АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Устаноўлены імёны васьмі беларусаў — кавалераў поўнага Георгіеўскага банта

Устаноўлены імёны васьмі  беларусаў — кавалераў поўнага Георгіеўскага банта
28.02.2018
Скупыя архіўныя звесткі, у лепшым выпадку — дзе і калі нарадзіўся, нумары ўзнагарод, кароткае апісанне подзвігу

Магілёўскія гісторыкі ўстанавілі імёны васьмі беларусаў — кавалераў поўнага Георгіеўскага банта. Гісторыя захавала пра іх зусім мала інфармацыі. Але дасведчанаму чалавеку не трэба тлумачыць, што стаіць за гэтымі сціплымі радкамі. З 1913 года ў рускай арміі медаль «За адвагу» быў прылічаны да георгіеўскіх узнагарод і разам з чатырма Георгіеўскімі крыжамі складаў поўны Георгіеўскі бант. Узнагароды рабіліся з золата або серабра і вельмі высока цаніліся. Заслужыць поўны Георгіеўскі бант было надзвычай цяжка. Сёння на ўсю Беларусь пакуль налічваецца ўсяго восем такіх герояў — і гэта на 800 000 прызваных у 1914 годзе на вайну.

 

На здымку: Кавалер поўнага Георгіеўскага банта Фядот Купцоў аддаў свае ўзнагароды галадаючым Паволжжа.

Знішчаная памяць

 

Сяргей Бяспанскі, намеснік старшыні магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «ВІККРУ», у пошукавай рабоце з 1994 года. Кажа, што цікавіцца лёсам герояў Першай сусветнай стаў на кантрасце з Другой сусветнай вайной.

 

— Атрымлівалася, што мы шмат чаго даведаліся пра Другую сусветную, а Першай — быццам бы зусім і не было, — кажа ён. — Людзі ваявалі, а мы пра іх забыліся. Дзядоў шануем, а пра прадзедаў нават і не ўспамінаем. Гэта несправядліва.

 

На жаль, жывыя сведкі таго перыяду ўжо даўно пайшлі з жыцця, асноўнымі крыніцамі сталі кніга «Памяць» Беларусі, архівісты, музейныя работнікі, энтузіясты-даследчыкі з Беларусі, Расіі і Украіны. Што датычыцца музеяў, то інфармацыі там знайшлося не шмат — адзінкавыя звесткі, і то больш пра тых салдат, у каго было па 2-3 крыжы.

 

— У савецкі час спісы георгіеўскіх кавалераў практычна былі знішчаны, — кажа Сяргей Бяспанскі. — Уявіце сабе: у Расійскай імперыі было больш за дзве тысячы такіх спісаў. На сённяшні дзень у расійскіх архівах захавалася каля 80. Многія з гэтых людзей былі рэпрэсіраваныя, нехта адседзеў, кагосьці расстралялі. Калі паглядзець школьныя і інстытуцкія падручнікі гісторыі, пачынаючы з 1920-х гадоў, то ў іх гэтая вайна ахарактарызаваная як «імперыялістычная», «несправядлівая» і «не патрэбная народу». Прычына відавочная: усё, што было да рэвалюцыі, абвяшчалася барацьбой за лжывыя і варожыя працоўным інтарэсы. Але для пераемнасці пакаленняў сёння вельмі неабходна беражліва аднаўляць памяць пра тыя падзеі. Тым больш што Руская імператарская армія ваявала годна, праяўляючы сапраўдны масавы гераізм, ахвярнасць і мужнасць. І няма салдацкай віны ў тым, што галоўнакамандуючы ад іх адрокся ў сакавіку 1917...

 

Справа энтузіястаў

 

У Беларусі няшмат гісторыкаў, якія сур'ёзна займаюцца Першай сусветнай. Ваенны пісьменнік, старшыня магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «ВІККРУ», Мікалай Барысенка, зрабіў добрую падборку па георгіеўскіх кавалерах Магілёўскай губерні. Некалькі гадоў таму выйшла яго кніга «Рэха вялікай вайны», дзе ён падаў імёны каля 30 поўных георгіеўскіх кавалераў. Сяргею Бяспанскаму пашчасціла знайсці імёны каля 350 ураджэнцаў Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. З іх 152 — кавалеры поўнага Георгіеўскага крыжа. З іх толькі восем чалавек акрамя чатырох крыжоў мелі яшчэ і Георгіеўскія медалі «За храбрасць» і насілі званне кавалераў поўнага Георгіеўскага банта.

 

— Самай жаданай узнагародай рускага салдата на той вайне быў Георгіеўскі крыж, — кажа Сяргей. — Кавалеры поўнага Георгіеўскага банта самыя адважныя. У іх не чатыры ўзнагароды, а восем. Гэта значыць, што яны ў два разы болей глядзелі ў твар смерці. Каб іх знайсці, я чатыры гады сядзеў у архівах, вывучаў адпаведную літаратуру, спісваўся з расіянамі, украінцамі. Работа руцінная, штабная. Калі нехта нешта знайшоў, радасць вялікая. Людзі працуюць бескарысліва, выдаюць кнігі за свае грошы. Нездарма такіх у жарт называюць «з кантузіяй у галаве».

 

Магілёўскія пошукавікі вельмі ўдзячныя расійскім архівістам Сяргею Патрыкееву і Юрыю Курэпіну. Тым, хто нават па мінімуме цікавіцца Першай сусветнай вайной, не трэба тлумачыць, хто гэта такія. Абодва складаюць зводны спіс георгіеўскіх кавалераў па ўсёй былой Расійскай імперыі. На ўзроўні Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі па Першай сусветнай вайне ствараецца нешта накшталт знаёмага ўсім партала АБД «Мемарыял».

 

— А ў нас нават дзяржпраграмы няма па Першай сусветнай, — уздыхае Сяргей. — Вайна пракацілася па ўсёй Беларусі, на працягу 1914—1918 гадоў сотні тысяч маладых беларусаў (па розных даных, ад 800 да 923 тысяч) сталі пад ружжо, 70 тысяч загінулі. Смаргонь, Паставы, Баранавічы — асноўныя цэнтры баявых дзеянняў, але хто з моладзі ведае пра гэта? У Смаргоні паспрабавалі паставіць зводны помнік, але задуманае так і не давялі да канца. І музея па Першай сусветнай вайне ў нас пакуль няма. Гэта ненармальна. Бо менавіта падчас той вайны выкрышталізавалася ідэя беларускай незалежнасці. Пасля ўсіх перажытых ваенных жахаў людзі зразумелі, што лепей жыць сваім домам.

 


Крыж на месцы былых баёў каля вёскі Выганашчы Івацэвіцкага раёна.

 Сапраўдныя абаронцы Айчыны

 Несумненна, кавалераў поўнага Георгіеўскага банта сярод беларусаў было нашмат болей. І восем імён, вернутыя з небыцця, — толькі пачатак. Гэтыя героі — наш гонар, пацвярджэнне таго, што беларусы — мужная нацыя. Чацвёра з васьмі менавіта ўраджэнцы Магілёўскай губерні. Гэта Дзямід Іванавіч Панкратаў з вёскі Дубраўка Аршанскага ўезда, падпрапаршчык лейб-гвардыі 14-й роты Ізмайлаўскага палка; Рыгор Сямёнавіч Дэблікаў, ураджэнец сяла Завідаўка Гомельскага ўезда, старшы унтэр-афіцэр 4-й роты лейб-гвардыі 2-га стралковага Царскасельскага палка; Фядот Яўменавіч Купцоў з сяла Нікольскае Чавускага ўезда, старшы унтэр-афіцэр 8-й роты 1-га палка Яго Вялікасці Караля Чарнагорскага Мікалая (потым 397-га пяхотнага Запарожскага палка); Мікіта Адамавіч Ліпнякоў, 1873 года нараджэння, з вёскі Рабавічы Быхаўскага павета (цяпер Слаўгарадскі раён).

 

Сярод кавалераў поўнага Георгіеўскага банта старшы унтэр-афіцэр лейб-гвардыі Паўлаўскага палка з каманды конных разведчыкаў, добраахвотнік, віцяблянін Васіль Сіняўскі; падпрапаршчык Яе Вялікасці Гасударыні Імператрыцы Аляксандры Фёдараўны палка Георгій Максімавіч Асіненка, 1891 года нараджэння, з вёскі Цёплая Віленскай губерні; старшы унтэр-афіцэр лейб-гвардыі 3-га стралковага Яго Вялікасці палка Яго Вялікасці роты Іван Іванавіч Баравік з горада Слуцка Мінскай губерні; падпрапаршчык лейб-гвардыі 3-й роты 2-га стралковага Царкасельскага палка Павел Рыгоравіч Качаноўскі з сяла Шчыты Гродзенскай губерні.

 

Поўнымі кавалерамі Георгіеўскага банта яны станавіліся на працягу ўсяго аднаго-двух гадоў. Іх подзвігі — прыклад неверагоднай смеласці і адважнасці. Напрыклад, Фядот Купцоў, калі разам з 40 салдатамі трапіў у акружэнне, сваёй бясстрашнасцю падтрымліваў у таварышах баявы дух, што дало ім магчымасць пратрымацца да прыходу свайго палка і не здаць пазіцыі. Георгій Асіненка адзін са сваіх крыжоў атрымаў за подзвіг у снежні 1914 года, калі, рызыкуючы жыццём, пад моцным ружэйным і кулямётным агнём аднавіў тэлефонную сувязь з перадавой. Гэтыя людзі былі не толькі адчайнымі воінамі, але яшчэ і вялікімі патрыётамі. Той жа Фядот Купцоў у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя здаў свае ўзнагароды ў дапамогу галадаючым Паволжжа. Але гэта не выратавала яго ад рэпрэсій. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён быў асуджаны ваенным трыбуналам войскаў НКУС па Магілёўскай вобласці на 15 гадоў лагерных работ. Памёр у 1952-м у Кемераўскай вобласці. На шэсць гадоў лагераў быў асуджаны і Мікіта Ліпнякоў — уладальнік аж пяці Георгіеўскіх крыжоў і чатырох Георгіеўскіх медалёў «За храбрасць». Дадому ён ужо не вярнуўся.

 

— Зараз наша задача знайсці нашчадкаў гэтых патрыётаў, каб расказаць, якія геройскія былі ў іх родзе людзі, — кажа Сяргей Бяспанскі. — Гэты перакос у гісторыі трэба ліквідаваць, каб была справядлівасць. Першая сусветная вайна была не менш вялікая і цяжкая, чым другая. І не менш гераічная.

 

Нэлі Зігуля, zviazda.by



Дата стварэння навіны 28.02.2018

Возврат к списку

cashback