АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Талерантнасць і рахманасць беларусаў — не больш чым міф

Талерантнасць і рахманасць беларусаў — не больш чым міф
26.02.2018
Назіраецца цікавы феномен: ультраправы дыскурс імкліва пранікае ў моладзевыя субкультуры і нясе з сабой нонканфармізм, рэвалюцыйны пафас і агрэсію супраць навакольнага свету.

 

 Чаму неанацысцкая эстэтыка і ідэалогія становяцца папулярнымі сярод беларускіх моладзевых субкультур і да чаго гэта можа прывесці?

 

«Белая Воля»

Любая моладзевая субкультура — гэта ў пэўнай ступені пратэст. Своеасаблівая самаабарона маладой асобы супраць нормаў дарослага і заўсёды кансерватыўнага грамадства, традыцыйных каштоўнасцяў і ўмоўнасцяў панурага рацыянальнага свету.

ы прывыклі, што пратэст гэты адбываецца ў рэчышчы антыаўтарытарных і прагрэсіўных ідэй. Так, з хіпі нарадзіўся антымілітарысцкі пратэст, ідэалы свабоднай любові і камунальнага жыцця, панк-рок ужо напачатку 1980-х гадоў пачаў актуалізаваць палітычны анархізм, хардкор-субкультура канца 1980-х — пачатку 1990-х папулярызавала веганства, здаровы лад жыцця і антыфашызм.

 

Аднак чым далей, тым больш назіраецца цікавы феномен: ультраправы дыскурс імкліва пранікае ў моладзевыя субкультуры і нясе з сабой нонканфармізм, рэвалюцыйны пафас і агрэсію супраць навакольнага свету — прынамсі, дэклараваныя.

Пры бліжэйшым разглядзе мы пабачым, што ўльтраправыя ў апошнія 20–30 гадоў займаюцца старанным капіяваннем эстэтыкі, і асабліва фразеалогіі, левых моладзевых рухаў, альбо бяруць ужо «гатовую» субкультуру, дадаючы да яе прыстаўку «НС» (Нацыянал-сацыялізм). Так, напрыклад, з'явіўся NSBM (Нацыянал-сацыялістычны блэк-метал), услед за «аўтаномамі» і «чорным блокам» еўрапейскіх анархістаў з'явіўся неанацысцкі «чорны блок» — шэрагі маладзёнаў ва ўсім чорным і ў масках, пашыхтаваныя пад чорнымі сцягамі. І толькі вялікі спецыяліст у палітыцы з першага погляду зразумее, хто перад ім — нацысты ці анархісты.

Услед за хардкорам з'явіўся «хейткор» — тое ж адзенне, тое ж веганства, абарона жывёл, здаровы лад жыцця і словы аб змяненні свету да лепшага, і... заклікі забіваць «чорных». Адзінай субкультурай, якую, хоць і з нацяжкай, можна назваць ад пачатку правай — гэта субкультура футбольных фанатаў. Нават тыя ж скінхэды ад пачатку нічога агульнага з расізмам не мелі: працоўная моладзь у цяжкіх чаравіках і падцяжках пачала вербавацца Брытанскім нацыянальным фронтам у свае шэрагі толькі напачатку 1980-х гадоў.

 

Так павялося, што ў Беларусі, у адрозненне ад Еўропы, неанацызм прадстаўлены амаль толькі  ў субкультурнай форме — свае ідэі ўльтраправых дэманструюць і распаўсюджваюць, у лепшым выпадку, праз значкі і нашыўкі на адзенні, банеры на стадыёнах, фанацкія налепкі на слупах, графіці і песні адпаведных гуртоў. Апошняя суполка неанацыстаў, якая паспрабавала заявіць пра сябе як пра палітычную сілу — «Белая Воля».

 

Заснаваная выхадцамі з вулічнай групоўкі «Support 88», яна, для большай рэспектабельнасці, змяніла антураж (менш гітлераў і свастык, больш беларускага нацыяналізму), пераарыентавала рыторыку з «барацьбы супраць іншародцаў» на «барацьбу супраць этнічнай злачыннасці» і «супраць наркаманіі».

У багажы «Белай Волі» — некалькі пікетаў на плошчы Бангалор у падтрымку Слабадана Мілошавіча, супраць продажу «бубак» і г.д.— актыўна капіравалася палітычная практыка расійскага ДПНИ (Руху супраць нелегальнай міграцыі).

 

Сваё фактычнае існаванне «Белая Воля» спыніла ў 2007 годзе, па некаторых дадзеных — пасля бойкі з анархістамі на «Сацыяльным Маршы» 7 лістапада.

Аднак нягледзячы на адсутнасць сацыяльнай базы і выразнай папулярнасці ў грамадстве, неанацысцкія ідэі працягваюць даволі істотна праяўляць сябе ў субкультурным полі. Ад фанатаў «Дынама», пра ўльтраправасць якіх ведаюць усе, да нацы-металістаў (на сёння ў Беларусі не менш за тры гурты, якія адкрыта пазіцыянуюць сябе як нацыянал-сацыялістычны блэк-метал) ад суполак кшталту «Rightcore» — ажно да правых рэпераў. Для значнай колькасці моладзі — асабліва субкультурнай — неанацызм застаецца прывабнай ідэалогіяй. Прынамсі, на павярхоўным узроўні.

 

Канцэрт гурта «Clockwork times» у Мінску. Пад сцэнай — фанаты «Дынама — Мінск».


Чаму так атрымліваецца? Прычын можна вылучыць некалькі:

— Перш за ўсе, неанацызм — гэта пратэст, як і любая радыкальная ідэалогія. Недарма моладзь складае большасць у любых радыкальных палітычных групах — ад анархістаў да ісламістаў. У маладым узросце чалавек больш востра адчувае несправядлівасць і несвабоду, і можа так стацца, што прычыны гэтага ён — з дапамогай інтэрнэту альбо старэйшых таварышаў — знойдзе ў рамках рэакцыйных ідэалогій, таго ж неанацызму з яго гераічным пафасам і рэвалюцыйнай рыторыкай.

Сюды варта дадаць, што ў Беларусі, у якой вакол «ваяваўшых дзядоў» выбудаваны цэлы культ, а пра «свяшчэннасць» 9 мая дзяржава трубіць з кожнага праса, адкрыта заяўляць пра падтрымку ідэалаў Трэцяга рэйху — нонканфармізм, які можа дадаць нямала самапавагі юнаку і дапамагчы яму адчуць уласную значнасць, самасцвердзіцца як асобе, якая плыве супраць плыні.

 

— Неанацызм прапануе простую карціну міра. У ім няма паўтонаў. Ёсць выразнае раздзяленне на сваіх і чужых. Таму ён — вельмі просты ў прапагандаванні. З апорай на традыцыйныя каштоўнасці, «права моцнага» (якія, у прынцыпе, не надта дысануюць з агульнапрынятымі ў грамадстве) неанацызм даступна тлумачыць, хто сябра, а хто вораг, а таксама распавядае, што варта рабіць. Сітуацыю спрашчае яшчэ і тое, што ўльтраправымі дэманізуюцца найперш тыя, хто выглядае інакш, чым яны, — што яшчэ больш спрашчае самаідэнтыфікацыю і вызначэнне ворага. Такія ідэі проста выказваць, проста тлумачыць — не трэба нічога разжоўваць альбо чытаць тоўстыя кнігі. Апеляцыя ідзе больш да эмоцый і інстынктаў, чым да розуму — такія ідэі лёгка адлюстроўваюцца ў песнях і крычалках футбольных фанатаў.

 

— Неанацызм дае выхад агрэсіі. Накапленне агрэсіі ў людзей, асабліва ў маладых, — у прынцыпе, натуральная і тлумачальная з'ява ў нашым хворым грамадстве. Гэтаму спрыяе цэлы шэраг фактараў: ад нізкага ўзроўню жыцця да ўхвалення агрэсіі ў масавай культуры. Нацысцкая ідэалогія дае гэтай агрэсіі выхад: часам бяскрыўдны («слэм» на тэматычным канцэрце альбо фанацкія сутычкі), часам дэструктыўны (збіццё людзей іншага выгляду ці колеру скуры). Магчымасць падзяліць свет на «ніжэйшых» і «вышэйшых» заведама апраўдвае праявы такой агрэсіі.

Такім чынам, юнакі імкнуцца туды, дзе змогуць не проста выкінуць агрэсіўны патэнцыял, які накапіўся ад незадаволенасці жыццём і немагчымасці нешта змяніць, але і зрабіць гэта легітымна, з адчуваннем дачынення да нечага большага. У гэтае рэчышча добра кладуцца два факты: абсалютная большасць нацысцкіх гуртоў грае цяжкую музыку (якая сама па сабе жорсткая і агрэсіўная), і тое, што на неанацысцкіх тусоўках і акцыях вы амаль ніколі не ўбачыце дзяўчат — розны ўзровень тэстастэрону і розная сацыялізацыя ў дзяўчат і хлопцаў даюць пра сябе ведаць.

 

— Адчуванне супольнасці. Сучаснае грамадства атамізаванае і індывідуалістычнае. Атрымаўшы адносную асабістую свабоду, чалавек згубіў адчуванне прыналежнасці да чагосьці большага — нейкага сацыяльнага асяроддзя, якое б давала падтрымку, клопат, стабільнасць і пачуццё адзінства. Сям'я і кола знаёмых вельмі часта не здольныя выканаць гэтую ролю ў выніку слабасці тых сувязяў, што яны даюць. У радыкальных моладзевых суполках табе кажуць: ты — сябра стаі, воін, які ратуе краіну (а то і ўсю белую расу) ад непазбежнага вымірання. Словы аб адзінстве, ваярская эстэтыка на кожным кроку, рытуальныя жэсты, аднолькавы дрэс-код — усё гэта літаральна крычыць маладзёну: «Мы — банда!»

Узгадайце сваё дзяцінства — кожнаму хацелася быць у «кампаніі крутых», і ніхто не хацеў быць адзін. Неанацысцкія субкультуры дэкларуюць тое ж самае, але на іншым узроўні.

 

Безумоўна, пералічанае вышэй актуальна і для распаўсюду неанацызму ўвогуле, і не толькі для нашай краіны. Паўсюль, дзе мы бачым уздым рэакцыйных і ксенафобскіх ідэй, мы знойдзем азначаныя вышэй псіха-сацыяльныя прычыны.

 

Само сабой напрошваецца пытанне: а пры якіх умовах дадзеная ідэалогія можа стаць масавай і перарасці рамкі субкультурнага гета? Бачыцца, што глеба для гэтага ў Беларусі ўжо ёсць, і даўно: гэта высокі ўзровень побытавай ксенафобіі і расізму, якім прасякнутае беларускае грамадства (ад ўлады да простых грамадзян) і агульная кансерватыўнасць грамадства, якое ахвотна стыгматызуе і травіць тых, хто не падобны да большасці.

 

Канешне, з'яўленне масавай палітычнай партыі ўльтраправага кшталту ў Беларусі пакуль немагчыма (як і любой другой непадкантрольнай масавай суполкі). Аднак раней ці пазней беларуская сістэма будзе рэфармаваная, і можна быць упэўненым: калі знойдуцца жадаючыя інвеставаць у нацы-тусоўшчыкаў, вельмі хутка мы пабачым пераход неанацызму з клубаў і стадыёнаў на вуліцы і ў офісы, нягледзячы на фэйкавыя намаганні міліцыі. І тады многія пераканаюцца, што талерантнасць і рахманасць беларусаў — не больш чым міф.

Мікалай Дзядок, НЧ


Дата стварэння навіны 26.02.2018

Возврат к списку