АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Прысуд Лябедзьку: трое сутак арышту і штраф

Прысуд Лябедзьку: трое сутак арышту і штраф
23.02.2018
У Жабінкаўскім судзе скончыўся разгляд справы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Палітыка абвінавачвалі ў кіраванні транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, а таксама ў непадпарадкаванні супрацоўнікам ДАІ.

Пра акалічнасці гэтай справы Беларускі партызан пісаў падрабязна.

 

Першае судовае пасяджэнне пад старшынствам суддзі Віктара Новіка скончылася пераносам разбіральніцтва. Лябедзька заявіў хадайніцтва аб праве на абарону, якое было задаволена.

 

Як і на першым судовым пасяджэнні, Віктар Новік дазволіў весці відэазапіс у зале суда, што нетыпова для судовай сістэмы Беларусі. У судзе знаходзіліся тэлекамеры дзяржаўных каналаў, піша Народная воля.

 

“Я абсалютна здаровы чалавек”

Пасяджэнне распачалося з апытання Лябедзькі. У ходзе свайго выступлення старшыня АГП прызнаў, што падчас інцыдэнту, які адбыўся 9 лютага, быў за рулём машыны. Таксама палітык прызнаў, што кіраваў транспартным сродкам з пратэрмінаванымі правамі, якія не мае магчымасці абмяняць. “Я гатовы прадставіць вам медыцынскае заключэнне, згодна з якім я абсалютна здаровы чалавек. З подпісамі і пячаткамі. Пасля таго як пра гэту сітуацыю распавялі дзяржаўныя СМІ, закрануўшы тэму майго стану здароўя, я быў вымушаны выкласці ўсе гэтыя дакументы ў адкрыты доступ”, – сказаў Лябедзька ў судзе.

 

Палітык зноў выказаў упэўненасць у тым, што “гэтую справу ад пачатку да канца вядзе КДБ”, таму спрабаваў пераканаць суд, што ў разбіральніцтве павінен удзельнічаць старшыня гэтай сілавой структуры Валерый Вакульчык. Беспаспяхова.

 

“Па ўсіх паказаннях у мяне няма ніякіх абмежаванняў для кіравання транспартным сродкам. Але ўрачы кулуарна сказалі мне, што рашэнне аб нявыдачы мне вадзіцельскіх правоў прымалі не яны. Гэта калізія для суда? Для англійскага суда – так, але не для суда ў Жабінцы. Фармальна я прызнаю гэты пункт. Толькі фармальна, бо да справядлівасці гэта не мае ніякага дачынення. Ведаеце, пры Гітлеры таксама была Канстытуцыя – і яўрэяў кідалі ў душагубкі паводле закона”, – выказаўся Лябедзька.

 

Высветлілася, што адразу пасля здарэння Лябедзька напісаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, палічыўшы, што яны нематывавана ўжылі да яго фізічную сілу, выцягваючы з машыны. Скарга так і засталася неразгледжанай, бо “напісана неразборліва”. Пра гэта Лябедзьку паведамілі афіцыйна.

 

“Міліцыянеры між сабой перашэптваліся, гаворачы слова “камітэтчыкі”…

У якасці сведкі ў судзе быў дапытаны аднапартыец Анатоля Лябедзькі Аляксандр Дабравольскі. У сваіх сведчаннях ён таксама адзначыў, што справай займаліся супрацоўнікі КДБ: “Я чуў, як міліцыянеры між сабой перашэптваліся, гаворачы слова “камітэтчыкі”, – адзначыў ён. – Калі людзьмі, якія ездзяць па дарогах, займаецца КДБ, гэта можа сведчыць пра тое, што яны альбо непрафесіяналы, альбо шкоднікі…”

 

З тлумачэннямі ў судзе выступіў супрацоўнік ДАІ Уладзімір Саўчук, які спыніў аўтамабіль з Лябедзькам за рулём. Паводле яго версіі, машына са старшынёй АГП была спынена з-за падазрэння ў тым, што транспартны сродак не прайшоў тэхагляд. Фізічная сіла і спроба забраць ключы з замка запальвання была ўжыта “ў сувязі з небяспекай для ўдзельнікаў дарожнага руху”. Акрамя таго, даішнікі высветлілі, што Лябедзька не мае права кіраваць транспартным сродкам. Пры гэтым супрацоўнік ДАІ пацвердзіў, што ніякай фізічнай пагрозы для яго з боку Лябедзькі ці Дабравольскага не было.

 

Падчас прагляду відэаматэрыялаў у судзе пазіцыі бакоў засталіся нязменнымі: даішнік Уладзімір Саўчук сцвярджаў, што спыніў Лябедзьку “з-за падазрэння ў парушэнні ім правілаў дарожнага руху”, Лябедзька ў сваю чаргу звяртаў увагу суда на тое, што фізічная сіла ў дачыненні да яго была ўжыта неабгрунтавана.

 

“Я не чуў лаянкі”

Падчас прагляду відэа здарыўся адзін абуральны эпізод: было вельмі выразна чутно, як супрацоўнік ДАІ Уладзімір Саўчук нецэнзурна лаецца. На заўвагу прысутных і самога Лябедзькі, што суд павінен даць прававую ацэнку пачутаму, старшыня судовага пасяджэння Віктар Новік сказаў як адрэзаў: “Я не чуў лаянкі”.

 

Рашэнне па справе Анатоля Лябедзькі было прынята тут жа, суддзі нават не спатрэбілася выходзіць у спецыяльны пакой. Лябедзька прызнаны вінаватым у кіраванні транспартным сродкам без правоў і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Яму прысудзілі штраф у памеры 50 базавых велічынь (1200 рублёў), а таксама трое сутак адміністрацыйнага арышту.

 

Праўда, за краты палітык не адправіцца. “Суткі” ён адбыў яшчэ ў чаканні першага дня судовага пасяджэння.

 

– Добра толькі тое, што я застаюся на волі, – сказаў пасля абвяшчэння прысуду Анатоль Лябедзька. – А само гэтае рашэнне, пабудаванае на лжэсведчаннях міліцыянтаў-брыдкасловаў, нічога агульнага з законам не мае.


Дата стварэння навіны 23.02.2018

Возврат к списку