АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Ярмошына: У звычайнага чалавека ніякага права, апроч як прагаласаваць, няма

Ярмошына: У звычайнага чалавека ніякага права, апроч як прагаласаваць, няма
26.02.2018
Сезон “мёртвы”, выбары сталі самай заўважнай падзеяй пасля Новага года.

 Еўрарадыё: Да пачатку датэрміновага галасавання, вы наракалі на слабую актыўнасць кандыдатаў і невялікую цікавасць выбаршчыкаў да мясцовых выбараў. А ў выніку прагаласавала, па звестках ЦВК, 77,2% выбаршчыкаў. Як вы гэта тлумачыце?

Лідзія Ярмошына: Пачатак і канец кампаніі ― гэта, усё ж, розныя рэчы. Насельніцтва было дастатковым чынам праінфармавана пра выбары і цікавілася. Ведаеце, у гэтую суботу ў мяне была прыватная сустрэча з адной сям’ёй. Там муж упершыню працаваў старшынёй адной участковай камісіі ў Мінску. І ён сказаў, што ў нядзелю 18 лютага была высока яўка ― людзі прыходзілі на выбары. А гэта горад Мінск! Таму вынік падаецца мне цалкам заканамерным.

Еўрарадыё: Але ж асаблівай цікавасці да мясцовых выбараў ніколі не было ― чаму так раптам цікавасць з’явілася?

Лідзія Ярмошына: Ну, так ― дэпутатаў шмат, моладзь ведае, што гэта ўлада грамадская і што яна, па вялікім рахунку, жыццё не змяняе. Таму і не ставіцца да мясцовых выбараў, як да лёсавызначальных, у якіх трэба абавязкова ўдзельнічаць. Не ўпэўненыя людзі, што мясцовыя ўлады рэальна ўплываюць на наша жыццё. У гэтым і прычына не вялікай цікавасці. Але ў сувязі з тым, што сезон “мёртвы” ― не адпускны, не святочны і не канікулярны, гэта стала самай заўважнай падзеяй пасля Новага года. Тут яшчэ і СМІ актыўна папрацавалі, і кандыдаты ў дэпутаты. Ну, калі мы бачылі вулічныя пікеты падчас мясцовых выбараў, ды яшчэ і ў лютым?! А ў нас яны былі. Прынамсі, у буйных гарадах. Кандыдаты ў дэпутаты і фонды стваралі, і ўлёткі друкавалі. Людзі былі добра праінфармаваныя пра выбары.

 

“Каруселі” ― гэта не нашы тэхналогіі, але давайце не будзем забываць пра сістэму куратарства

 

Еўрарадыё: Усе адзначаюць узорную працу камісіі на выбарчым участку, дзе вы галасавалі ― нават падлік галасоў нараканняў у назіральнікаў не выклікаў. Чаму такім чынам не працуюць усе камісіі на ўсіх выбарчых участках?

 

Лідзія Ярмошына: Я ўпэўненая, што так паўсюль павінна быць! Я нават не лічу, што недзе адбываецца інакш. А калі і адбываецца, то я ні чым іншым, як нявопытнасцю ці стандартным мысленнем старога старшыні камісіі, не магу патлумачыць. Бо мы вучым, і нашы метадычныя тлумачэнні вельмі падрабязныя. Калі іх выконваць дакладна, то гэта будуць цалкам узорныя выбары.

Еўрарадыё: Але нават гэтыя выбары без скандалаў не абышліся: і пра накрутку яўкі кажуць, і пра “карусельшчыкаў” на ўчастках…

 

Лідзія Ярмошына: Я не веру ні ў якія “каруселі” ў нас ― гэта не мае ніякага сэнсу. Яны маюць сэнс там, дзе акруга вельмі вялікая, ці калі ўся краіна ― адна выбарчая акруга. А ў нас акругі маленькія, пераход з аднаго ўчастка на іншы, адзін-два галасы, нічога абсалютна не вырашаюць. А праблем ствараюць вельмі шмат. Думаю, гэта не нашы тэхналогіі.

 

Так, цалкам магчыма, што людзі ездзілі, хадзілі. Але давайце не будзем забывацца пра сістэму куратарства. У нас тыя ж арганізацыі, якія адказваюць за ўчастак для галасавання, яны ж і за матэрыяльна-тэхнічную частку гэтага ўчастка адказваюць. Цалкам магчыма, што ідэолаг нейкага прадпрыемства хадзіў са школы ў школу і наведваў гэтыя ўчасткі. Ніхто за руку яго не злавіў, калі ён галасаваў. Ды, і як гэта магчыма, калі галасаванне ў нас адбываецца толькі па месцы прапіскі і на падставе пашпарта? А што была правакацыя з боку аднаго маладога чалавека, то, ведаеце, мы дакладна ведаем, мы званілі, што ён паўсюль уключаны ў дадатковы спіс. І таму ён не галасаваў за некага іншага ― ён галасаваў толькі за сябе. Іншая справа, навошта яго ў той спіс уносілі? Цалкам магчыма, для таго, каб павялічыць яўку. Тым не менш, гэта адсотак яўкі па дадзеным ўчастку зусім не павялічыла: прыйшоў той, хто не запісаны, але не прыйшоў той, хто запісаны ў гэты спіс выбаршчыкаў. Відаць, гэта такое стаўленне сяброў камісій, найперш педагогаў ― усё на даверы. Стаўленне да сваіх абавязкаў як да грамадскай працы, няма насцярожанасці, што за гэта можа быць адказнасць.

Еўрарадыё: Назіральнікі кажуць пра несупадзенне лічбаў тых, хто прыйшоў галасаваць, у іх і ў камісій…

Лідзія Ярмошына: Ніякія іншыя падлікі, апроч падлікаў бюлетэняў у скрынях для галасавання, не з’яўляюцца легітымнымі. Таму, няма тут пра што спрачацца.

Еўрарадыё: Але былі падазрэнні, што і бюлетэні ў скрыню падкідвалі.

Лідзія Ярмошына: Казаць можна ўсё што заўгодна.

 

У звычайнага чалавека ніякага права, апроч як прыйсці і прагаласаваць, няма

 

Еўрарадыё: Каму ўсё ж можна здымаць фота і відэа на ўчастку?

 

Лідзія Ярмошына: Можна ― акрэдытаваным сродкам масавай інфармацыі. Калі вы пра таго карэспандэнта (Андруся Козела, ― Еўрарадыё), то як вы ведаеце, Белсат у нас не акрэдытаваны і журналістамі дадзеныя асобы з’яўляцца не могуць. Што да назіральнікаў, то ім рабіць здымкі можна толькі са згоды ўчастковай выбарчай камісіі, яе старшыні. Нам часцяком кажуць: “Гэта ж не забаронена!”. Але справа ў тым, што прынцып “можна ўсё, што не забаронена”, дзейнічае толькі ў прыватным праве ― гэты прынцып на грамадзян распаўсюджваецца ў звычайным жыцці. Калі мы кажам пра працэдуры афіцыйныя, а выбары і падлік галасоў гэта афіцыйная працэдура, тут можна рабіць толькі тое, што прадугледжана законам. Паколькі ў правах назіральніка такога права няма, то яны ажыццяўляць гэта права могуць толькі са згоды галоўнага распараджальніка на ўчастку для галасавання ― старшыні выбарчай камісіі.

 

Еўрарадыё: У Канстытуцыі прапісанае права кожнага збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Лідзія Ярмошына: Гэта ― агульныя нормы. Да прыкладу, агульная норма “права кожнага чалавека на працу” не дае яму імгненна працу, тую, якую ён хоча. Гэта ўсё рэалізуецца з дапамогай падканстытуцыйных актаў. У дадзеным выпадку дзейнічае Выбарчы кодэкс.

Еўрарадыё: І ў Выбарчым кодэксе ёсць норма, дзе канкрэтна прапісана, што здымаць можна толькі са згоды старшыні камісіі?

Лідзія Ярмошына: Там ўвогуле няма гэтага права ― на здымкі. Таму, лічыце, мы прадстаўляем гэта права сваімі тлумачэннямі: калі людзі не супраць ― калі ласка. Прычым, гэта тычыцца не Выбарчага кодэкса ― гэта ўвогуле агульнаграмадзянскае заканадаўства. “Мяне можна здымаць толькі з маёй згоды”, ― кажа яно. Бо мне належыць эксклюзіўнае права на маю ўласную асобу.

Еўрарадыё: Дык старшыня камісіі можа чалавеку паказаць норму закона, якая дазваляе старшыні камісіі забараніць здымкі. Чаму не паказвае?

 

Лідзія Ярмошына: А хай той чалавек пакажа тую норму, дзе сказана, што гэта можна. У Канстытуцыі нічога не сказана пра гэта. Права збіраць інфармацыю? Якая інфармацыя, ад каго? Вы ж не прыйдзеце да свайго суседа і не запатрабуеце, каб той расказаў падрабязнасці свайго асабістага жыцця, спасылаючыся на канстытуцыйную норму!

Еўрарадыё: Але выбарчы ўчастак ― публічнае месца!

Лідзія Ярмошына: Месца публічнае, але тут паводзіны ўсіх бакоў абмежаваныя межамі выбарчага заканадаўства. І там дакладна прапісаныя правы назіральніка.

 

Еўрарадыё: І яно, тое заканадаўства, ні назіральніку, ні звычайнаму чалавеку, які пажадае зрабіць здымкі…

Лідзія Ярмошына: Не, яно не дае права! У звычайнага чалавека ніякага права, апроч як прыйсці і прагаласаваць, няма. А любы звычайны з вуліцы, калі ён не з’яўляецца выбаршчыкам гэтага ўчастка, па вялікім рахунку, увогуле праў не мае ― ён проста мінак.

 

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ўпэўненасць чалавека, што ён на нешта мае права, не адпавядае рэчаіснасці?

Лідзія Ярмошына: Гэта яго погляд. Але погляд гэты не адпавядае патрабаванням выбарчага заканадаўства. Мы не супраць: не будзе канфліктаў ― няхай усе здымаюць усё што заўгодна. Але толькі са згоды тых асоб, каго яны здымаюць.

 Праз камеру відэаназірання будзе бачна тое ж, што бачаць назіральнікі са свайго месца

 Еўрарадыё: І на гэтых выбарах назіральнікам не далі магчымасці назіраць за падлікам галасоў так, каб сумневаў у іх не ўзнікала.

 

Лідзія Ярмошына: Гэта ўжо пытанне ўзаемаадносінаў паміж камісіяй і назіральнікамі. Мы будзем над гэтым працаваць, будзем у сваіх інструкцыях нешта ўдакладняць, але мы ўсё адно не можам загнаць у жорсткія межы паводзіны ні ўчастковай камісіі, ні назіральнікаў.

Еўрарадыё: Можа, калі б паставілі на ўчастках камеры відэаназірання, то гэта зняло б шмат якія пытанні?

 

Лідзія Ярмошына: Нічога камеры відэаназірання не паказваюць, апроч працэдуры падліку. Гэта будзе тое ж самае, што бачаць назіральнікі са свайго месца. Я ўжо не кажу пра тое, што камеры відэаназірання не перадаюць разборліва размову. Таму, гэта не больш, чым дэкор. Мы не супраць відэаназірання. Але рабіць гэта цэнтралізавана для дэманстрацыі ў інтэрнэт… Калі дзяржава палічыць гэта неабходным і выдаткуе на гэта грошы, гэта будзе рабіцца.

Еўрарадыё: Па меншай меры, гэта дасць магчымасць упэўніцца, што галасаваць прыйшло столькі людзей, колькі камісія і напісала.

 

Лідзія Ярмошына: Я магу толькі выслухаць вас і сказаць: ну, будзем працаваць над гэтым.

 

Гэта не больш, чым мясцовыя выбары, і нічога не шукайце ў іх іншага, ніякага падтэксту

 Еўрарадыё: У тым, як прайшлі гэтыя выбары, аналітыкі бачаць падрыхтоўку на наступных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, такая рэпетыцыя ці навучанне новых людзей у выбарчых камісіях…

 

Лідзія Ярмошына: Гэта не больш, чым мясцовыя выбары, і нічога не шукайце ў іх іншага, ніякага падтэксту. Звычайная, руцінная выбарчая кампанія. Мы так далёка, як наступныя выбары, не зазіраем.

Еўрарадыё: Невядома, парламенцкія ці прэзідэнцкія выбары будуць перанесеныя з 2020 на 2019 год?

 

Лідзія Ярмошына: Не, гэта і не абмяркоўваецца нават. Можа, недзе і абмяркоўваецца вузка, але я да гэтага не дапушчаная.


Дата стварэння навіны 26.02.2018

Возврат к списку