АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Як жыве адзіны ў Мінску прытулак для бяздомных

Як жыве адзіны ў Мінску прытулак для бяздомных
01.03.2018
Нягледзячы на моцныя маразы, у сталічным “Доме начнога знаходжання”, які дае прытулак бяздомным, працы болей не становіцца.

Звычайна, кругласутачна тут жывуць толькі людзі з інваліднасцю, але ў халодную пару дазваляюць прыходзіць усім.
“Гэта людзі з парушанай псіхікай”
Новых людзей час ад часу прывозіць і мабільная брыгада “Сацыяльны патруль”, некаторыя прыходзяць самі. Але, як распавядае дырэктар “начлежкі” па вуліцы Ваўпшасава Павел Залатухін, кампанія тут склалася пастаянная. Людзі маюць права начаваць у доме ад месяца да года. Цяпер у ім зарэгістраваныя 58 чалавек, 28 з якіх — людзі з інваліднасцю, перадае Еўрарадыё.

“Гэта людзі з парушанай псіхікай, — распавядае Залатухін. — Разумееце, яны, па-першае, не вельмі ідуць на кантакт, а па-другое, яны вам такіх казак распавядуць, што вы слязу пусціце. Умеюць яны”.

У халодную пару тут начуюць больш за 60 чалавек. Летам каля 40. “Дом” знаходзіцца ў невялікім двухпавярховым будынку, на першым паверсе — адміністрацыя і сталовая, а на другім — некалькі жаночых і мужчынскіх пакояў. У калідоры ёсць тэлевізар, каля якога штовечар збіраюцца пастаяльцы. Але глядзець можа толькі да 22 гадзін.

Побач з асноўным будынкам — пральня, душ і пакой, дзе дэзінфекуюць адзенне.

Дырэктар "Дома начнога знаходжання" Павел Залатухін
“Галоўнае — флюараграфія, каб не было сухотаў”
На ўваходзе людзей сустракае медсястра Таццяна і дзяжурны міліцыянер. Яны правяраюць бяздомных на алкатэстары — калі больш за 0,3 праміле, то чалавека адпраўляюць “пагуляць” да 22.00. Прыходзіць у інтэрнат можна з 18.00 да 22.00 гадзін, а сыходзіць раніцай — а 8-ай.

Таццяна працуе толькі некалькі месяцаў, таму маральна яшчэ не да канца адаптавалася да новых умоў. Распавядае, што людзі бываюць вельмі складаныя, маўляў, камусьці пачынаеш спачуваць, а кагосьці проста баішся.

Каб патрапіць у начлежку, мінімальна трэба мець флюараграфію — доказ таго, што не хварэеш на сухоты. “У нас няма такога, маўляў, пакуль усю медкамісію не пройдзеш, то мы цябе не пусцім”, — тлумачыць Залатухін. У “Доме” дапамагаюць прайсці дактароў, аднавіць дакументы, адшукаць сваякоў.

“Абавязкова яны павінны прайсці міліцыю, таму што ўзнікае шмат пытанняў. Выкрываюцца справы мінулых гадоў — забойствы, згвалтаванні”, — запэўнівае дырэктар “начлежкі”. — Не думайце, што тут усе такія белыя і пухнатыя. Гэта людзі, якія апынуліся амаль на самым дне”.

“Лепей спытайце, за што не сядзеў”
Жыхары “начлежкі” асабліва не ідуць на кантакт, а жанчыны і ўвогуле кажуць, што журналісты нічым не дапамогуць. Распавесці сваю гісторыю пагаджаецца толькі сталы мужчына, які прадстаўляецца Жэнем Разанцавым.

Цяпер яму 65 гадоў. 37 з іх Жэня адсядзеў у турме. Упершыню трапіў за краты ў 14, — разам з сябрамі рабаваў шапікі.

“Палова крымінальнага кодэкса. І хуліганства, і крадзеж… Лепей запытайце, за што і дзе я не сядзеў”, — іранізуе Разанцаў.

У начлежцы, якую ён называе бамжатнікам, Жэня жыве ўжо пяць гадоў, пасля турмы трапіў па накіраванні. З-за інваліднасці мужчыне дазваляюць знаходзіцца тут кругласутачна.

Жэня Разанцаў
Жэня прызнаецца: шкадуе пра тое, што сапсаваў сваё жыццё, але разумее, што час не вернеш.

“Ужо цягнік сышоў, чаго шкадаваць… Час мінуў… Шкадую, вельмі шкадую. Сыну майму 45 гадоў, унучкам больш за 20. Кантактую з імі…”, — кажа Жэня і спрабуе схаваць слёзы.
У Мінску ён любіць прыязджаць на вуліцу Харкаўскую — месца, дзе нарадзіўся і жыў разам з бацькамі. Жэня ўсміхаецца і кажа, што ўжо даўно не варушыў у памяці ўспаміны. І тут жа прызнаецца, што некаторыя лепей бы і не ўзгадваў.

Так выглядае жаночы пакой
“Унучка нарадзілася, калі мне зачытвалі чарговы прысуд”
Разанцаў распавядае, што турма і воля — гэта два розныя сусветы. “Там адны людзі, але такія ж самыя, як тут, а тут іншыя, але таксама тыя самыя, — спрабуе патлумачыць Жэня і працягвае. — Напрыклад, я на зоне зусім іншы чалавек, у адрозненне сябе цяперашняга”.

Цяпер больш за ўсё ў жыцці Жэня Разанцаў марыць пра тое, каб трапіць на вяселле ўнучкі, але, не называючы прычыну, кажа, што гэта немагчыма.

“29 сакавіка 1993 года — дзень, які я ніколі не забуду. У гэты дзень сын сказаў мне: “Бацька, ты ўжо дзед!”. Крыкнуў з залы суда, калі мне зачытвалі чарговы прысуд. У мяне ўнучка нарадзілася, а я зноў за кратамі”, — успамінае мужчына.

У “начлежцы” Жэні камфортна, але хутка яго перавядуць у дом-інтэрнат для пенсіянераў. Мужчына спадзяецца, што калі-небудзь зможа назапасіць грошай на гітару, каб зноў, як у маладосці, пачаць спяваць песні. Але пенсіі ў 90 рублёў яму рэдка хапае да канца месяца.


Дата стварэння навіны 01.03.2018

Возврат к списку