «Краснасельскае», стары будынак, які я купіў за грошы, заплаціўшы ў бюджэт Беларусі. Я адразу не хацеў будаваць вялікі дом. Але потым, пабываўшы ў тым месцы, а прырода там неапісальная, пагадзіўся. У мяне яшчэ ёсць абавязак пабудаваць побач царкву для вернікаў. Думаю, у наступным годзе пабудуем. Таму з гэтай гісторыі ўсё банальна проста. Без задніх думак. Я хачу звязаць сваю будучыню з Беларуссю», – адзначыў ён.

Нагадаем, на месцы вілы каля Радашковічаў раней была база адпачынку Упраўлення справамі прэзідэнта «Краснасельскае». Зямельны надзел пад рэзідэнцыяй на 100 гадоў быў узяты ў арэнду кампаніяй «СертусАвія», структурай, афіліяванай з расейскім бізнесоўцам Міхаілам Гуцэрыевым, які мае ўстойлівыя бізнес-інтарэсы ў Беларусі. Будынкі комплексу, належаць кіпрскай афшорнай кампаніі «Блатбэрг Холдынгс Лімітэд». Вядома, што Лукашэнка рэгулярна наведвае гэтую вілу і таму яе называюць «таямнічай рэзідэнцыяй» прэзідэнта. Расследаванне «Белсата» наконт вілы каля Радашковічаў год таму выклікала вялікі рэзананс.
Паводле алігарха, сядзіба выглядае так: «Адзін дом гаспадароў. Гасцявой дом на 6 семʼяў. Спартыўная зала. Сталовая і летні тэнісны корт. Сябры, супрацоўнікі кампаніяў у мяне спыняюцца».

Гуцэрыеў лічыць несправядлівай крытыку ў адрас Лукашэнкі ў сувязі з гэтай гісторыяй.

«Я клянуся, што пабудаваў сабе дом на свае асабістыя грошы. Я магу крыніцу кожнай капейкі паказаць», – падкрэсліў ён.
На думку Гуцырыева, гэта нармальна, калі багаты чалавек купляе жыллё ў краіне, дзе праводзіць шмат часу.
«Не, каб напісаць, што ўклаў у Беларусь некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, стварыў новыя працоўныя месцы, падаткі плаціць. А то напісалі, што гэта чарговая рэзідэнцыя Лукашэнкі. Як гэта несправядліва… Да прэзідэнта яна не мае ніякага дачынення. Я не люблю, калі крытыкуюць не па справе», – заявіў ён.

Таксама Гуцэрыеў заявіў, што ніколі не дарыў Лукашэнкі «Майбах». Нагадаем, у 2012 годзе Лукашэнка заяўляў, што «Майбах» ён атрымаў ад нейкага расейца і СМІ выказалі здагадку, што гэты быў менавіта Гуцэрыеў.

«Гэта не праўда. Я машын Лукашэнку ніколі не дарыў. Нічога не дарыў па-за пратакольных рамак», – адзначыў Гуцэрыеў.



Дата стварэння навіны 05.03.2018

Возврат к списку