АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Яго баялася Расія

Яго баялася Расія
02.03.2018
Той, хто здольны адрэзаць руку сабе самому, без ваганняў адрэжа руку, якая імкнецца разарваць на часткі яго радзіму. 2 сакавіка 2004 года суха паведамілі пра смерць аднаго з «вайсковых камандзіраў Чачэніі».

Драма аднаго чалавека, непарыўна звязаная з лёсам цэлага народу і яго гераічнай барацьбы.

Станаўленне

Пра жыццё Гелаева да вайны вядома вельмі няшмат. У пошуках падрабязнасцяў прыходзіцца быць вельмі асцярожным: часам вельмі цяжка бывае адрозніць праўду ад свядомай дэзінфармацыі.
Нарадзіўся Руслан (імя «Хамзат» ён узяў толькі пасля хаджа ў Меку) у 1964 годзе у вёсцы Камсамольскае. У 1980-я пераехаў у Омскую вобласць на заробкі. Там жа ажаніўся з мясцовай — расійкай Ларысай Губкінай. У 1988 у іх нарадзіўся сын Рустам.
Дакладная дата вяртання Гелаева ў Чачню невядомая. Але, хутчэй за ўсе, гэта адбылося ў 1991 годзе, падчас так званай «чачэнскай рэвалюцыі» — пераходу ўлады ў Чачні ад КПСС да мясцовых эліт. Відаць, там ён і пазнаёміўся з Шамілём Басаевым, бо ўжо ў 1992 годзе разам з ім прымаў удзел у грузіна-абхазскай вайне на баку абхазаў. Там жа Хамзат атрымаў першы баявы досвед, стаў камандзірам узвода. Вярнуўшыся ў Чачню перад самым нападам Расіі, стварыў атрад спецпрызначэння «Борз» («Воўк»), які ўвойдзе ў гісторыю, як «гелаеўскі спецназ». У гэтым палку служыў і вядомы чачнэскі спявак Цімур Муцураеў, які, канешне, не мог не праславіць родны атрад у сваёй творчасці:

Горит, пылает наш этаж
Не выйти нам — бьет снайпер нас
Вдруг шквал огня — всё смолкло враз
Кто нас прикрыл? Гелаевский спецназ!

Атрымалася так, што «Ваўкам» знайшлася праца яшчэ да пачатку Першай Чачэнскай: падначаленыя Гелаева неаднаразова грамілі баевікоў антыдудаеўскай апазіцыі, што шчодра ўзбройвалася Расіяй.
На абароне незалежнасці
Калі ж у 1994-м у Чачню ўвайшлі расійскія войскі, гелаеўскі спецназ прымаў баі на самых адказных участках: у тым ліку на двух штурмах Грознага, апошні з якіх скончыўся Хасавюртаўскімі пагадненнямі. Адной жа з самых паспяховых аперацый Гелаева было сумеснае з Хатабам знішчэнне калоны расійскіх войскаў, што рушыла ў Шатой. Тады было забіта да 200 акупантаў: наступствы гэтага разгрому абмяркоўвала нават Дзяржаўная дума, звычайна абыяквая да чалавечых жыццяў. 
За гэтыя і многія іншыя поспехі Гелаеў стаў заслужаным аўтарытэтам у асяроддзі чачэнскіх ваяроў. Батальён «Борз» імкліва разросся да палка — уступіць у яго жадаючых было больш чым дастаткова. Адным з такіх быў Доку Умараў — будучы эмір Імарата Каўказ. Прыехаўшы ў Чачню па закліку Дудаева, ён адразу накіраваўся да Хамзата, які быў яго дальнім сваяком: 

«Я прыехаў да яго на «Мерседэсе», у туфлях з цыгарэтай у роце, і прапанаваў сваю дапамогу, прыняць удзел у джыхадзе разам з ім. Але Гелаеў паглядзеў на мяне і запытаўся, ці раблю я малітву? — І я адказаў, што не, але калі трэба, то навучуся».
Нягледзячы на сваяцтва, Гелаеў узяў на сябе Умарава толькі пасля таго, як той паказаў сябе ў справе – у іншых падраздзяленнях.

Пасля сканчэння вайны, як і многім вайскоўцам, Хамзату Гелаеву было цяжка знайсці сябе ў мірны перыяд. Ён доўгі час знаходзіўся ў канфлікце з Асланам Масхадавым і змяніў шмат вышэйшых пасадаў, ажно да віцэ-прэм’ера.
Аднак зацішша, як мы ведаем, аказалася нядоўгім і палітычныя баталіі вельмі хутка перараслі ў вайсковыя.
Партызаншчына
Падчас Другой Чачэнскай Гелаеў спачатку камандаваў абаронай Грознага, а пасля яго захопу расійцамі, фактычна дзейнічаў самастойна — на свой лад. Прыкладна з 2000 года пачынаецца планамернае паляванне спецслужб на Гелаева. У адным шэрагу з Басаевым і Хатабам ён лічыўся ў Расіі адным з самых небяспечных «главарей бандитов». 

Інтуіцыя, розум і велізарны вайсковы досвед дазвалялі Гелаеву раз за разам сыходзіць ад пераследу, ды пры гэтым яшчэ і арганізоўваць дзёрзкія партызанскія акцыі супраць нашмат пераважючых войскаў ворага. У сакавіку 2000-га Гелаеў, вырваўшыся з асаджанага Шатоя, 7 дзён утрымліваў сваё роднае сяло Камсамольскае і змог нанесці вялікія страты расійскім войскам. З цяжкасцю выйшаўшы з акружэння, нягледзячы на тое што яго роднае сяло было зраўнянае з зямлёю, ўжо праз 2 тыдні Гелаеў робіць засаду на пермскі АМАП і забівае 32 яго супрацоўнікаў. Яшчэ 11 захопленыя ў палон і пакараныя смерцю.

Пасля шэрагу разгромаў робіцца зразумела: традыцыйная вайна чачэнцамі прайграная і застаецца доўгае і крывавае партызанскае змаганне. Гелаеў на нейкі час сышоў у Панкісцкую цясніну на тэрыторыі Грузіі, дзе зноў збірае байцоў, спрабуе падняць узброенае паўстанне ў Абхазіі, але беспаспяхова. Тым не менш, лік чачэнскіх ваяроў, што не здаліся, дагэтуль ідзе на тысячы: у 2002-м Гелаева назначаны галоўнакамандуючым усіх узброеных сіл. Напрыканцы 2003-га ён з групай у 36 байцоў паспрабаваў вярнуцца ў Панкісцкую цясніну на зімоўку, але ў Цунцінскім раёне Дагестана былі заўважаныя мясцовымі і «здадзеныя» пагранічнікамі. Пасля кароткага бою, у якім атрад пагранічнікаў быў цалкам знішчаны, на групу Гелаева ў 36 чалавек было выклікана падмацаванне: больш за 350 вайскоўцаў і авіяцыя, што наносіла па гарах ракетна-бомбавыя ўдары. У выніку двухтыднёвага няроўнага бою амаль уся група была знішчаная. Не вярнуліся дамоў з гэтых баёў і 15 расійскіх спецназаўцаў.

Аднак сам Гелаеў ізноў здолеў сысці. Як не шукалі, але сярод загінулых яго не аказалася.
Адзін у гарах — ваяр
Два месяцы Гелаеў хаваўся ў сваіх сувязных, а пасля паспрабаваў перайсці ў Грузію ў адзіночку. На адной з горных троп супрацоўнікі дробнай пагранзаставы заўважылі постаць, падобную на пастуха, якія ў тых мясцінах нярэдка пасвяць сваю жывёлу. Аднак на ўсялякі выпадак ўслед незнаёмцу адправілі двух памежнікаў-кантрактнікаў: затрымаць і ўстанавіць асобу, дапытаць. Што было далей – вядома толькі па справаздачах крыміналістаў, якія скрупулёзна ўзнаўлялі падзеі хвіліну за хвілінай.

Некалькі гадзін ішоў пераслед. Абодва пагранічнікі не ведалі, з кім маюць справу. У нейкі момант Гелаеў адкрыў агонь першым і імгненна забіў абодвух. Аднак адзін з іх, атрымаўшы кулю ў грудзі, паспеў у апошнюю секунду стрэліць і трапіў Гелаеву ў руку, амаль адарваўшы яе. 

Але планы Гелаева не змяніліся: ён па-ранейшаму імкнуўся трапіць у Грузію. Прайшоўшы каля 50 метраў ён перайшоў уброд горную рэчку. Параненая рука вісела на адным сухажыллі і нясцерпна балела. Гелаеў спыніўся, дастаў нож, адрэзаў яе і кінуў на снег. Пасля узяў жгут і наклаў яго вышэй раны, зрабіў некалькі крокаў і ўпаў. Потым падняўся, і з цяжкасцю прайшоў яшчэ трошкі. У надзеі дайсці да мяжы, ён прысеўшы, разарваў пакецік распушчальнай кавы, высыпаў сабе ў рот і зажаваў, заеўшы шакаладкай «Алёнка», пасля ж папоўз у бок мяжы з Грузіяй ужо на карачках Звышчалавечая воля і прага да жыцця гэтым разам не змаглі ўратаваць камандзіра. Праз некалькі метраў, Гелаеў памёр ад крывастраты і балявога шоку.

На наступны дзень, прачосваючы горы ў пошуках сваіх калегаў, памежнікі знайшлі яго цела. Пры Гелаеве быў аўтамат Калашнікава АКС-74у, тры магазіны з патронамі, граната Ф1, шакалад, кава, упакоўка вермішэлі «Ралтон», кавалка вяленага сала, 200 долараў, карта Цунцінскага раёна, нататнік з тэлефонамі і «літаратура вахабісцкага зместу»...

Мёртвы і страшны
Такі жудасны, небяспечны і страшны «главарь бандитов», урэшце, забіты. Чаму не радавацца? Аднак пасля смерці Гелаева разыгралася цэлая трагікамедыя. Труп палявога камандзіра быў апазнаны палоннымі з яго разгромленага атраду. Цела перавезлі ў сяло Бежту, а пасля мусілі даставіць у Махачкалу, аднак па тэхнічных праблемах дастаўку прыйшлося адкласці на некалькі дзён. Мясцовыя міліцыянты доўга не маглі вырашыць, дзе пакінуць на ноч цела камандзіра — паступіла інфармацыя, што яго паспрабуюць адбіць «сепаратысты». Таму труп сцераглі, быццам цэлы атрад палонных. Перш за ўсе цела Гелаева паспрабавалі даставіць у мясцовы аддзел міліцыі — але тыя, хто там працаваў наадрэз адмовіліся яго ўзяць. Тады мёртвага Гелаева завезлі ў бетонны гараж-бункер. Труп паклалі на бетонную падлогу між аўтамабілямі, гараж зачынілі на ўсе замкі а металічныя дзверы апячаталі. Па перыметры паставілі дзясятак найбольш дасведчаных міліцыянтаў: тыя сцераглі цела палявога камандзіра, пакуль не прыляцеў верталёт з Махачкалы.

Што расійцы рабілі з трупам — незразумела, але ужо ў красавіку 2004-га, праз 1,5 месяцы паведамлялася, што сваякі Гелаева тройчы спрабавалі забраць цела з Растова, але безвынікова — не дапамагло нават заступніцтва Ахмата Кадырава. Кожны раз ім давалі дазвол, але ў апошнюю хвіліну яго адмянялі. Адзін з лекараў заявіў сваякам, што яму званіў асабіста намеснік генпракурора РФ і сказаў, што Гелаева варта аддаць толькі пасля выбараў (!), каб яго пахаванне не выліліся ў палітычную акцыю. 

Сур'ёзнасць і значнасць любога чалавека лёгка вызначаецца па таму, як да яго ставяцца пасля смерці. У выпадку з Гелаевым, стаўленне да яго ворагаў не пакідае сумневаў: Расія яго баялася, і працягвае баяцца дагэтуль.

Пазыўным Гелаева падчас чачэнскіх войнаў быў «Чорны анёл». Але, вядома, як любы палявы камандзір ва ўмовах партызанскай вайны, Гелаеў не быў анёлам, бо святасць і забойства людзей несумяшчальныя. У 1995-м у Шатоі ён казніў пяцерых расійскіх лётчыкаў, бо узброеныя сілы Расіі адмовілася спыніць ракетна-бомбавыя ўдары па горадзе. Не быў ён і змагаром за дэмакратыю — гледзячы па нешматлікіх інтэрв'ю, іслам стаяў у прыярытэтах яго барацьбы на першым месцы. Аднак нават расійскія крыніцы прызнаюць: Гелаеў ніколі не ўдзельнічаў у выкраданнях людзей а таксама, у адрозненні ад Басаева, выступаў рэзка супраць тэрактаў у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва Расіі. Аднак Іншыя «факты» пра Гелаева, што перадрукоўваюць адзін у аднаго расійскія выданні, прымушаюць хіба што ўсміхнуцца: інфармацыя пра судзімасць за згвалтаванне, і пра 300 чалавек, забітых асабіста Гелаевым падчас двух войнаў, і байка пра тое, як Хамзат застрэліў свайго ж байца за тое, што ён адмовіўся адразаць галаву дагестанскаму памежніку. 

Такая стараннасць у ачарненні аднаго чалавека кажа сама за сябе. Крамлёўскія палісімейкеры лепш за іншых разумеюць: той, хто здольны адрэзаць руку сабе самому, без ваганняў адрэжа руку, якая імкнецца разарваць на часткі яго радзіму.

Мікалай Дзядок, Новы час, фота з сайта warchechnya.ru



1 из 19
Дата стварэння навіны 02.03.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку