АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Бацька відэаблогера NEXTA, якога западозрылі ў абразе Лукашэнкі: Кішка тонкая, каб нас запалохаць

Бацька відэаблогера NEXTA, якога западозрылі ў абразе Лукашэнкі: Кішка тонкая, каб нас запалохаць
02.03.2018
Журналіст Аляксандар Пуціла, бацька відэаблогера NEXTA, падтрымлівае сына ў ягонай дзейнасці і называе пераслед спробай перакласці на некага адказнасць за правалы дзяржаўнай палітыкі.

19-гадоваму Сцяпану Пуцілу, які ў сеціве карыстаецца псэўданімам Святлоў,   пагражае  крымінальны артыкул 368 — «абраза прэзыдэнта». Санкцыя — пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

22 лютага ў кватэры Пуцілаў у Сеніцы пад Мінскам адбыўся ператрус, у якасці рэчавых доказаў міліцыянт у форме і яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным забралі некалькі адзінак кампутарнай і відэатэхнікі. Сам хлопец вучыцца ў Польшчы, там жа па працоўных справах знаходзіцца бацька. Дома былі маці і малодшы брат.
Вынікі экспэртызы канфіскаванай тэхнікі і відэа на канале NEXTA будуць агучаныя цягам двух месяцаў — тады і стане вядома, ці распачнуць крымінальную справу.

«Паказвае „гаранту“, што адбываецца па-за яго абалонкай»
У апошні дзень зімы Сьцяпан выклаў чарговы з’едлівы ролік, у якім спробу падвесці яго пад крымінал пракамэнтаваў цытатай з Кандрата Крапівы: «Парсюк ня надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы…»
«Мэханізм толькі запушчаны, навінаў пасля ўчорашняга відэа няма, — сказаў Сцяпан карэспандэнту Свабоды. — Два месяцы давядзецца пачакаць, тады нешта стане больш-менш зразумела…»

Сьцяпан — сын вядомага ў мінулым спартовага камэнтатара Беларускага тэлебачання Аляксандра Пуцілы, які ўжо працяглы час працуе па тым жа профілі на «Белсаце». Маці Святлана — настаўніца, для яе гэта вялікае маральнае і фізычнае выпрабаванне.
«Уладзе самы час задумацца, чаму такіх блогераў становіцца ўсё больш, — кажа Аляксандар Пуціла. — Але замест таго, каб пачаць рэальныя змены ў грамадзтве, яны шукаюць, на каго павесіць віну за ўласныя хібы. У гэтым сэнсе Сцяпан прыслухаўся да голасу народу, які думае, што чыноўнікі наўмысна агароджваюць прэзыдэнта ад рэальных праблемаў. Вось ён нашаму „гаранту“ і паказвае — паглядзіце, што робіцца навокал вас! Мой сын не завэрбаваны замежнымі выведкамі, ня робіць бізнэс на наркотыках, зброі ці прастытуцыі, а канстатуе тое, што бачыць. І мне падабаецца, што робіць гэта таленавіта — і тэхнічна, і інтэлектуальна, на сучасным узроўні, з улікам патрабаванняў публікі. Паверце шматгадоваму супрацоўніку тэлебачання».

«Калі паказвалі „Хроснага бацьку“, то абвінавачанне бязвольна праглынулі»
Пасля заканчэння Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Сцяпан Пуціла паступіў ва ўнівэрсытэт Катавіцаў, вывучае мэнэджмэнт тэлевізійнай прадукцыі. Там жа атрыманыя веды пачаў абкатваць практычна — за кароткі час ягоная старонка «Відэа з Беларусі» набрала больш за 100 тысяч падпісчыкаў. А пасля «рэклямы» ад сілавікоў лічбы пачалі прырастаць па некалькі тысяч штодзень.

«Такіх людзей ужо шмат: кагосьці раней прыціснулі, зараз дайшла да нас чарга, потым возьмуцца за некага іншага, — працягвае суразмоўца. — Такая ў іх праца — адсочваць нядобранадзейных. Я толькі аднаго не магу зразумець: калі ў свой час канал НТВ круціў „Хроснага бацьку“, ці шукалі аўтараў, ці спрабавалі прыцягнуць да адказнасці? А там, прабачце, нават не абраза, а наўпрост абвінавачанне ў датычнасці кіраўніка краіны да забойстваў палітычных апанэнтаў. Хто-небудзь падаў пазоў супраць расейцаў, пасылалі сілавікоў разабрацца? Таму, прабачце, гэта мышыная валтузня, за якой я назіраю з вышыні. Каб запужаць Пуцілаў, кішка ў іх затонкая».

Паводле Аляксандра Пуцілы, становіцца смешна, калі свае дзеянні міліцыя абгрунтоўвае неабходнасцю рэагаваць на сыгналы рознага кшталту фраў А, Б ці В. Прынамсі, падчас ператрусу следчыя сказалі, што паступіла заява ад нейкай спадарыні Грыб, якая ўгледзела ў творчасці блогера на ягоным Youtube-канале прамую «абразу прэзыдэнта».

«Сцёпка ж не адзін такі, ня пуп зямлі — нібыта галоўны супраціўнік рэжыму, — кажа ён. — Наогул дзіўна, што нейкая кабета затэлефанавала куды трэба і далажыла, што ёсць хлапец, які абражае прэзыдэнта. Значыць, грош цана ўсім спэцслужбам, якія раней не заўважалі, а тут раптам прачухалі, наколькі ўсё небяспечна. А нічога ж не змянілася! Ён проста рэагуе на тое, што адбываецца ў грамадзтве. Ганарыцца трэба такім сынам! Асабіста я ўсцешаны, што ён знайшоў сваю нішу — не за грошы, не па ўказцы куратараў, не за кватэры і машыны — і выказвае тое, што думае па той ці іншай праблеме. Калі ўладам гэта не падабаецца, дык мусяць выпраўляць памылкі, а не прыціскаць тых, хто ўказвае на недахопы ў іхнай працы».

«Як ёсць мільёны праглядаў, значыць, запатрабавана, патрэбна»
У заслугу сыну Аляксандар Пуціла ставіць тое, што ён аказаўся ў ліку нешматлікіх беларускіх відэаблогераў, чые ролікі займелі такую значную аўдыторыю. І гэта сведчанне таго, што прадукт запатрабаваны.

«Тое, што ён сабраў столькі праглядаў, сведчыць пра яго здольнасці, — кажа бацька. — Сцяпан жа ня ходзіць, не рэклямуе, не агітуе падпісацца, проста выкладвае ў інтэрнэт. І калі мільёны праглядаў — значыць, запатрабавана, цікава, патрэбна. Зноў жа, трэба не баяцца, не караць, а рабіць усё, каб у такіх блогераў было менш нагоды выступаць з крытыкай. Але гэта фармат не для каманды Лукашэнкі: яны самі па сабе, народ неяк сам. І гэта бачаць, па сутнасці, дзеці. Людзі вераць 19-гадоваму хлопцу. Значыць, уладзе трэба тэрмінова карэктаваць сваю дзейнасць, калі яна хоча ўтрымацца даўжэй. Канечне, усё гэта ўжо аджывае, становіцца смешным, вартым жалю, таму ўсё больш людзей з гэтых патугаў толькі смяецца».

Па словах суразмоўцы, сёння і яго, і Сцяпана шмат хто спрабуе суцешыць, пашкадаваць. Аднак самі Пуцілы да сытуацыі ставяцца з гумарам — хоць пачуццё салідарнасці, безумоўна, абыякавымі не пакідае.

«Шкадуюць, пішуць, чым дапамагчы, — кажа Аляксандар. — Сцёпка з гэтага ўсяго сам смяецца — ну якая дапамога? Залішнія турботы, таго ня вартыя. Хоць, канечне, прыемна адчуваць маральную падтрымку… Ну, устрымаецца ён на нейкі час ад паездак у Беларусь. Але пры цяперашнім узроўні камунікацый не трагедыя — і маці, і малодшы брат у любым разе застаюцца на сувязі. Нават калі прыціснуць і выставяць абвінавачанне — што зменіцца? Ды куча моладзі, якая некуды з’ехала і ніякай грамадзкай дзейнасцю не займаецца, ня рвецца ў Беларусь. Тут Эўропа, адкрыты ўвесь свет. А што ў Беларусі — апроч замілавання, што „мілая радзіма“? Улада сама выштурхоўвае, спыніўшыся ў часе і развіцці».

Падчас ператрусу ў сенніцкай кватэры Пуцілаў канфіскаваныя два патэнцыйныя «прадметы злачынства»: стары ноўтбук, які перайшоў у спадчыну ад старэйшага брата да меншага, і гэткая ж старая відэакамэра — падарунак ад знаёмых.


па інф. belprauda.org


Дата стварэння навіны 02.03.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку