АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

"І яна сказала мне: "Мама, я без біятлона не змагу"

"І яна сказала мне: "Мама, я без біятлона не змагу"
24.02.2018
Імя Дынара для дачкі Ірына Аляксандраўна прыдумала сама. Марыла так назваць дзяўчынку. У дзяцінстве Дынара была паслухмяным дзіцем, добра вучылася, пакуль не звязалася з... біятлонам.

Дынара Алімбекава нарадзілася ў Казахстане, як і яе мама Ірына Аляксандраўна. Беларусь — радзіма бабулі алімпійскай чэмпіёнкі, пасля нараджэння Дынары ўся сям'я вярнулася сюды. Расла Алімбекава ў вёсцы Каменка Чавускага раёна (цяпер гэта аграгарадок), піша Еўрарадыё.

Імя Дынара для дачкі Ірына Аляксандраўна прыдумала сама. Марыла так назваць дзяўчынку. У дзяцінстве Дынара была паслухмяным дзіцем, добра вучылася, пакуль не звязалася з... біятлонам.

— Усё пачалося з 6 класа. Недалёка ад Чавусаў ёсць Каменская школа. Я хацела паглядзець менавіта дзяўчынак. Мне спадабаліся чатыры дзяўчынкі. Сярод іх была Дынара. Усё, што яна рабіла, атрымлівалася з першага разу. Лёгка бегла, усё ў яе лёгка атрымлівалася. Яна вылучалася, — успамінае першы трэнер Дынары Марыя Шыпікава.

А мама прызнаецца, што больш за ўсё яе турбавала вучоба дачкі.


Ірына: Усё ж такі хочацца, каб дзіця атрымала вышэйшую адукацыю, добрую спецыяльнасць, прафесію, уладкавалася ў жыцці добра... Яна, вядома, вельмі старалася вучыцца добра, мяне не хацела засмучаць.

А дзяўчынка яшчэ і займалася харэаграфіяй, грала на фартэпіяна ў школе мастацтваў...

Ірына: Прыкладна год яна сумяшчала і тое, і іншае. Яна рабіла гэта дзеля мяне. Але давялося выбіраць.

Як выявілася, нездарма. У той час Дынару трэніраваў Андрэй Іваноў, чэмпіёнка вучылася ў Чавускай спартыўнай школе.

Ірына: Мы прынялі рашэнне, што яна павінная займацца біятлонам. Памятаю, як трэнер казаў мне, што вось, я яе толькі паставіў на лыжаролеры, а яна адразу паехала. Многіх дзяцей трэба вучыць, а яна быццам сто гадоў ездзіла.

Але нават пасля гэтага Ірыну Аляксандраўну раздзіралі сумневы.

Ірына: Калі ў нас з ёй адбылася размова, што выбраць — біятлон або вучобу, музыку, танцы, я спытала яе меркавання. І яна сказала мне: "Мама, я без біятлона не змагу". Я вельмі добра запомніла і да гэтага часу памятаю.

Сям'я ў Алімбекавых вялікая: разам з Дынарай чацвёра дзяцей. Учора ўвечары ў доме Ірыны Аляксандраўны сабралася радня — святкавалі алімпійскае золата.
Дома Алімбекава бывае рэдка, але пасля таго, як вернецца ў Беларусь, Дынара абяцала абавязкова прыехаць дадому.

Ірына: Яна пастаянна ў раз'ездах, дома бывае вельмі рэдка. Так, вельмі сумую. У нас бывае такое, што яна прыязджае дадому ў 7 гадзін вечара, а ўжо ў 7 раніцы вяртаецца назад. Таму на колькі яна прыедзе гэтым разам, я не магу сказаць.

У Мінску, па словах мамы, Дынара альбо здымае кватэру, альбо застаецца жыць у Раўбічах. Свайго жылля няма.

Ірына: У яе ж пастаянна зборы, не як у звычайнага чалавека: хачу — пайду на працу, хачу — не пайду. Праца такая. Калі яна прыязджае, мы, вядома, стол накрываем, але яна не есць таго, што мама прыгатуе. Яна заўсёды лёгкую ежу есць, салацікі, у іх свая дыета.

Ірына Аляксандраўна назірала за пераможнай эстафетай на мабільным тэлефоне.

Ірына: Калі яна ўжо прабегла свой этап, я пайшла дадому, адчула, што мне дрэнна і трэба піць таблеткі. Пазней яна напісала мне: маўляў, мам, дзякуй за віншаванні, мы потым з табой пагаворым, я вельмі радая. Пагаварылі мы ўвечары па вайберы. Казала, што не ўсведамляе да канца. Радасці ў яе шмат, але стамілася моцна. Потым ёй не спалася. У іх жа там на шэсць гадзін больш, мне таксама не спалася. І мы яшчэ раз пагаварылі.

Мама чакае дачку дадому хоць на некалькі гадзін і збіраецца прыехаць сустракаць яе ў аэрапорт.

Фота з  pressball.by

Дата стварэння навіны 24.02.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку