АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Як Улады раскалолі апазіцыю перад юбілеем БНР

Як Улады раскалолі апазіцыю перад юбілеем БНР
28.02.2018
Апазіцыйная супольнасць даўно казала, што ўлады не гатовыя да дыялогу. І вось неафіцыйна і толькі па адной справе гэты дыялог можа адбыцца. Але цяпер няма згоды ў самых апазіцыйных колах.

 Мінскі гарвыканкам раіць адмовіцца ад шэсця на Дзень Волі і абяцае дапамагчы зладзіць святочную акцыю ў Парку Янку Купалы ці каля Опернага тэатру і нават болей.

 

Ці ёсць шанец на кампраміс?

Неафіцыйная прапанова ўладаў справакавала эмоцыі, годныя вялікай сцэны. План Мінскага гарвыканкаму выклікаў гарачую дыскусію на сядзібе БНФ. Аргкамітэт святкавання 100-годдзя БНР спрачаўся да позняга вечара

 «Што рабіць? Адкінуць яго? Маўляў, мы такія крутыя? Не, калі прапанаваная перамоўная пляцоўка, яе трэба скарыстаць. Прыйсці туды на гэтую пляцоўку са сваімі прапановамі», – упэўнены Уладзімір Някляеў.

 

А чаго ўвогуле хацелі?

Апазіцыя планавала шэсце ад плошчы Якуба Коласа праспектам Незалежнасці – да плошчы Свабоды, дзе меўся адбыцца святочны канцэрт. Мінскі гарвыканкам прапанаваў адмовіцца ад шэсця і правесці мітынг ды канцэрт у парку Янкі Купалы ці каля Опернага тэатру.

 

«Я думаю, што зараз мы павінны сфармаваць групу перамоўнікаў, якіх накіраваць у Мінгарвыканкам і настойваць на варыянце ад Якуба Коласа да Опернага тэатру. Я думаю, што будзе пры гэтым забяспечана і годнае шэсце, і канцэрт», – даводзіць апазіцыйны палітык Павал Севярынец.

 

Перамоўная група ўжо сфармаваная

У яе склад увайшлі 8 асобаў – і тыя, хто настойвае на шэсці, і тыя, хто згодны на канцэрт. На карысць Опернага тэатру – маштаб пляцоўкі.

 

А таксама тое, што ўлады абяцаюць даць гукаўзмацняльную апаратуру і не патрабаваць грошай за паслугі міліцыі.

 «Калі зараз весці барацьбу за шэсце, то часу засталося зусім няшмат – менш за месяц, 25 дзён. Калі мы зараз тыдзень будзем вырашаць можна гэта ці не, то ў нас губляецца час, каб рэальна арганізаваць мерапрыемства», – папярэджвае Павел Белавус, кіраўнік «Арт-Сядзібы».

 

Замест бізуна – пернік

Неафіцыйна таксама вядома, што ў выпадку згоды ўлады гатовыя на яшчэ адную саступку – усталяваць памятны знак да 100-годдзя БНР. Шыльда мае з’явіцца на вуліцы Валадарскага 9, дзе 25-га сакавіка абвесцілі незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі.

 

«Тут тая сітуацыя, калі палітыка – мастацтва магчымага. З абодвух бакоў. Ці хопіць розуму, мудрасці і ва ўладаў, і апазіцыі, каб падысці годна, пабачым. Пакуль што пытанне адкрытае», – падсумаваў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

 Найгоршы сцэнар – зʼяўленне на акцыі самых заўзятых «тэатралаў» – як іх называе кіраўнік мінскага АМАПу.

 

Як падчас леташняга Дня волі, які адбыўся без дазволу ўладаў і скончыўся брутальным збіццём ды масавымі арыштамі ўдзельнікаў мірнага шэсця.



Дата стварэння навіны 28.02.2018

Возврат к списку