АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«З майго мужа робяць звера». Гутарка з жонкай арыштаванага ў справе Коржыча афіцэра

«З майго мужа робяць звера». Гутарка з жонкай арыштаванага ў справе Коржыча афіцэра
21.02.2018
Павел Сукавенка — адзіны афіцэр з Печаў, які застаецца фігурантам справы аб гібелі Аляксандра Коржыча. Свабода паразмаўляла з ягонай жонкай Маргарытай.

Павел Сукавенка (у цэнтры) падчас службы. Фота інфармацыйнага агенцтва "Ваяр".


 Паводле сьвежай інфармацыі са Сьледчага камітэту, у так званай «справе Аляксандра Коржыча» на гэты момант вылучаны тры крымінальныя справы (першапачаткова іх было 16) у дачыненьні трох вайскоўцаў. Яны абвінавачваюцца ў перавышэньні ўлады з прымяненьнем гвалту, а таксама ў перавышэньні ўлады, якое мела цяжкія наступствы (артыкул 455 частка 2 і 3 КК). Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства — 12 гадоў пазбаўленьня волі.

 

«Я люблю свайго мужа ў любым выпадку»

«Вазіла сёньня перадачу мужу. Ня ўсё ўзялі, але гэта таму, што я ня ведала нюансаў, — расказвае Маргарыта. — Ня першы раз перадачы важу на Валадарскага, але кожны раз нейкія нюансы ёсьць. Ня больш за 30 кіляграмаў на месяц, у пэўны час».

 

23-гадовы старшы лейтэнант Павел Сукавенка (новыя пагоны ён атрымаў усяго за некалькі месяцаў да гібелі Аляксандра Коржыча) за кратамі больш як чатыры месяцы. Яго затрымалі адным з апошніх, пасьля хвалі затрыманьняў сяржантаў і гучных заяў кіраўніка краіны. Разам з Сукавенкам быў затрыманы яшчэ адзін афіцэр зь Печаў — 28-гадовы капітан Вадзім Ч. Капітана адпусьцілі праз два тыдні, Сукавенка застаўся за кратамі і напісаў рапарт аб звальненьні з войска. Да затрыманьня ён камандаваў ротай, у якой разам з сотняй іншых навабранцаў служыў Аляксандар Коржыч.

 «Пра побытавыя ўмовы ў СІЗА Павел зусім нічога не піша. Пра пачуцьці свае, перажываньні, і ўсё, — расказвае жонка арыштаванага афіцэра. — Вядома, муж перажывае праз усю гэтую сытуацыю. Ён усяго сябе аддаваў службе, пастаянна быў на працы. У нас і сваркі ўзьнікалі праз гэта. Таму што Павел раніцай ішоў, увечары вяртаўся».

 

Пара пажаніліся тры гады таму, да шлюбу былі знаёмыя яшчэ чатыры гады. Пачалі сустракацца, калі Павел яшчэ быў курсантам акадэміі. Пасьля Маргарыта паехала за мужам у Барысаў, дзе маладая сям’я атрымала пакой у вайсковым інтэрнаце.

 

«На жаль, выйшла так, як выйшла. Я ня сьледчы і не судзьдзя, каб меркаваць, што там адбылося на самой справе. Але вельмі крыўдна, што з майго мужа робяць зьвера, — гаворыць Маргарыта Сукавенка. — Будзем чакаць рашэньня суду. Свайго мужа я ў любым выпадку люблю і ведаю, што такім, як яго цяпер апісваюць, ён ня быў».

 

«Пра трагедыю з Коржычам муж прасіў не распытваць»

Маргарыта Сукавенка гаворыць, што пра ход расьсьледаваньня справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча амаль нічога не ведае. Адвакат даў падпіску аб невыдаваньні, таму навіны яна даведваецца з інтэрнэту. Сьледчыя таксама нічога не расказваюць. Паміж днём, калі ў Печах знайшлі цела Аляксандра Коржыча, і днём затрыманьня яго ротнага афіцэра Паўла Сукавенкі прайшло два тыдні. Маргарыта расказвае, што ў апошнія дні перад затрыманьнем мужа часта дапытвалі.

 

«Пра тое, што адбылося ў частцы з Аляксандрам Коржычам, Павел амаль не гаварыў. Сказаў, што адбылася трагедыя, што знайшлі хлопчыка, — гаворыць Маргарыта. — А падрабязнасьцяў не расказваў. Пасьля гэтага Паўла часта выклікалі на допыты і ў Барысаў, і ў Менск. Можна сказаць, ён пастаянна быў на працы пасьля таго, што адбылося, дадому толькі начаваць прыходзіў. І то пастаянна яму нехта званіў. Я спрабавала даведацца падрабязнасьці, распытаць, што адбываецца, што зь ім будзе. Аднак Павел прасіў ні пра што не пытацца. Казаў, што яму і так хапае пытаньняў. Я не асабліва настойвала, разумела, што сытуацыя складаная».

 

«Праз тры дні нас выселілі з інтэрнату»

Неўзабаве пасьля затрыманьня Павел Сукавенка падаў рапарт аб звальненьні з войска. Яго жонка Маргарыта ня кажа, чаму муж прыняў такое рашэньне і наколькі самастойна ён яго прымаў. Але яно азначала новыя праблемы для маладой сям’і.

 

«Нас выселілі з інтэрнату праз тры дні пасьля таго, як Павел у СІЗА напісаў рапарт аб звальненьні з арміі. Такая працэдура, усё паводле закону, — расказвае Маргарыта. — Мы мусілі зьехаць, і, напэўна, нельга сказаць, што нас выкінулі на вуліцу. Увогуле, гэта ня вельмі зьвязана са справай Коржыча, ня думаю, што хацела б гаварыць пра свае ўласныя праблемы. Цяпер у мяне ўжо ўсё добра, мне ёсьць дзе жыць».

 

Акрамя побытавых праблем, першы час пасьля затрыманьня мужа Маргарыта Сукавенка адчувала псыхалягічны ціск. У першую чаргу ў сацсетках. Было шмат нэгатыўных паведамленьняў і камэнтароў. Цяпер іх стала менш, але цалкам не спыніліся.

 

«Не пагражаюць ужо, але ў сацсетках пэрыядычна прыходзяць пэўныя паведамленьні і камэнтары пад фотаздымкамі, — расказвае Маргарыта. — Ведаеце, вельмі складана на гэтую тэму гаварыць... Я бачыла, як муж ставіўся да службы, што для яго значыць афіцэрскае званьне, служба. Таму вельмі складана гэта абмяркоўваць. Вельмі крыўдна, што цяпер столькі дрэнных словаў у яго адрас».

 

Паводле жонкі арыштаванага ўжо былога ротнага афіцэра, асабліва крыўдна чытаць камэнтары пра тое, што афіцэры ў Печах нажываліся за кошт навабранцаў.

 

«Пішуць вельмі шмат няпраўды, таго, чаго наяве не было — гаворыць Маргарыта Сукавенка. — Нават не пра саму справу, не пра гібель Аляксандра Коржыча. Пра грошы пішуць, пра тое, што мы з мужам жылі на кватэрах і езьдзілі на шыкоўных машынах за кошт салдат. Гэта ўсё хлусьня. Я працавала ў Барысаве прадавачкай. У нас не было шмат грошай, самая звычайная машына, мы жылі ў інтэрнаце, у пакоі на 15 квадратных мэтраў. Часам з грашамі складана было. Усё, як ва ўсіх у наш час. І вельмі непрыемна чытаць камэнтары пра тое, што ў нас недзе ёсьць вілы».

 

Маргарыта Сукавенка ня хоча размаўляць аб яе ўласным бачаньні сытуацыі з абвінавачаньнямі супраць мужа і не адказвае на пытаньне аб магчымай датычнасьці да справы іншых афіцэраў, у тым ліку тых, хто быў вышэй па званьні за яе мужа.

 

«Ці не здаецца мне, што Паўла спрабуюць зрабіць крайнім у гэтай гісторыі? Я не магу некага абвінавачваць ці апраўдваць — кажа яна. — Я ня сьледчы і не судзьдзя. Хай разьбіраюцца кампэтэнтныя органы. Хацелася б, вядома, каб былі пакараныя тыя, хто сапраўды вінаваты».

 

Сьледзтва ў справе аб гібелі Аляксандра Коржыча набліжаецца да завяршэньня. У Сьледчым камітэце абяцаюць перадаць справу ў пракуратуру, а далей у суд прыкладна ў канцы сакавіка.


Дата стварэння навіны 21.02.2018

Возврат к списку