АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

23 лютага – «100 год беларускага войска»? Трыумф невуцтва ідэолагаў

23 лютага – «100 год беларускага войска»? Трыумф невуцтва ідэолагаў
23.02.2018
Святкаванне 23-га лютага ў Беларусі мы можам назваць і памылкай, і злачынствам супраць беларускай дзяржавы, хто б ні кіраваў гэтай дзяржавай.

На здымку: Камуністычная дэлегацыя прыбывае на мірныя перамовы ў занятае нямецкімі войскамі Берасце ў 1918 годзе. Крыніца – wikipedia.org

 «Гэта горш, чым злачынства, гэта памылка», – словы, якія прыпісваюць даволі беспрынцыпнаму міністру замежных спраў Францыі Шарлю-Марысу дэ Талейрану. 

У загалоўку майго артыкулу – чыстая праўда, бо нам сапраўды прапануюць святкаваць 23 лютага 1918 году як дзень заснавання беларускай арміі.

 «У гэтыя дні Узброеныя Сілы Беларусі адзначаюць знакавую падзею, этапную дату – 100 год з дня іхнага заснавання», – піша афіцыйны орган Мінабароны «Беларуская вайсковая газета».

 

23 лютага адзначалася ў СССР камуністамі як дзень Чырвонай арміі, сапраўды. Аднак такое ўражанне, што нашыя дзяржаўныя ідэолагі, якія займаюцца вайсковай гісторыяй і гісторыяй 20-га стагоддзя, не толькі захраслі ў савецкіх міфах, але і жывуць дагэтуль у 1960-х гадах, не ведаючы пра з’яўленне інтэрнэту.

 

Любы падлетак, які рыхтуецца да прызыву, любы жаўнер і афіцэр зараз можа за адну хвіліну даведацца, што Чырвоная армія ў 1918 годзе ніякага дачынення да беларускай арміі не мела.

 

 У той час бальшавікі не планавалі нават стварэння марыянетачнай БССР, а камуністычныя часткі ваявалі супраць беларускай незалежнасці.

 

Гэтак, у снежні 1917 года амаль 2000 дэлегатаў з усёй Беларусі сабраліся на Першы ўсебеларускі зʼезд, які прызнаў неабходным стварэнне беларускай дзяржавы і абраў пастаянна дзеючыя органы беларускай улады – Раду і Выканаўчы камітэт зʼезду.

 Гэты зʼезд быў разагнаны вернымі бальшавікам войскамі, а ягоны Выканаўчы камітэт сышоў у падполле, дзе і рыхтаваўся да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 Прабачце, дык чаму ваяры беларускай арміі, якая зараз абараняе незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, павінны адзначаць дзень стварэння Чырвонай арміі, якая ваявала супраць беларускай незалежнасці і суверэнітэту?

У падтрыманне афіцыйнай версіі амаль цэлы год Ваен-ТБ Беларусі здымала фільм «Армія. 100 год гісторыі», якія асобнымі часткамі выкладваўся ў інтэрнэт.

 Скажам шчыра, вынік уражвае.

 У фільме дата звязваецца з «пачаткам масавага запісу добраахвотнікаў у Чырвоную армію», у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

 

«Да 23-га лютага наступ нямецкіх войск быў спынены… Атрымаўшы адпор, Нямеччына пайшла на чарговае перамірʼе», – кажа нам закадравы голас.

 

Што ж, паглядзім, як «быў спынены» наступ немцаў : 20 лютага бальшавікі пакінулі Полацк, 21-га – Рэчыцу і Воршу, 24-га немцы выбілі іх мінімальнымі сіламі з Пскова, 25-га бальшавікі пакінулі Барысаў, 1 сакавіка немцы занялі Гомель Чарнігаў і Магілёў.

 

«Я яшчэ не бачыў такой бязглуздай вайны. Мы вялі яе практычна на цягніках і аўтамабілях. Садзіш на цягнік некалькі пехацінцаў з кулямётамі і адной гарматай і едзеш да наступнай станцыі. Бярэш вакзал, арыштоўваеш бальшавікоў і едзеш далей, садзіш на цягнік зноў жаўнераў і едзеш далей», – пісаў пра гэтыя падзеі нямецкі генерал Макс Гофман.

 

«Армія кінулася бегчы, кідаючы ўсё», – пісаў пра гэтыя падзеі першы галоўнакамандуючы расейскай Чырвонай арміяй Мікалай Крыленка.

 

Такім чынам, немцы наступалі дастаткова паспяхова, і як раз 23 лютага не прасілі аб перамірʼі бальшавікоў, а прадставілі ім ультыматум з куды больш жорсткімі, чым раней, патрабаваннямі. Бо паступова і без асаблівых праблем білі камуністаў.

 

«Гэты тыдзень зʼяўляецца для партыі і ўсяго савецкага народу горкім, крыўдным, цяжкім, але неабходным… урокам», – пісаў Ленін 25 лютага. Па версіі Ваен-ТБ, гэта ён так радаваўся поспехам навастворанай Чырвонай арміі?

 І менавіта Уладзімер Ленін, заяўляючы, што галоўнае любым коштам уратаваць уладу, пераканаў сваіх аднапартыйцаў прыняць гэты ўльтыматум. У ноч на 24 лютага нямецкі ўльтыматум быў прыняты. Аднак нямецкі наступ працягваўся аж да 3 сакавіка – пакуль бальшавікі не падпісалі мірную дамову ў Берасці.

 

Такім чынам 23-га лютага 1918 году – гэта не дзень, калі бальшавікі спынілі наступ войск Нямецкай імперыі, гэта дзень, калі яны пагадзіліся аддаць пад кантроль немцаў Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, Фінляндыю. Гэта па сутнасці дзень капітуляцыі бальшавікоў перад Нямеччынай.

 

Вось такую «перамогу» нам прапаноўваюць святкаваць ідэолагі, які жывуць у савецкіх міфах.

 

Невуцтва, непрафесіяналізм ці..?

Прыемна, што ў Беларусі 23 лютага не зʼяўляецца, у адрозненні ад Расеі, выходным днём. Але сам гэты «святочны дзень» у Беларусі – ідэйная катастрофа, якая падрывае веру беларусаў у сваю дзяржаву.

 

Па-першае, нам прапануюць святкаваць стварэнне той сілы, якая выступала супраць беларускай дзяржавы. Менавіта супраць гэтай сілы вялі баі ў лютым 1918 году беларускія атрады, якія выбілі бальшавікоў з Менску і паднялі над горадам нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

 Хочацца вам святкаваць у лютым 100 год беларускай арміі? Святкуйце 19-га ці 20 лютага 1918 году – калі беларусы вызвалілі, няхай і на кароткі час, Менск ад бальшавікоў і стварылі першы Беларускі полк. Гэта і сапраўдная перамога, і сапраўднае зʼяўленне першай беларускай вайсковай адзінкі, якая ваявала за незалежнасць Радзімы.

 

Па-другое, таварышы прасавецкія дзяржаўныя ідэолагі, нават калі вы хлусіце, то хаця б хлусіце якасна, як сказаў бы вам аўтарытэтны ў гэтай справе Шарль Талейран.

 

Хлусня, якая элементарна абвяргаецца парай клікаў, гэта падрыў даверу і да вас, і да беларускай дзяржавы, прадстаўнікамі якой, як гэта ні сумна, пакуль яшчэ вы зʼяўляецеся.

 

Савецкія байкі пра 23 лютага як пра дату нараджэння беларускай арміі – гэта антыбеларуская і антыдзяржаўная прапаганда.

 

Трагікамедыя ад Ваен-ТБ

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Дата стварэння навіны 23.02.2018

Возврат к списку