АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

8-е месца са 180-ці: Беларусь у штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыі

8-е месца са 180-ці: Беларусь у штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыі
22.02.2018
У параўнаньні з мінулымі гадамі Беларусь палепшыла сваё становішча ў індэксе ўспрыняцьця карупцыі, які штогод публікуе міжнародная арганізацыя Transparency International. Сёлета гэтая арганізацыя адзначае сваё 25-годдзе.

У мінулым годзе Беларусь займала 79-е месца, два гады таму – 106-е месца. Сёлета сьпіс лідэраў і аўтсайдэраў індэксу амаль не зьмяніліся ў параўнаньні з мінулымі гадамі, краіны з самым нізкім узроўнем успрыманьня карупцыі – Новая Зэляндыя, Данія, Фінляндыя, Нарвэгія і Швайцарыя. У канцы сьпісу знаходзяцца Емэн, Аўганістан, Сырыя, Паўднёвы Судан і Самалі.

 

Індэкс вылічваецца паводле шкалы балаў ад 0 (самы высокі ўзровень успрыманьня карупцыі) да 100 (самы нізкі) на аснове незалежных апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў. Чым вышэйшы бал, тым бліжэйшае месца краіны ў індэксе да пачатку сьпісу.

 

 

Сёлета Беларусь мае 44 балы (летась мела 40, пазалетась – 32). Як адзначана ў сёлетнім дасьледаваньні Transparency International, сярэдняя колькасьць балаў сярод 180 краінаў сьвету – 43 балы, Беларусь прыкладна столькі ж і мае. Сярод краінаў Заходняй Эўропы сярэдні бал – 66, ад Даніі (2-е месца, 88 балаў) да Італіі (54-е месца, 50 балаў).

 

 

Краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы заўважальна саступаюць сваім заходнім суседзям. Беларусь апынулася прыкладна на адным узроўні з Баўгарыяй ( 71-е месца, 43 балы) і толькі крыху саступіла Вугоршчыне (66-е месца, 45 балаў).

 

 

Наступны графік паказвае дынаміку месца ў індэксе Беларусі і яе суседзяў.

 

 

За апошні год месца ў індэксе не зьмянілі Літва і Ўкраіна, пагоршылі Польшча і Расея, палепшылі Беларусь і Латвія.

 

Варта падкрэсьліць, што індэкс Transparency International – гэта індэкс менавіта ўспрыняцьця карупцыі, а не вымярэньне самой карупцыі. Экспэрты і насельніцтва могуць як востра і хваравіта ўспрымаць нават адносна невялікую карупцыю, гэтак і лічыць прымальнай і нармальнай нават высокую карупцыю.

 

Так што індэкс Transparency International – адлюстраваньне ня толькі рэальнага становішча з карупцыяй у той ці іншай краіне, але і яе культурных асаблівасьцяў і ўстановак у стаўленьні да карупцыі, інфармуе Свабода.


Дата стварэння навіны 22.02.2018

Возврат к списку