АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Хатні гадаванец? Не, яго ядуць

Хатні гадаванец? Не, яго ядуць
26.02.2018
Moran — найбуйнейшы ў краіне сабачы рынак, дзе штогод прадаюцца каля 80 тысяч жывёл. Дасюль папулярная думка, што суп з сабак дапамагае патэнцыі.

Алімпіяда падыходзіць да завяршэння. Але дасюль не сціхае скандал. І гэтым разам не допінгавы. Насуперак патрабаванням уладаў, мясцовыя рэстараны працягваюць уключаць у меню стравы з сабак. Аднак класічнай стравай у Карэі ўсё ж лічыцца не суп, а смажанае мяса сабакі, якое падаюць з рысам і гароднінай.

Сабачая гастраномія ў Карэі — сапраўды вельмі моцны сектар гаспадаркі. Па статыстыцы, кожны трэці паўднёвы карэец ужывае ў ежу сабакаў. Усяго для мясцовых гурманаў штогод забіваюць 2,5 мільёна жывёл.

У вачах іншаземцаў такая кулінарыя, натуральна, выглядае як вар’яцтва. Таму не дзіўна, што арганізатары Гульняў вырашылі не дражніць інтурыстаў і загадзя даслалі ў рэстараны інструкцыі — выключыць сабачае мяса з меню. Аднак не паспела пачацца Алімпіяда як высветлілася: большасць рэстаранаў і кавярняў цыркуляр праігнаравалі. Іх уладальнікі кажуць, што змена меню можа кепска паўплываць на імідж устаноў. Выклікае крытыку і пасіўнасць уладаў, якія не могуць прымусіць бізнесменаў выкон­ваць пастанову. З настальгіяй згадваюць пекінскія летнія Алімпійскія гульні 2008-га, дзе з прадаўцамі сабачых сасісак (любімая страва карэйскай грамады ў Кітаі) не цырымоніліся.

Скандал перайшоў у новую фазу праз публікацыю ў брытанскім таблоідзе «Daily Mail». Журналісты высветлілі, што ўлады Карэі, каб атрымаць права на Гульні, абяцалі Міжнароднаму Алімпійскаму камітэту не толькі часова забараніць сабачую гастраномію, але і спыніць дзейнасць рынка Moran, што знаходзіцца прыкладна ў 100 кіламетрах ад карэйскай сталіцы. Moran — найбуйнейшы ў краіне сабачы рынак, дзе штогод прадаюцца каля 80 тысяч жывёл.
Фотарэпартаж, зроблены журналістамі, узрушвае. Дастаткова паглядзець на выявы вясёлых шчанюкоў, якія сядзяць у клетках з надпісам «6,5 тысяч вонаў за 1 кг». У сярэднім сабаку тут можна набыць за 6-8 долараў ЗША. Некаторых шчанюкоў пасля продажу забіваюць проста на рынку. Калі верыць журналістам, зямля на рынку залітая крывёй жывёл, а ў паветры ста­іць задушлівы пах, паколькі забітага сабаку смаляць паяльнай лямпай.

Сказаць, што заходняя публіка шакаваная падобнымі рэпартажамі — нічога не сказаць. На інтэрнэт-форумах, можна сутыкнуцца з вельмі катэгарычнымі рэплікамі накшталт: «Трэба заклікаць нашых атлетаў адмовіцца ад удзелу ў гэтых спартовых мерапрыемствах, арганізатары якіх дазваляюць такія брутальныя забойствы».

У спрэчках даходзяць да правакацыйнай думкі — заходнія санкцыі, якія дзейнічаюць супраць Паўночнай Карэі, трэба скасаваць, наклаўшы іх на Паўднёвую Карэю ў якасці пакарання за негуманнае стаўленне да жывёл. Сапраўды, у Паўночнай Карэі праз беднасць маштабы вытворчасці сабачага мяса куды меншыя.
Што тычыцца экалагічных арганізацый, то яны на фоне скандалу выглядаюць трошкі разгубленымі. Напрыклад вельмі аўтарытэтная група «Людзі за этычнае стаўленне да жывёл» (РЕТА) на сваім сайце апраўдваецца, што даўно і сістэмна працуе супраць сабачай гастраноміі ў Паўднёвай Карэі і нават шмат чаго дамаглася. Маўляў, кампанію РЕТА падтрымаў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін. Ён публічна выкупіў з сабачай фермы шчанюка і пакінуў яго жыць у сябе. Прэзідэнт таксама заклікаў усіх карэйцаў паўтарыць яго ўчынак.

Іншая экалагічная група збірае подпісы спартоўцаў пад лістом пратэсту супраць продажу сабачага мяса. Ёсць і арыгінальныя праекты: папулярызацыя сярод карэйцаў веганскай ежы. Актывісты руху кажуць, за кошт карэйцаў, якія адмаўляюцца ад мяса, яны штогод выратоўваюць каля ста сабак.

Цяжка сказаць, ці задаволяць абураных аматараў жывёл такога кшталту адпіскі эколагаў. На думку экспертаў, цяперашні скандал будзе спрыяць паступоваму перагляду кулінарных густаў карэйцаў. Карэйскія культуролагі ўжо фіксуюць трэнд, калі ўсё больш карэйцаў, перш за ўсё моладзь, бачаць у сабаках не ежу, а хатніх улюбёнцаў, піша Новы час.



Дата стварэння навіны 26.02.2018

Возврат к списку