АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

"Падчас плебісцыту на касцёльнай званіцы ўсталявалі кулямёт". Да 130-годдзя Вінцэнта Гадлеўскага

"Падчас плебісцыту на касцёльнай званіцы ўсталявалі кулямёт". Да 130-годдзя Вінцэнта Гадлеўскага
20.02.2018
У пераліку адметных юбілеяў 2018-га года, побач са стагоддзем БНР, 180-годдзем Каліноўскага, 210-годдзем Дуніна-Марцінкевіча, стаіць яшчэ адна дата: 130 гадоў таму, у 1888 годзе нарадзіўся беларускі нацыяналіст і святар Вінцэнт Гадлеўскі.

 Менавіта гэтай асобе прысвечана новая кніга гісторыка і гродзенскага краязнаўцы Андрэя Вашкевіча.

 

Андрэй Вашкевіч займаецца галоўным чынам гісторыяй Гродна. Але сярод дзясятка напісаных і адрэдагаваных ім кніг маюцца таксама прысвечаныя беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху міжваеннага часу. Апошняй сярод іх стала біяграфія Вінцэнта Гадлеўскага, якая адкрывае новую кніжную серыю “Беларускія жыццяпісы”.

 

— Вы вядомы як гродзенскі краязнавец, даследчык гісторыі Гродна. Чаму зацікавіліся асобай Вінцэнта Гадлеўскага?

 

— З 2000 года я вывучаю гісторыю Беларускай хрысціянскай дэмакратыі міжваеннага часу. У прыватнасці, асобу ксяндза Адама Станкевіча. Выдаў нават кнігу пра яго, а таксама разам з гісторыкам Алесем Пашкевічам уклалі збор твораў Станкевіча пад назвай “З Богам да Беларусі” на амаль 1100 старонак. Вінцэнт Гадлеўскі быў своеасаблівам альтэр эга Адама Станкевіча, бліжэйшым сябрам і паплечнікам, а пасля і апанентам. Без даследавання ягонай асобы нельга вывучаць барацьбу за беларускую дзяржаўнасць у ХХ ст.

 

— Чым гэты святар адрозніваўся ад сваіх сучаснікаў?

 

— Ён быў самым рашучым прыхільнікам беларусізацыі касцёльнага жыцця і самым рашучым паслядоўнікам беларускай ідэі сярод нашых святароў. Не баяўся ні бальшавікоў, ні палякаў ні немцаў.

 

— Як вы лічыце, чаму падчас набажэнстваў ён стаў карыстацца беларускай мовай, і як гэта ўспрымалі вяскоўцы?

 

— Бо хацеў, каб людзі добра разумелі Божае Слова. Людзі ўспрымалі гэтую ініцыятыву з вялікай удзячнасцю. Але польскія ўлады задушылі гэтую справу. Пра гэта шмат напісана ў маёй кнізе.

 

— Які ўнёсак Вінцэнта Гадлеўскага ў дзейнасць БНР, стагоддзе якой мы будзем адзначаць 25 сакавіка?

 

— Вінцэнт Гадлеўскі быў сябрам Рады БНР. Але на час яе стварэння ён больш працаваў з людзьмі і ў вялікую палітыку не лез. Як асоба Гадлеўскі стаў папулярны ўжо ў 1920-х гг., калі яго пачалі пераследаваць польскія ўлады.

 

— А чаму да Вінцэнта Гадлеўскага, заснавальніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, польскія ўлады ў міжваенны час ставіліся дрэнна?

 

— Таму што разумелі, што калі католікі перастануць лічыць сябе палякамі і сфарміруюць беларускую нацыянальную свядомасць – другой Рэчы Паспалітай на нашых землях будзе канец. Дзейнасць Гадлеўскага, як і дзейнасць іншых беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў рашуча спынялася пад абсурднымі нагодамі. Напрыклад хадэкаў абвінавачвалі ў тым, што яны схаваныя камуністы і прыхільнікі СССР.

 

Праціўнікі асобы Вінцэнта Гадлеўскага кажуць пра яго супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі падчас другой сусветнай вайны. Чым святар займаўся ў гэты час?

 

— У гады вайны Вінцэнт Гадлеўскі працаваў галоўным школьным інспектарам. Ствараў беларускія школы і іншыя навучальныя ўстановы. Таксама гуртаваў беларусаў у розных напаўлегальных структурах.

 

— З-за чаго ён пайшоў на супрацоўніцтва з немцамі і чаму змяніў сваю пазіцыю? Да чаго ў выніку гэта прывяло?

 

— Ён прыйшоў да лагічнай высновы, што ні бальшавікі, ні палякі, ні заходнія саюзнікі ніколі не паставяць на парадак дня беларускае пытанне. Таксама ён ведаў, што хутка пачнецца страшная вайна. Таму хацеў, каб беларусы ў меру магчымасцей скарысталіся сітуацыяй, узброіліся і паспрабавалі пераўтварыцца з суб’екта ў аб’ект палітычнага працэсу… Гадлеўскі быў забіты немцамі ў снежні 1942 года ў Трасцянцы.

 

— І чым можа быць біяграфія Вінцэнта Гадлеўскага павучальная для беларусаў і ў чым яе актуальнасць менавіта цяпер?

 

— Гадлеўскі хацеў каб беларусы былі РАЗАМ. Каб не выносілі свае сваркі для іншых, каб разам баранілі незалежнасць, гуртаваліся і мацавалі нацыянальную свядомасць. Відавочна, што і цяпер свет ідзе да новай вялікай вайны. Беларусы запраста могуць апынуцца ў падобнай сітуацыі. Вось чаму ідэі Гадлеўскага настолькі акутальныя.

 

— Колькі часу заняла праца над гэтай кнігай?

 

Над кнігай працаваў каля года, але некаторыя яе кавалкі былі напісаныя амаль дзесяць гадоў таму. У кнігу трапілі матэрыялы з дзясятка архіваў. Некаторыя ўпершыню, напрыклад, вытрымкі з турэмнага дзённіка Вінцэнта Гадлеўскага.

  

Кніга Андрэя Вашкевіча выйшла накладам у 300 асобнікаў у выдавецтве “Янушкевіч”.

 

Даведка «Народнай Волі»:

 

Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада 1888 года ў вёсцы Шурычы Ваўкавыскага павету. Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі і Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі. У 1917 годзе быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт і ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе. У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады БНР, быў адным з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выступаў за правядзенне набажэнстваў на беларускай мове, служыў пробашчам касцёла ў мястэчку Жодзішкі Свянцянскага павету. Выбар мовы набажэнства паміж беларускай і польскай дайшоў нават да плебісцыту, падчас якога польскія ўлады ўсталявалі кулямёт на касцёльнай званіцы, каб атрымаць неабходны вынік.

 

Але Гадлеўскі здолеў не давесці сітуацыю да крыві. Яго неаднаразова арыштоўвалі польскія ўлады, а ў 1927 годзе ўвогуле пасадзілі ў турму на 2 гады.

 

Гадлеўскі перакладаў рэлігійныя тэксты на беларускую мову, у тым ліку Новы Запавет, і напісаў у 1932 годзе падручнік “Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону”.

 

З пачаткам другой сусветнай вайны заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю, а ў чэрвені 1941 года стварыў у Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр. Падчас нямецкай акупацыі займаўся стварэннем беларускіх школ, адначасова ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самадапамогі. Праводзіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску. З-за крытыкі нямецкіх акупацыйных уладаў у дачыненні да беларусаў быў арыштаваны і 24 снежня 1942 года закатаваны ў канцлагеры Трасцянец.

па інф. Народной волі


Дата стварэння навіны 20.02.2018
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку